Цягам апошніх дзён улады затрымалі і адправілі ў следчыя ізалятары трох беларускіх журналістак, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі.
Журналістка партала TUT.BY Кацярына Барысевіч была затрыманая 19 лістапада ў сувязі з крымінальнай справай аб нібыта раскрыцці медыцынскай таямніцы збітага да смерці Рамана Бандарэнкі (ч.3 арт. 178 КК ). Яна прывяла ў артыкуле словы лекара аб адсутнасці ў крыві Рамана алкаголю, што супярэчыла заявам прадстаўнікоў уладаў.
Журналісткі тэлеканала "Белсат" Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дар'я Чульцова сталі фігуранткамі крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), пасля прамога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на «плошчы пераменаў» у Мінску 15 лістапада.
У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем, што пераслед журналістак з боку беларускіх уладаў звязаны з выключна мірным ажыццяўленнем абвінавачанымі свабод, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека – свабоды выказвання свайго меркавання, свабоды слова і права на інфармацыю.
У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі адвольным і палітычна матываваным, а саміх журналістак палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:
- Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Кацярыны Барысевіч, Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
- Неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў";
Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";
Ініцыятыўнай група "Ідэнтычнасць і права";
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";
Беларускі Дакументацыйны цэнтр;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
РГА "Прававая ініцыятыва”.