ПРАВААБАРОНЦЫ ЗВЯРНУЛІСЯ ДА 6 СПЕЦЫЯЛЬНЫХ ДАКЛАДЧЫКАЎ ААН З НАГОДЫ АЎДЫЯЗАПІСУ АБ СТВАРЭННІ Ў КРАІНЕ КАНЦЭНТРАЦЫЙНЫХ ЛАГЕРАЎ

15.01.2021

Беларускі Хельсінкскі Камітэт і ПЦ "Вясна" звярнуліся да спецдакладчыка ААН з паведамленнем пра тое, што ўлады Беларусі гатовыя перайсці да яшчэ больш радыкальных дзеянняў да пратэстоўцаў, зрабіўшы рэалізацыю правоў чалавека абсалютна немагчымай.

Зварот накіраваны да наступных механізмаў ААН: Спецыяльнаму дакладчыку па пытанні садзейнічання усталяванню ісціны, правасуддзя, кампенсацыі і гарантыях непаўтарэння сп. Фібіану Сальвіолі, Спецыяльнай дакладчыцы па пытанні аб пазасудовых пакараннях смерцю, пакаранняў без належнага судовага разбору або адвольных пакараннях смерцю сп. Агнэсе Каламар,  спецыяльнаму дакладчыку па пытанні права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый сп. Клеману Ньялетсосі Вуля, спецыяльнаму дакладчыку па пытанні заахвочвання і абароны права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне сп. Ірэне Кхан, спецыяльнаму дакладчыку па пытанні катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відах абыходжання і пакарання сп. прафесару Нілсу Мелзеру, Рабочай групе па адвольных затрыманнях, Спецыяльнай дакладчыцы па пытанні становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі сп. Анаіс Марын, Вярхоўнаму камісару Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека сп. Мішэль Бачэлет Хэрыя.

Нагодай для звароту стаў апублікаваны аўдыёзапіс [2], на якім чалавек, чый голас вельмі падобны на голас цяперашняга намесніка Міністра ўнутраных спраў, палкоўніка міліцыі Мікалая Карпянкова паведамляе падначаленым аб планах, якія абмяркоўваліся на нарадзе ў фактычнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, па ўзмацненні жорсткасці дзеянняў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў [3]. 

І хоць на сённяшні дзень немагчыма пацвердзіць сапраўднасць запісу, шэраг фактаў паказвае на тое, што з высокай ступенню верагоднасці апублікаваны запіс з'яўляецца сапраўдным. У прыватнасці, падзеі лістапада 2020 года (г.зн. непасрэдна пасля нарады ў Лукашэнкі) сведчаць аб эскалацыі гвалту з боку сілавых структур у дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту.

Напачатку запісу Карпянкоў распавядае падначаленым пра новую зброю, якую беларускія сілавікі атрымалі на ўзбраенне з Расійскай Федэрацыі, — гэта «пісталет Ярыгіна». Намеснік Міністра паведамляе пра праведзеныя выпрабаванні гэтай зброі, якія паказалі яе сур'ёзную забойную і, адпаведна, траўмуючую сілу. Акрамя таго, ён паведамляе, што з выкарыстаннем падобнай несмяротнай зброі быў забіты мірны пратэстоўца — Аляксандр Тарайкоўскі (цытата «Ён [Тарайкоўскі] памёр, вядома, ад гумавай кулі, якая прыляцела яму ў грудзі») [4].

Далей Карпянкоў адзначае недастатковае прымяненне гумовых дубінак, светлашумавых гранат і іншых сродкаў для падаўлення пратэстаў, падкрэсліўшы неабходнасць ужывання такой траўматычнай зброі.

Акрамя таго, у аўдыёзапісе ідзе гаворка пра тое, якім чынам і ў якіх выпадках сілавікам варта ўжываць зброю. Карпянкоў, спаслаўшыся на Лукашэнку, гаворыць пра неабходнасць «альбо пакалечыць, альбо знявечыць, альбо забіць», а таксама рэкамендуе страляць непасрэдна ў лоб, каб чалавек пасля атрыманых траўмаў ніколі не змог вярнуцца да ранейшага стану.  

