Нам 25! Расказваем, над чым працуем сёння

2.11.2020

25 гадоў таму — 1 лістапада 1995 года — Мінюст зарэгістраваў праваабарончую арганізацыю Беларускі Хельсінкскі Камітэт. Усе гэтыя гады мы працуем дзеля таго, каб правы чалавека былі важнай часткай правілаў гульні ў краіне.

Што гэта значыць? Мы стараемся абараняць не толькі правы канкрэтнага чалавека ці групы людзей, але і права як каштоўнасць. Менавіта права як каштоўнасць не адчуваецца ў паўсядзённым жыцці — прынамсі, пакуль не адбываецца калапс або поўная дэвальвацыя права.

Цягам гэтых год мы спрабавалі "падлатаць" дзіркі ў нашым законе і правапрымяняльнай практыцы. На жаль, гэта патрабуе сапраўды вялікіх высілкаў.

Напрыклад, 5 гадоў мы працавалі над тым, каб у Крымінальна-працэсуальны кодэкс была ўнесена папраўка, паводле якой сведкі могуць рэалізаваць права на адваката. Раней у КПК права сведкі на адваката не было зафіксавана.  Нядобрасумленныя следчыя выклікалі чалавека ў статусе сведкі, не дапускалі да яго адвакатаў, бралі паказанні, а потым на іх падставе пераводзілі ў статус падазраванага. Яшчэ раз — працэс расцягнуўся на 5 гадоў.

А вось іншы прыклад. Мы ўжо некалькі гадоў працуем, каб дапамагчы людзям, якія застаюцца без пенсій праз тое, што дзяржава змяніла ўмовы страхавога стажу — так званая пенсійная пастка. Дзякуючы нам становішча некаторых груп палепшылася, але на самой справе над тэмай яшчэ давядзецца працаваць і працаваць…

Распавядзем пра нашу працу ў гэтыя дні.

Па-першае, зараз мы надаем шмат увагі тэме бізнесу і правоў чалавека. Бізнес — гэта буйны сацыяльны актар, які ў рамках здабывання прыбытку мае абавязацельствы перад работнікамі, кліентамі і супольнасцямі. Аднак многія бізнэсы сёння апынуліся не гатовымі выконваць абавязацельствы ў галіне правоў чалавека. Цяпер мы гаворым пра тое, як кампаніі рознай формы ўласнасці звальняюць супрацоўнікаў, пераследуюць за актыўнасць у абароне правоў, адмаўляюцца дапамагаць кліентам і супольнасцям ў захаванні здароўя (напрыклад, калі прадпрыемствы не пускаюць да сябе падчас збіцця) і т.д. З гэтым мы і працуем: тлумачым, як выглядае стандарт у галіне правоў чалавека, расказваем, як укараніць карпаратыўныя практыкі, збіраем дадзеныя для міжнародных партнёраў (напрыклад, для банкаў, якія крэдытуюць мясцовыя бізнэсы), шукаем шляхі "прыціснуць" нядобрасумленных гульцоў... Дарэчы, у нас ёсць выдатны гайд па бізнесе і правах чалавека.

Па-другое, мы актыўна выкарыстоўваем міжнародныя механізмы для абароны правоў чалавека і дапамагаем іншым ініцыятывам карыстацца імі. Сярод такіх механізмаў звароты да спецдакладчыкаў, руцінныя даклады ў сістэме ААН і г.д.  Гэта важная праца, дзякуючы яркой праблемы людзей у Беларусі трапляюць у фокус міжнароднай супольнасці. На гэтай інфармацыі грунтуюцца рэкамендацыі краіне, рэзалюцыі, і яна ўплывае на размеркаванне міжнароднай фінансавай дапамогі.

Трэцяе — мы дапамагаем юрыдычнай супольнасці. Інфармуем міжнародныя механізмы, каб абараніць адвакатаў. Прадстаўляем свае экспертныя паслугі ў галіне правоў чалавека.

Нарэшце, разам з усімі нашымі рэгіянальнымі прадстаўнікамі мы працуем з пацярпелымі людзьмі. Мы кансультуем тых, каму патрэбна менавіта прававая дапамога. Таксама мы збіраем дадзеныя пра пацярпелых дзяцей і на іх падставе нашы партнёры аказваюць і псіхалагічную, і іншыя віды дапамогі.

Сёння мы хочам сказаць дзякуй усім нашым сем'ям, журналістам, партнёрам, кліентам, сябрам арганізацыі і сябрам у сацсетках, якія падтрымліваюць нас. Без вас мы б ніколі не далі рады!