Патрабуем спыніць кампанію па знішчэнню арганізацый грамадзянскай супольнасці

23.07.2021
Выказваем свой рашучы пратэст супраць кампаніі па ціску і пераследу арганізацый грамадзянскай супольнасці, кіраўнікоў і актывістаў арганізацый і ініцыятыў, якая працягваецца ў Беларусі. З пачатку года ў Беларусі праведзеныя дзясяткі ператрусаў у офісах НКА і ў кватэрах актывістаў. У апошнія дні ўлады прынялі захады па ліквідацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці. У прыватнасці, вядома, што ў працэсе ліквідацыі знаходзяцца найстарэйшыя беларускія арганізацыі – Беларускі ПЭН-цэнтр і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Да цяперашняга часу вядома аб ліквідацыі дзясяткаў некамерцыйных арганізацый. Пераважная большасць арганізацый ліквідуецца без прад'яўлення якіх-небудзь прэтэнзій з боку кантралюючых органаў, без папярэдняга паведамлення і ў адсутнасць магчымасці аспрэчыць рашэнне аб ліквідацыі. Варта адзначыць, што большасць арганізацый, якія ліквідуюцца, мелі партнёрскія сувязі як з дзяржаўнымі органамі, так і з міжнароднымі арганізацыямі. Многія арганізацыі працавалі ў рамках праграм па ўстойлівым развіцці на цэнтральным і рэгіянальным узроўнях, уносілі важкі ўклад у развіццё беларускага грамадства, аказвалі прававую і іншую дапамогу людзям, дапамагалі дзяржаве бачыць праблемы ўразлівых груп і вырашаць іх. Дадзеная кампанія, відавочна, накіраваная на поўную ліквідацыю трэцяга сектара, татальнае знішчэнне любой грамадзянскай актыўнасці, падаўленне любой ініцыятывы. Такія дзеянні з'яўляюцца абуральным парушэннем міжнародных абавязальніцтваў Рэспублікі Беларусь у галіне свабоды асацыяцый і выказвання меркавання. Як адзначаецца ў кіруючых прынцыпах па свабодзе асацыяцый, распрацаваных БДІПЧ АБСЕ, свабода асацыяцый – гэта права чалавека, жыццёва неабходнае для функцыянавання дэмакратыі, а таксама найважнейшая ўмова рэалізацыі іншых асноўных свабод. Акрамя гэтага, асацыяцыі часта адыгрываюць важную станоўчую ролю ў дасягненні мэтаў, якія адказваюць інтарэсам грамадства. Мы патрабуем спыніць кампанію па знішчэнню арганізацый грамадзянскай супольнасці, па запалохванню і пераследу актывістаў, па татальнаму падаўленню свабоды выказвання меркаванняў. Мы заклікаем міжнародныя арганізацыі публічна выказаць сваю ацэнку дзеянням уладаў, выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы для аказання ўплыву на змяненне сітуацыі, якая склалася, а таксама працягваць аказваць падтрымку арганізацыям грамадзянскай супольнасці Беларусі. На момант публікацыі заяву падпісалі наступныя арганізацыі: РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"; Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава; Праваабарончы цэнтр "Вясна"; РГА "Прававая ініцыятыва"; Беларускі дакументацыйны цэнтр; Беларускі ПЭН-цэнтр.

Мы выкарыстоўваем cookies, каб палепшыць ваш карыстальніцкі вопыт.

This site uses cookies to offer you a better browsing experience. Clicking on more information