
З вялікім смуткам мы даведаліся пра смерць Віктара Аляксандравіча Адзіночанкі — беларускага навукоўца, эксперта па свабодзе рэлігій, прадстаўніка БХК на Гомельшчыне да ліквідацыі арганізацыі Мінюстам у 2021 годзе.
15 траўня ў шпіталі пайшоў з жыцця Віктар Адзіночанка — кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры філасофіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Скарыны, вядомы даследчык, адданы беларускай мове, культуры і правам чалавека. Яму было ўсяго 62 гады.
Віктар Аляксандравіч родам з Рэчыцы. У 1990 годзе абараніў дысертацыю па гісторыі філасофіі на тэму "Канцэпцыя культуры Х. Артэга-і-Гасета". Быў аўтарам больш за 170 навуковых і метадычных публікацый. Ён першы выдаў на беларускай мове вучэбны дапаможнік па рэлігіязнаўстве.
Да крызісу з правамі чалавека 2020-га Віктар Адзіночанка працаваў над пытаннямі свабоды рэлігій, дыскрымінацыі рэлігійных меншасцяў, права на альтэрнатыўную службу. У 2010-х самая гучная справа, звязаная з правам не служыць са зброяй у руках, была менавіта на Гомельшчыне. Праз некаторы час у краіне быў прыняты закон пра альтэрнатыўную службу.
Выказваем шчырыя спачуванні родным, блізкім, калегам і ўсім, хто ведаў Віктара Аляксандравіча. Светлая памяць.