Паведамілі Спецдакладчыку ААН аб новым законапраекце па экстрэмізму і іншых законапраектах і ідэях, накіраваных на абмежаванне правоў чалавека

24.02.2021

Беларускі Хельсінкскі Камітэт звярнуўся да Спецдакладчыкаў ААН па свабодзе меркаванняў, асацыяцый, па пытаннях заахвочвання і абароны правоў чалавека і асноўных свабод ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам і па Беларусі ў сувязі з новым законапраектам «Аб змяненні законаў па пытаннях процідзеяння экстрэмізму».  

Мы адзначылі, што гэты законапраект не быў апублікаваны на афіцыйным прававым сайце pravo.by і не прайшоў працэдуру грамадскіх абмеркаванняў. 

Мы лічым, што дадзены законапраект непасрэдна закране права на свабоднае выказванне меркаванняў, права на мірныя сходы і на свабоду асацыяцый. 

Акрамя таго, мы паведамілі, што гэты законапраект — адзін з серыі заканадаўчых ініцыятыў, накіраваных на абмежаванне правоў чалавека. На сённяшні дзень у парламенце разглядаецца законапраект «Аб недапушчэнні гераізацыі нацызму», які можа юрыдычна замацаваць забарону на выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга, а таксама стварыць пагрозу судовага пераследу за гістарычныя дыскусіі. Акрамя таго, абмяркоўваецца ідэя прыняць закон аб замежных агентах па аналогіі з РФ. 

Мы просім тэматычных спецыяльных дакладчыкаў звярнуцца да Ураду Рэспублікі Беларусь і запытаць дадатковую інфармацыю пра гэты і іншыя законапраекты, накіраваныя на абмежаванне правоў і свабод чалавека, мэты іх прыняцця і магчымы негатыўны ўплыў на рэалізацыю правоў чалавека.