Праваабаронцы і прафсаюзы заявілі пра крызіс працоўных правоў у Беларусі

2.06.2026

Сумесная заява праваабарончых арганізацый аб узаемадзеянні з мэтай пераадолення сістэмнага крызісу дэмакратыі і правоў чалавека ў працоўнай сферы Беларусі

Мы, прадстаўнікі беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый і незалежных прафсаюзаў, заяўляем пра глыбокі і сістэмны крызіс правоў чалавека ў працоўнай сферы ў Рэспубліцы Беларусь. Сітуацыя, якая склалася, мае комплексны характар і закранае фундаментальныя працоўныя правы, гарантаваныя міжнародным правам, уключаючы свабоду аб’яднання, права на годную працу, забарону прымусовай працы і недыскрымінацыю.

З 2004 года ўлады Беларусі сістэматычна ігнаруюць і не выконваюць Рэкамендацыі Камісіі па расследаванні Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), накіраваныя на забеспячэнне свабоды аб’яднання, рэгістрацыю незалежных прафсаюзаў і ўхіленне перашкод для іх дзейнасці.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, легітымнасць правядзення і афіцыйных вынікаў якіх была пастаўлена пад сумнеў значнай колькасцю міжнародных і беларускіх структур, і наступных масавых мірных пратэстаў сітуацыя са свабодай аб’яднання ў сферы працы ў Беларусі пачала паслядоўна пагаршацца. У 2022 годзе ўлады Беларусі прымусова ліквідавалі ўсе незалежныя прафсаюзы (СПМ, СПБ, БНП, РЭП), а таксама іх асацыяцыю — Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП). Іх лідараў і актывістаў падверглі крымінальнаму пераследу, арыштам, пазбаўленню волі, і яны былі вымушаныя пакінуць краіну. У выніку дзейнасць незалежных прафсаюзаў унутры Беларусі была фактычна спыненая, а магчымасці работнікаў па стварэнні і ўдзеле ў незалежных прафсаюзах, калектыўным прадстаўніцтве і абароне працоўных правоў былі істотна абмежаваныя. У існуючых умовах незалежнае прадстаўніцтва работнікаў апынулася практычна недаступным. Указаныя абмежаванні носяць сістэмны характар, паколькі падтрымліваюцца сукупнасцю заканадаўчых механізмаў, правапрымяняльнай практыкай, а таксама рэпрэсіўнай палітыкай у дачыненні да незалежных актараў.

На гэтым фоне Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) дэ-факта функцыянуе як элемент дзяржаўнай сістэмы кіравання і не забяспечвае сапраўдную абарону правоў і інтарэсаў работнікаў.

У 2023 годзе ў дачыненні да Беларусі была ўжытая беспрэцэдэнтная мера ў межах МАП — артыкул 33 Статута, што стала толькі другім выпадкам у гісторыі арганізацыі. Прымяненне артыкула 33 Статута МАП сведчыць пра прызнанне міжнароднай супольнасцю факту сур’ёзных і сістэматычных парушэнняў з боку дзяржавы і патрабуе прыняцця скаардынаваных мер з боку дзяржаў-членаў.

У цяперашні час больш за 20 прафсаюзных лідараў і актывістаў знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, звыш 50 — ужо адбылі пакаранне, застаючыся пры гэтым нерэабілітаванымі. Абмежаванні, якія прымяняюцца да апошніх на падставе рэжыму судзімасці, уключэння ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», працягваюць рэпрэсіі ў дачыненні да іх. Дэ-юрэ вызваленыя з месцаў несвабоды, яны фактычна працягваюць адбываць пакаранне. Шэраг незаконна асуджаных і тых, хто адбывае або адбыў пакаранне прафсаюзных дзеячаў, уключаючы Аляксандра Ярашука, старшыню БКДП, члена Адміністрацыйнага савета МАП, і Генадзя Фядыніча, старшыню РЭП, былі прымусова выдвараны з краіны з канфіскацыяй пашпартоў і фактычна пазбаўленыя сацыяльных правоў, уключаючы права на пенсію. Максім Сенік, сябра Беларускага Незалежнага прафсаюза на «Гродна Азот», таксама быў прымусова выдвараны з краіны, а яго пашпарт ануляваны без законных падстаў.

Асаблівую заклапочанасць выклікае шырокае прымяненне практык прымусовай працы. Да іх адносяцца выкарыстанне працы зняволеных, а таксама асоб, змешчаных у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, асоб з інваліднасцю, якія пастаянна пражываюць у сацыяльных пансіянатах (што асабліва крытычна для псіханеўралагічных); прымяненне заканадаўства аб так званым «сацыяльным утрыманстве»; практыка абавязковых суботнікаў; размеркаванне маладых спецыялістаў; кантрактная сістэма найму, якая абмяжоўвае свабоду спынення працоўных адносін, і іншыя формы працы, што не адпавядаюць прынцыпу добраахвотнасці. Гэтыя практыкі супярэчаць міжнародным абавязацельствам Беларусі, у тым ліку ў рамках Міжнароднай арганізацыі працы.

