Прадстаўнік РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" Эдуард Баланчук дапамог жыхарам інтэрната па вуліцы Янкі Купалы, 126 у Маладзечне адстаяць права на бестэрміновую дамову найму жылых памяшканняў. Уласнік інтэрната УП "Камунальнік" спрабаваў у судзе змусіць наймальнікаў заключыць дадатковае пагадненне, у якім прадугледжваўся тэрмін арэнды да 5 гадоў, але прайграў. У выніку многія жыхары захавалі за сабой права на бестэрміновы наём жылых памяшканняў у інтэрнаце.
Да 2014 года інтэрнат па вуліцы Янкі Купалы, 126 належаў "Маладзечанскаму заводу парашковай металургіі". У 2009 годзе з жыхарамі заключылі дамовы найму памяшканняў на бестэрміновай аснове. Дамовы прайшлі рэгістрацыю ў мясцовым выканкаме.
У 2014 годзе Маладзечанскі райвыканкам перадаў інтэрнат на баланс УП "Камунальнік". Праз два гады новы ўласнік разам з прафсаюзным камітэтам прадпрыемства вырашылі, што памяшканні "не могуць быць прадастаўлены на пастаянны тэрмін", і прапанавалі жыхарам заключыць дадатковыя пагадненні на тэрмін 5 гадоў. У выпадку адмовы "Камунальнік" пагражаў высяленнем.
Адміністрацыя прадпрыемства спасылалася на Палажэнне аб iнтэрнатах, зацверджанае пастановай Савета Міністраў 5 красавіка 2013 г. № 269, якім, нібыта, арэнда жылога памяшкання ў інтэрнаце без указання тэрмiну або бестэрмінова не прадугледжвалася. Але некаторыя жыхары палічылі гэта парушэньнем сваіх правоў і падпісваць дадатковыя пагадненні адмовіліся. Людзей можна зразумець, бо часовы характар жыллёвых адносін - гэта, у першую чаргу, нявызначанасць. Па арт. 60 Жыллёвага кодэкса дамова найму жылога памяшкання на пэўны тэрмін спыняецца з заканчэннем гэтага тэрміна, а бестэрміновая дамова гарантуе жыхарам, што іх адвольна ня выселяць на вуліцу.
Тады кіраўніцтва "Камунальніка" вырашыла ў судовым парадку змусіць наймальнікаў - Святлану Посах, Таццяну Язерскую і Тамару Михайленко - заключыць дадатковыя пагадненні і накіравала пазовы ў суд. У выпадку паспеху тэрміновыя дамовы найму былі б перазаключаныя і з іншымі 35 арандатарамі. Пад ціскам адміністрацыі і страхам перад судом некаторыя з іх падпісалі дадатковыя пагадненні на пяць гадоў.
Варта адзначыць, што права на жыллё прадугледжана Міжнародным пактам аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь. У дакуменце адзначаецца, што дзяржавы-ўдзельнікі Пакта "прызнаюць права кожнага на дастатковы жыццёвы ўзровень для яго і яго сям'і, які ўключае дастатковыя харчаванне, адзенне і жыллё, і на бесперапыннае паляпшэнне ўмоў жыцця" (пункт 1 арт. 11). У заўвагах агульнага парадку № 4 "Права на дастатковае жыллё" Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах адзначыў, што "ўсё асобы павінны карыстацца пэўнай ступенню забеспячэння пражывання, якая гарантуе прававую абарону ад прымусовага высялення, пераследу і іншых пагроз".
Па дапамогу жанчыны звярнуліся да праваабаронцы БХК Эдуарда Баланчука. "Я даваў вусныя кансультацыі, накіроўваў людзей да дэпутатаў, у прафсаюз, у пракуратуру, дапамагаў складаць звароты, выступаў у судах як прадстаўнік грамадскасці і выказваў меркаванне БХК па справе", - распавядае прадстаўнік БХК. Паводле яго слоў, змяненне дамовы найму жылога памяшкання магчыма па ўзаемнай згодзе бакоў. "Прымус да заключэння дагавора не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў, калі абавязак заключыць дамову прадугледжана заканадаўствам або добраахвотна прынятым абавязацельствам. Пры гэтым, пазоўнік не прывёў ніводнага прававога доваду, чаму адказнікі абавязаны заключыць дадатковае пагадненне, у якім не толькі ўказваецца новы ўласнік, але і іншы тэрмін дзеяння дагавора. Адміністрацыя "Камунальніка" сцвярджала, што прадастаўленне жылога памяшкання ў інтэрнаце без указання тэрмiну або бестэрмінова Палажэннем аб інтэрнатах не прадугледжана. Але ў гэтым жа Палажэнні няма і забароны на заключэнне бестэрміновай дамовы найму. Няма такой забароны і ў Жыллёвым кодэксе. У сувязі з гэтым мы запатрабавалі захаваць пункты дзеючых дамоў найму памяшканняў за 2009 год на нявызначаны тэрмін ", - патлумачыў праваабаронца.
14 жніўня 2018 году суд Маладзечанскага раёна адмовіў унітарнаму прадпрыемству ў задавальненні іскавых патрабаванняў. Не мела поспеху і спроба "Камунальніка" аспрэчыць гэтае рашэнне ў вышэйшай судовай інстанцыі. 4 кастрычніка Менскі абласны суд не задаволіў скаргу УП і пакінуў рашэнне раённага суда без зменаў. Рашэнне ўступіла ў законную сілу. 12 жыхароў апублікавалі ў СМІ падзяку Эдуарду Баланчуку за высокапрафесійную працу. Тым жа, хто падпісаў дадатковыя пагадненні на пэўны тэрмін, альбо прыйдзецца ісці ў суд, альбо пагадзіцца на прынятыя ўмовы.