10 верасня ў Вярхоўным Судзе пройдзе папярэдняе судовае паседжанне па іску аб ліквідацыі Беларускага Хельсінкскага Камітэта.
7 верасня БХК атрымаў з Вярхоўнага Суда ліст з іскавай заявай Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі арганізацыі. Падставай для ліквідацыі, на думку Мінюста, паслужыла здзяйсненне БХК "грубага парушэння заканадаўства".
Паводле іскавай заявы, Міністэрствам юстыцыі ў выніку следчых дзеянняў па неназванай крымінальнай справе былі атрыманы дакументы ў дачыненні да 2 асоб, якім БХК нібыта аплаціў ганарары за «паслугі па доўгатэрміноваму назіранню за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2020 года». У пацверджанне гэтага Мінюст прыклаў да іскавай заявы копіі 6 дакументаў: дамоваў, прыходна-касавых ордэраў і прыёма-перадатачных актаў.
БХК невядома, аб якой крымінальнай справе і ў дачыненні да каго ідзе гаворка.
Відавочна, што выкарыстоўваць матэрыялы крымінальнай справы, якія яшчэ не ацэньваліся судом у рамках судовага разбору па крымінальнай справе, неправамерна.
Кажучы юрыдычнай мовай, калі Вярхоўны Суд прызнае, што дадзеныя дакументы, прычым толькі ў копіях, адпавядаюць рэчаіснасці, то гэтае рашэнне будзе мець прэюдыцыйнае значэнне для крымінальнай справы, у якой знаходзяцца гэтыя дакументы і па якім абвінавачваюцца канкрэтныя асобы.
Прэюдыцыя – абавязковасць для ўсіх судоў, якія разглядаюць справу, прыняць без праверкі доказаў факты, раней устаноўленыя ўступіўшым у законную сілу судовым рашэннем па іншай справе. Г.зн. гэта рашэнне будзе абавязковым для іншага суда па крымінальнай справе.
Такім чынам, рашэнне Вярхоўнага Суда па справе аб ліквідацыі Беларускага Хельсінкскага Камітэта можа парушыць права на абарону людзей, якія праходзяць па крымінальнай справе.