Мы таксама фіксуем сістэмную дыскрымінацыю работнікаў паводле палітычных прыкмет. Асобы, якія выказваюць нязгоду з дзяржаўнай палітыкай або ўдзельнічаюць у мірных пратэстах, падвяргаюцца звальненням, адмовам у прыёме на працу і ўключэнню ў нефармальныя «чорныя спісы». Пастаянна пашыраюцца фармальныя падставы для дыскрымінацыі такіх людзей, якія не проста пазбаўляюць іх грамадзянскіх правоў, але перашкаджаюць паўнавартасна ўдзельнічаць у эканамічным і сацыяльным жыцці: змяняюцца правілы прыёму на працу, правілы атэстацыі, этычныя кодэксы. З 2023 года заканадаўча замацаваная забарона як мінімум на восем прафесій для людзей, якія прыцягваліся да крымінальнай і/або адміністрацыйнай адказнасці па «палітычных» артыкулах.

Сістэмнай застаецца і гендарная дыскрымінацыя. Жанчыны працягваюць сутыкацца з абмежаваннямі ў доступе да асобных відаў занятасці ў выніку захавання пераліку «забароненых прафесій», гендарных квот у сістэме адукацыі і няроўнага стаўлення ў сферы працы.

Дадатковым інструментам абмежавання права на працу стала пашыральнае прымяненне заканадаўства аб супрацьдзеянні «экстрэмізму» і «тэрарызму». Уключэнне грамадзян у адпаведныя спісы прыводзіць да фактычнай забароны на працаўладкаванне ў шэрагу сфер, фінансавых абмежаванняў і сацыяльнай ізаляцыі, што парушае прынцыпы прапарцыйнасці і прававой вызначанасці.

У выніку сацыяльны дыялог у Беларусі быў падменены імітацыяй: з яго выключаныя незалежныя прадстаўнікі работнікаў, а ключавую ролю адыгрывае Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), дэ-факта інтэграваная ў дзяржаўную сістэму і не валодаючая інстытуцыйнай незалежнасцю. Такая мадэль сістэмна ўзнаўляе парушэнні працоўных правоў і выключае магчымасць іх эфектыўнай абароны ўнутры краіны.

Беларусь сістэматычна ўхіляецца ад супрацоўніцтва з міжнароднымі механізмамі кантролю. Улады адмаўляюцца ад канструктыўнага ўзаемадзеяння з органамі ААН, ігнаруюць рэкамендацыі МАП і не прызнаюць мандат Спецыяльнага пасланніка МАП па Беларусі.

Ніжэйпадпісаныя незалежныя прафсаюзы, праваабарончыя арганізацыі, прадстаўнікі грамадзянскіх ініцыятыў Беларусі і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заяўляюць пра намер устанаўліваць і развіваць супрацоўніцтва і аб’ядноўваць намаганні з мэтай стварэння дэмакратычнага грамадства, заснаванага на прынцыпах вяршэнства права, сацыяльнай справядлівасці і годнай працы.

Мы выказваем рашучую падтрымку мандату Спецыяльнага пасланніка МАП па Беларусі Леліа Бентэса Карэа і заклікаем да яго далейшага ўмацавання. Ва ўмовах адсутнасці эфектыўных унутраных механізмаў абароны працоўных правоў міжнародная ўвага і супрацоўніцтва застаюцца ключавымі інструментамі падтрымкі работнікаў Беларусі.

У гэтай сувязі мы заклікаем дзяржавы-члены, агенцтвы сістэмы ААН, МАП, іншыя міжнародныя арганізацыі, а таксама бізнес:

  • актывізаваць супрацоўніцтва ў рамках рэалізацыі артыкула 33 Статута МАП у дачыненні да Беларусі;
  • ужываць скаардынаваныя меры для забеспячэння выканання Беларуссю сваіх міжнародных абавязацельстваў у сферы працоўных адносін;
  • дамагацца поўнага прызнання ўрадам Беларусі мандата ўсіх праваабарончых механізмаў ААН, у тым ліку Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, Групы незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і Спецыяльнага пасланніка МАП па Беларусі;
  • улічваць парушэнні працоўных правоў пры фарміраванні санкцыйнай і гандлёвай палітыкі;
  • забяспечваць належную працэдуру належнай абачлівасці ў сферы правоў чалавека (human rights due diligence) кампаніямі, якія ўзаемадзейнічаюць з любым беларускім бізнесам, дзяржаўнымі структурамі і любымі іншымі арганізацыямі;
  • падтрымліваць незалежныя прафсаюзныя і праваабарончыя ініцыятывы, у тым ліку тыя, што дзейнічаюць у выгнанні;
  • дамагацца неадкладнага вызвалення ўсіх прафсаюзных лідараў і актывістаў і спынення пераследу работнікаў па палітычных матывах;
  • спрыяць аднаўленню свабоды аб’яднання і стварэнню ўмоў для функцыянавання незалежных прафсаюзаў у Беларусі.

Сістэмны крызіс правоў чалавека ў працоўнай сферы Беларусі патрабуе неадкладнай і скаардынаванай міжнароднай рэакцыі. Без аднаўлення незалежных прафсаюзаў немагчыма забяспечыць ні годную працу, ні ўстойлівае развіццё.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў;

Беларускі ПЭН;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Прававая ініцыятыва;

Рабочы Рух;

Human Constanta;

Lawtrend;

Respect-Protect-Fulfill;

Далучыліся міжнародныя праваабарончыя арганізацыі:

Маніторынгавая місія па працоўных правах.