План Савета Еўропы для Беларусі, распрацаваны ў супрацоўніцтве з Кантактнай групай

2.02.2023

Савет Еўропы (СЕ) апублікаваў план па падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл, які складаецца з 15-ці пунктаў, уключаючы розныя мерапрыемствы, трэнінгі па правах чалавека, семінары па Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека, якія будуць праведзеныя пад эгідай СЕ для прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці.

Эксперты БХК называюць гэты план цалкам добрым інструментарыем для грамадзянскай супольнасці і асабліва для прафесійнай юрыдычнай супольнасці. Гэтыя інструменты дапамогуць беларускім юрыстам падрыхтаваць і сябе, і прававую сістэму Беларусі да інтэграцыі ў Савет Еўропы і да гарманічнага існавання ў прасторы еўрапейскіх стандартаў у цэлым.

План быў распрацаваны сумесна з Кантактнай групай Савета Еўропы па Беларусі.

Рэкамендуем прачытаць«Супрацоўніцтва з Саветам Еўропы захавае ўзаемадзеянне з беларускім грамадствам, нават калі ўлады не гатовыя выконваць еўрапейскія стандарты».

Што запланавана (поўны спіс тут):

● прасоўванне стандартаў Савета Еўропы па правах чалавека і вяршэнству права;

● узмацненне палітычнага дыялогу. А менавіта: забеспячэнне ўдзелу прадстаўнікоў многіх дэмакратычных сілаў Беларусі ў адпаведнай дзейнасці камітэтаў Асамблеі і актывізацыя ўзаемадзеяння Асамблеі з беларускай грамадзянскай супольнасцю, праваабаронцамі, незалежнымі журналістамі і навуковымі коламі.

● дапрацоўка з удзелам экспертаў Савета Еўропы канцэпцыі нацыянальнага заканадаўства аб роўнасці і недыскрымінацыі;

● адукацыйныя мерапрыемствы (адукацыйныя візіты ў краіны-члены СЕ, а таксама ў інстытуты Савета Еўропы для беларускіх юрыстаў у эміграцыі; мерапрыемствы для моладзі і г.д);

● стварэнне анлайн-партала з матэрыяламі Савета Еўропы па правах чалавека і вяршэнству права, з адаптацыяй пад нацыянальны кантэкст, на беларускай мове, для юрыстаў, студэнтаў, настаўнікаў, журналістаў і іншых зацікаўленых асоб. Гэтыя матэрыялы адаптуюць беларускія экспэрты.

● мерапрыемствы па распрацоўцы заканадаўства і палітыкі гендэрнай роўнасці і супрацьдзеяння гвалту ў дачыненні да жанчын, а таксама па прасоўванні правоў жанчын у цэлым;

● мерапрыемствы па  адмены смяротнага пакарання ў Беларусі

● падтрымка ценявой справаздачнасці грамадзянскай супольнасці;

 

Што такое “кантактная група”?

Камітэт Міністраў Савета Еўропы 7 верасня 2022 года прыняў рашэнне аб стварэнні Кантактнай групы па супрацоўніцтве з беларускім грамадствам. Супрацоўніцтва з афіцыйнымі ўладамі Савет Еўропы прыпыніў у сакавіку 2022 года ў сувязі з суўдзелам у ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.   

Першая сустрэча групы прайшла 7 лістапада.

З боку Савета Еўропы ў кантактнай групе ўдзельнічаюць прадстаўнікі яе ключавых структур, у тым ліку ПАСЕ і Офіса камісара па правах чалавека. З беларускага боку ў групу ўвайшлі прадстаўнікі розных сектараў грамадзянскай супольнасці, у тым ліку праваабаронцы, а таксама прадстаўнікі палітычных структур: Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб'яднанага Пераходнага кабінета і Каардынацыйнай Рады.

Прыярытэтамі працы Групы стануць правы чалавека, СМІ і моладзь. Кантактная група плануе арганізаваць максімальна адкрыты партысіпацыйны працэс для тых, хто падзяляе каштоўнасці правоў чалавека і дэмакратыі і зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Радай Еўропы.

 

Для чаго створаная “кантактная група”?

Стварэнне "кантактнай групы" дазволіць беларускай грамадзянскай супольнасці працягнуць і развіць узаемадзеянне з Саветам Еўропы ў інтарэсах і на карысць беларусаў, нягледзячы на тое, што супрацоўніцтва з афіцыйнымі ўладамі прыпыненае. Адна з ключавых магчымасцяў для грамадзянскай супольнасці, якую адкрывае стварэнне групы, - развіццё чалавечага патэнцыялу і распрацоўка рэформаў для трансфармацыі і ўключэння беларускага грамадства ў еўрапейскую сістэму каштоўнасцяў (у тым ліку падрыхтоўка кадраў для новых інстытутаў).