Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" заклікала ЦВК Грузіі перагледзець рашэнне аб акрэдытацыі Ярмошынай у якасці назіральніцы

15.09.2021

Праваабаронцам стала вядома, што Цэнтральная выбарчая камісія Грузіі акрэдытавала на мясцовыя выбары, якія пройдуць 2 кастрычніка, у якасці міжнародных назіральнікаў групу прадстаўнікоў ЦВК Беларусі, і ў прыватнасці, старшыню Цэнтравыбаркаму Лідзію Ярмошыну. У сувязі з гэтым прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" звярнуліся ў Цэнтравыбаркам Грузіі і заклікалі перагледзець прынятае рашэнне і тым самым аказаць падтрымку народу Беларусі, які імкнецца да дэмакратычных пераўтварэнняў.

"Мы, прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", былі вельмі здзіўленыя і расчараваныя рашэннем Цэнтральнай выбарчай камісіі Грузіі запрасіць у якасці міжнародных назіральнікаў чальцоў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, і ў прыватнасці, яе старшыню Лідзію Ярмошыну", – адзначаюць праваабаронцы.

Прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" нагадалі, што, пачынаючы з 1996 года, усе выбары, якія праводзіліся ў Рэспубліцы Беларусь, былі прызнаныя АБСЕ не адпаведнымі міжнародным абавязанням Беларусі ў галіне сумленных і свабодных выбараў. У прыватнасці, выбарчы працэс па выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года, арганізаваны ЦВК Беларусі, на ўсіх яго этапах не адпавядаў шэрагу асноўных міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і справядлівых выбараў і суправаджаўся шматлікімі парушэннямі гэтых прынцыпаў і патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства. Фальсіфікацыя вынікаў галасавання пры папушчальніцтве ЦВК Беларусі выклікала шырокую хвалю пратэстаў і прывяла краіну да палітычнага крызісу, які працягваецца да цяперашняга часу.

Акрамя гэтага, праваабаронцы адзначылі, што некаторыя чальцы ЦВК і яе старшыня Лідзія Ярмошына ўключаныя ў санкцыйныя спісы Еўрапейскага Саюза, ЗША, Вялікабрытаніі і шэрагу іншых дзяржаваў у якасці меры адказнасці за ўдзел у фальсіфікацыях выбараў і дзеяннях, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў Беларусі.

"Пры такіх акалічнасцях запрашэнне прадстаўнікоў ЦВК Беларусі і яе старшыні Лідзіі Ярмошынай для ўдзелу ў назіранні за мясцовымі выбарамі ў Грузіі з'яўляецца недапушчальным і па сутнасці будзе азначаць падтрымку грузінскімі інстытутамі, у першую чаргу, ЦВК Грузіі, фальсіфікацый вынікаў галасавання на выбарах у Беларусі, да якіх маюць непасрэднае дачыненне запрошаныя беларускія службовыя асобы", – заявілі праваабаронцы.

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" заклікала прадстаўнікоў ЦВК Грузіі перагледзець прынятае рашэнне і тым самым аказаць падтрымку народу Беларусі, які імкнецца да дэмакратычных пераўтварэнняў.

Дапоўнена. ЦВК Беларусі заявіў, што Ярмошына не будзе назіраць на выбарах у Грузіі.

"На самой справе назіральнікамі на гэтыя муніцыпальныя выбары едуць два супрацоўнікі апарата камісіі. Інфармацыя не дакладная, яна не адпавядае рэчаіснасці. Лідзія Міхайлаўна нікуды не едзе і нават не планавала", — распавялі ў ЦВК.

 "Праваабаронцы за свабодныя выбары"