Правы ў ценю: эканамічныя, сацыяльныя і культурныя правы ў сістэме палітычных рэпрэсій у Беларусі

15.10.2026

5-15 кастрычніка ў Варшаве прайшла Канферэнцыя АБСЕ па чалавечым вымярэнні 2026. 13 кастрычніка на палях Канферэнцыі адбылася панэль, арганізаваная Беларускім Хельсінкскім Камітэтам, «Правы ў ценю: эканамічныя, сацыяльныя і культурныя правы ў сістэме палітычных рэпрэсій у Беларусі».

У панэлі ўдзельнічалі праваабаронцы Кацярына Дзяйкала (БХК), Таццяна Нядбай (ПЭН Беларусь) і Марыя Жарылоўская (Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў). Дыскусію мадэравала Анаіс Марэн, былая спецдакладчыца ААН па Беларусі.

Акцэнт панэлі быў зроблены на парушэннях працоўных, культурных правоў і правоў у сферы адукацыі ў межах рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў.

У прыватнасці, экспертка БХК Кацярына Дзяйкала падкрэсліла, што дзяржава рухаецца да татальнай манапалізацыі адукацыі, уводзячы меры ідэалагічнага і дысцыплінарнага кантролю як у адносінах да тых, хто працуе з дзецьмі, так і ў адносінах да саміх дзяцей. За апошнія пяць гадоў фактычна ліквідавана прыватная фармальная адукацыя. На педагогаў накладваецца жорсткі палітычны фільтр: у пералік злачынстваў, пры наяўнасці судзімасці за якія забаронена працаваць з дзецьмі, дадалі «экстрэмісцкія злачынствы». Улады бяруць пад кантроль і індывідуальную адукацыйную дзейнасць: у 2025 годзе ўведзены абмежаванні для самазанятых у гэтай сферы, а ў 2026 годзе прапанавана ўвесці адзіны дзяржаўны рэестр прыватных рэпетытараў, якія працуюць з непаўналетнімі. Гэта значыць, па факце, займацца гэтым легальна зможа толькі той, каго ўхваліла дзяржава.

Дзеці сутыкаюцца з дыскрымінацыйнымі бар'ерамі ў доступе да адукацыі і самавыражэння: прадстаўніцтва на любых міжнародных спаборніцтвах павінна быць ухвалена дзяржавай, дыстанцыйнае навучанне ў замежных сярэдніх школах для дзяцей, якія жывуць у Беларусі, забаронена. Доступ да сярэдняй адукацыі на беларускай мове пасля 2020 года стаў яшчэ больш цяжкім. Таксама істотна парушаюцца правы нацыянальных меншасцяў (перш за ўсё польскай і літоўскай) у сферы адукацыі: з 2023 года стала немагчыма ствараць школы на мовах меншасцяў, толькі асобныя класы. Людзі, якія працуюць у сферы адукацыі на мовах нацыянальных меншасцяў, падвяргаюцца пераследу.

Новыя падручнікі па гісторыі і падручнікі па прадмеце «Генацыд беларускага народа» падаюць мірныя пратэсты 2020 года як спробу дзяржаўнага перавароту і праводзяць паралель паміж удзельнікамі мірных пратэстаў 2020 года і калабарацыяй з нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны, стыгматызуючы і дыскрэдытуючы нацыянальныя сімвалы: герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг. Гэта, у тым ліку, можа весці да фарміравання варожасці адной часткі беларускага грамадства да другой.

Адукацыя істотна мілітарызуецца. Напрыклад, з 2026 года для ўсіх дзесяцікласнікаў уведзены абавязковыя палявыя зборы.

Дзеці становяцца ўсё больш уразлівымі перад дзяржавай і школай. Іх пачынаюць пазбаўляць і працэсуальных гарантый. Напрыклад, апошняя заканадаўчая змена (чэрвень 2026 года) тычыцца правіл агляду непаўналетніх: раней ён быў магчымы толькі ў прысутнасці бацькоў або законнага прадстаўніка, а цяпер у школе дастаткова прысутнасці педагога, які юрыдычна не з'яўляецца ні тым, ні другім.

 

 

Праваабаронцы заклікалі ўлічваць усе формы рэпрэсій для валіднай ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку і высокую ступень іх латэнтнасці. Падрабязней пра гэта ў апошняй заяве праваабарончай кааліцыі пра ацэнку сітуацыі з рэпрэсіямі ў Беларусі.