Эксперты Беларускага Хельсінкскага Камітэта накіравалі Спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытанні аб праве кожнага чалавека на найвышэйшы дасяжны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя інфармацыю ў сувязі з абвешчаным ім заклікам да арганізацый грамадзянскай супольнасці ва ўсім свеце прадставіць інфармацыю для падрыхтоўкі свайго тэматычнага даклада «Гвалт і яго ўплыў на права на здароўе» для 50-й сесіі Рады ААН па правах чалавека, якая адбудзецца ў чэрвені 2022 года.
У накіраванай справаздачы, акрамя агульнай інфармацыі, якая тычыцца заканадаўчага вызначэння гвалту і яго формаў, а таксама статыстычных дадзеных аб тым, хто часцей за ўсё з'яўляецца ахвярай гвалту і якім чынам дзяржава абараняе гэтых ахвяр, былі асветлены дадзеныя па здзяйсненні гвалту ў дачыненні да пэўных груп насельніцтва (жанчыны, мужчыны, дзеці, прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці і інш.). Была таксама абгрунтавана ўзаемасувязь палітычнай абстаноўкі з павялічэннем паказчыкаў міліцэйскага гвалту. У кантэксце права на найвышэйшы дасягальны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя былі адзначаны шматлікія парушэнні Рэспублікай Беларусь сваіх міжнародных абавязацельстваў, у сувязі з чым людзі аказваюцца ва ўразлівым становішчы і не маюць магчымасці атрымаць падтрымку і абарону ад дзяржавы.
Таксама ў дакладзе пазначаны найбольш вядомыя выпадкі прымянення гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў, пачынаючы са жніўня 2020 г., у тым ліку фізічны гвалт пры затрыманнях і жорсткае абыходжанне са зняволенымі, арыштаванымі па палітычных матывах, псіхалагічны гвалт у дачыненні да людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і іх дзяцей, выпадкі харассмента прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці і жанчын пры затрыманнях. У дакладзе адзначана, што гвалт з боку сілавікоў Беларусі не мае нейкай канкрэтнай мэтавай групы, бо накіраваны на ўсіх, хто выказваецца супраць дзейнага палітычнага рэжыму, незалежна ад іх полу, узросту, расы, сэксуальнай арыентацыі і г.д. У дакладзе таксама адзначаецца інтэрсекцыйнасць такога гвалту: чым да большай колькасці ўразлівых груп належыць чалавек, тым большая верагоднасць таго, што гвалт у дачыненні да яго будзе асабліва жорсткім.
Асобна БХК звярнуў увагу на адсутнасць у Беларусі спецыяльнага закона супраць хатняга гвалту, а таксама на неэфектыўнасць і недастатковасць мер, прынятых урадам для забеспячэння абароны і бяспекі патэнцыйных ахвяр хатняга гвалту. Акрамя таго, дакумент змяшчае дадзеныя аб гвалце ў адносінах да мужчын і людзей з інваліднасцю, у тым ліку статыстычныя.