Праваабарончы цэнтр "Вясна", Беларускі Хельсінкскі камітэт (БХК), Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT) і Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH) звярнуліся да Спецыяльнага дакладчыка ААН па катаваннях, каб выказаць сваю сур'ёзную заклапочанасць і заклікаць да ўмяшання ў сувязі з жорсткім разгонам мірных дэманстрантаў пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 9 жніўня.
Праваабаронцы нагадваюць, што больш за 6 000 чалавек былі затрыманыя, знаходзіліся ў зняволенні на працягу да 10 сутак і іх месцазнаходжання было невядомае. Прынамсі 450 з іх былі збітыя; вязняў прыніжалі і катавалі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Гэтыя факты катаванняў і жорсткага абыходжання з’яўляюцца сістэмнымі, паколькі супрацоўнікаў праваахоўных органаў рыхтавалі да такіх жорсткіх рэпрэсій супраць людзей.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў партнёрстве з OMCT аператыўна арганізаваў збор інфармацыі аб ахвярах катаванняў і жорсткага абыходжання, а з 12 па 20 жніўня атрымаў сведчанні больш як 450 ахвяраў, пацверджаных фатаграфіямі і відэа. Больш за сотню ахвяраў ужо апыталі на відэа.
Першапачатковы аналіз паказанняў паказаў, што сістэматычныя катаванні і жорсткае, бесчалавечнае і прыніжальнае для годнасці абыходжанне па ўсёй Беларусі ўяўляюць сабой злачынствы супраць чалавечнасці.
Нягледзячы на шматлікія і паслядоўныя паведамленні аб здзяйсненні злачынстваў супрацоўнікамі органаў унутраных справаў, Следчы камітэт не распачаў ніводнай крымінальнай справы і, адпаведна, не затрымаў і не адхіліў ніводную з асобаў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў арганізацыі і здзяйсненні злачынстваў супраць удзельнікаў мірных сходаў і выпадковых мінакоў.
Улічваючы вышэйсказанае, FIDH, ПЦ "Вясна", OMCT і БХК просяць тэрміновага ўмяшання ў апісаную сітуацыю ў Беларусі і просяць Спецдакладчыка:
(а) распаўсюдзіць заяву з асуджэннем маштабных і сістэматычных катаванняў і бесчалавечнага альбо прыніжальнага для годнасці абыходжання з затрыманымі ў Беларусі і заклікаць неадкладна спыніць гэтыя парушэнні;
(b) заклікаць урад Беларусі неадкладна і эфектыўна расследаваць усе меркаваныя факты катаванняў альбо жорсткага абыходжання і прыцягнуць вінаватых да адказнасці;
(c) здзейсніць візіт у Беларусь; і
(d) заклікаць Савет па правах чалавека склікаць спецыяльную сесію (або тэрміновыя дэбаты на 45-й сесіі, прысвечанай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі) з мэтай высвятлення фактаў і абставін сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека, якія былі здзейсненыя да, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года.
Крыніца: ПЦ "Вясна"