Накіравалі Спецыяльнаму дакладчыку па Беларусі даклад аб парушэнні правоў чалавека ў сферы працы

17.06.2025

Каротка:

  • легалізацыя ідэалагічнага ціску на працоўных месцах,
  • заканадаўчыя “фільтры” для нелаяльных,
  • выкарыстанне рэпрэсіўных адміністрацыйных практык, накіраваных на ўзмацненне кантролю над работнікамі, аказанне ціску на іх, а таксама «адсейванне» тых, хто ўспрымаецца як нелаяльны,
  • фактычна з'яўляецца дыскрымінаваная група людзей, якая паступова выцясняецца з рынку працы і грамадскага жыцця.

Фокусам будучага дакладу Спецыяльнага дакладчыка па Беларусі, які будзе прадстаўлены на 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі ў кастрычніку 2025 года, стане сітуацыя з правамі чалавека ў сферы працы. Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіраваў Спецдакладчыку свой даклад аб палітызацыі рэгулявання сферы працы, у прыватнасці — пра рэпрэсіўнае заканадаўства і адміністрацыйныя практыкі.

Мы апісалі апошнія заканадаўчыя змены, скіраваныя на агульную легалізацыю ідэалагічнага ціску на працоўных месцах, а таксама на абмежаванне доступу да пэўных прафесій з палітычных меркаванняў. Да такога рэгулявання адносяцца дырэктыва А. Лукашэнкі № 12, асобны раздзел якой прысвечаны ўдасканаленню “ідэалагічнай работы” ў працоўных калектывах, і дырэктыва № 11, якая стварае аснову для забеспячэння “ідэалагічнай адпаведнасці” дзяржаўных служачых.

Мы таксама распавялі пра заканадаўчыя “фільтры”, якія выключаюць тых, каго ўлады ўспрымаюць як нелаяльных (у тым ліку асоб, раней асуджаных за “экстрэмісцкія” злачынствы): забарона на працу з дзецьмі, патрабаванні лаяльнасці, уведзеныя для гідаў і перакладчыкаў, касманаўтаў і натарыусаў, а таксама прапанаваныя для самазанятых і часовых (антыкрызісных) кіраўнікоў; акрамя таго, абмежаванні для дзяржаўных служачых і дыпламатаў, звязаныя з наяўнасцю ў іх замежных дакументаў.

У дакладзе мы таксама звярнулі ўвагу на такія рэпрэсіўныя адміністрацыйныя практыкі, як звальненні па палітычных матывах і адмову ў прыёме на працу; сістэму тэрміновых працоўных дамоваў як механізм кантролю і ціску на работнікаў; увядзенне пасады “намесніка па бяспецы” ў дзяржаўных установах з шырокімі паўнамоцтвамі ў галіне кадравай палітыкі; умяшанне ў прыватнае жыццё работнікаў праз праверку асабістых смартфонаў, маніторынг паездак у “недружалюбныя краіны”, ціск у сувязі з наяўнасцю ў работнікаў або іх сваякоў замежных дакументаў; прымус работнікаў да ўступлення ў праўладныя палітычныя партыі. Акрамя таго, мы падкрэслілі, што агульная сістэмная палітыка пераследу прыводзіць да лакальных рэпрэсіўных ініцыятыў і адзначылі тэндэнцыю ўцягвання прыватнага сектара ў парушэнні правоў работнікаў.

Апісаныя намі заканадаўства і адміністрацыйныя меры парушаюць такія фундаментальныя правы, як свабода выказвання меркаванняў, асацыяцый і сходаў. Такім чынам, дзяржава працягвае караць грамадзян за законны палітычны выбар, зроблены пяць гадоў таму, за актыўны ўдзел у палітычным і грамадскім жыцці, у тым ліку праз выказванне свайго меркавання ў розных формах.

Аднак гэтае рэгуляванне сур’ёзна парушае і права на працу, уключаючы роўны доступ да працы і забеспячэнне справядлівых і спрыяльных умоваў працы без дыскрымінацыі. Выкарыстанне “лаяльнасці” як асноўнага крытэрыя фактычна прыводзіць да з’яўлення дыскрымінаванай групы людзей, якія паступова выцясняюцца з рынку працы і грамадскага жыцця.

Гэта пазбаўляе іх доступу да многіх прафесій, не толькі абмяжоўваючы выбар сферы дзейнасці, але і часта пазбаўляючы рэальных магчымасцяў працаўладкавання, а значыць — сродкаў да існавання, асабліва ў сельскай мясцовасці і невялікіх гарадах. Іншыя вымушаныя практыкаваць самацэнзуру і грэбаваць належным выкананнем сваіх прафесійных абавязкаў, каб пазбегнуць звальнення або пераследу.

У выніку пагаршаецца доступ насельніцтва да кваліфікаваных спецыялістаў і базавых паслуг, уключаючы якасную ахову здароўя, адукацыю, прававую дапамогу і іншыя сферы.

Таксама сумесна з іншымі праваабарончымі арганізацыямі і Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў быў падрыхтаваны кааліцыйны даклад.

Кааліцыйны даклад звяртае ўвагу на такія праблемы, як: фактычная ліквідацыя свабоды аб’яднанняў і незалежных прафсаюзаў; пераслед актывістаў і дыскрымінацыя работнікаў па палітычных, гендарных і іншых прыкметах; шырокае прымяненне прымусовай працы; парушэнне правоў жанчын і ўразлівых груп, у тым ліку асоб з інваліднасцю і былых палітвязняў; істотнае пагаршэнне незалежнасці адвакатуры, што, у сваю чаргу, вядзе да абмежаванай магчымасці атрымання юрыдычнай дапамогі. Даклад таксама ўздымае пытанне сістэматычнага ўхілення Беларусі ад выканання міжнародных абавязацельстваў у галіне працоўных правоў, у тым ліку шматгадовага ігнаравання рэкамендацый Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) і выхаду з шэрагу міжнародных дагавораў, што гарантавалі абарону правоў работнікаў.