Кажучы пра спецсродкі, Карпянкоў адзначыў неабходнасць найбольш радыкальных спосабаў іх прымянення. Так, Карпянкоў апісвае механізм працы вадамёта: «гэтая машына па сваіх тэхнічных характарыстыках у адну секунду перакідае 200 літраў вады ... у патрэбную кропку.  Удар такі, што калі чалавек знаходзіцца недалёка або ... у натоўпе, то яго можа проста размазаць». Затым намеснік Міністра падкрэслівае, што выкарыстоўваць вадамёт важна абавязкова з газам.

У аўдыёзапісе сярод іншага ідзе гаворка пра стварэнне спецыяльных лагераў для бестэрміновага утрымання асоб, якія паўторна прынялі ўдзел у акцыях пратэсту. Апісваючы абсталяванне лагера, Карпянкоў паказвае на неабходнасць усталявання калючага дроту па перыметры, некалькіх памяшканняў. Тыя, хто змяшчаецца ў лагеры, павінны прыцягвацца да прымусовай працы. Па словах Карпянкова, на нарадзе абмяркоўвалася, што ўтрымліваць пратэстоўцаў у такіх лагерах неабходна да таго часу, калі пратэстны рух спыніцца. 

Варта таксама адзначыць, што цягам усяго аўдыёзапісу прасочваецца стаўленне да мірных пратэстоўцаў як да тэрарыстаў і бандытаў, падкрэсліваецца фактычная наяўнасць ваеннага становішча ў краіне і неабходнасць прымянення да пратэстоўцаў больш радыкальных захадаў.

Праваабаронцы ацэньваюць дзеянні ўладаў і праваахоўных органаў як грубыя парушэнні правоў чалавека. У прыватнасці, змест гутаркі аднаго з кіраўнікоў МУС, які спасылаецца на поўную свабоду дзеянняў, санкцыянаваную фактычным кіраўніком дзяржавы, паказвае поўнае ігнараванне ўладамі базавых асабістых правоў чалавека, такіх як права на жыццё, на свабоду ад катаванняў, на свабоду ад паднявольнага стану і прымусовай працы, на свабоду і асабістую недатыкальнасць. 

З улікам згаданага вышэй праваабаронцы просяць спецдакладчыка звярнуцца да ўрада Беларусі з патрабаваннем прыняць неадкладныя меры па выкананні міжнародных абавязкаў у галіне правоў чалавека, замацаваных у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах і іншых міжнародна-прававых дакументах, а таксама задзейнічаць усе неабходныя і наяўныя сродкі міжнародна-правового рэагавання на грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

 

 

[2] https://www.youtube.com/watch?v=hBHhJgYeYV4

 

[3] Невядома, калі менавіта зроблены запіс, але наяўная інфармацыя дазваляе зрабіць выснову, што запіс датуецца канцом кастрычніка 2020 года, таму што ў ім гучыць фраза: «... міністрам прызначаны Кубракоў Іван Уладзіміравіч, генерал-маёр, сёння яму ўручылі пагоны генерал-лейтэнанта». Пагоны генерал-лейтэнанта цяперашняму міністру МУС Кубракову ўручылі 30 кастрычніка мінулага года. 

 

[4] Важна адзначыць, што першапачаткова прадстаўнікі ўлады адмаўлялі сваё дачыненне да смерці Аляксандра Тарайкоўскага, і сцвярджалі, што смерць наступіла праз спробу кінуць у сілавікоў неўстаноўленую выбуховую прыладу, якая спрацавала ў руках загінулага. 16 жніўня былы міністр унутраных спраў Юры Караеў прызнаў, што Тарайкоўскі мог быць забіты гумавай куляй. Больш за тое, фота- і відэаматэрыялы з месца здарэння пацвярджалі, што ў руках у Тарайкоўскага не было ніякай зброі, а смерць наступіла менавіта пасля стрэлу аднаго з сілавікоў. Аднак крымінальнай справы па факце яго гібелі ў Беларусі так і не распачата, а праверка па факце смерці спыненая.