Шэсць праваабарончых арганізацый перадалі ў Мііжнародны крымінальны суд доказы злачынстваў супраць чалавечнасці

27.03.2025

20 сакавіка 2025 года шэсць беларускіх і міжнародных арганізацый грамадзянскай супольнасці — Цэнтр глабальнай справядлівасці і правоў чалавека «M.A.R.A.», Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH), Праваабарончы цэнтр «Вясна», Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі, Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Human Constanta — перадалі ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда доказы магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых прадстаўнікамі беларускай улады.

Пасля таго, як Літва перадала паведамленне аб сітуацыі ў Беларусі ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда 30 верасня 2024 года і Офіс пракурора распачаў папярэдняе расследаванне, згодна з артыкулам 15 Рымскага Статута беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацый падалі паведамленне, якое змяшчае доказы патэнцыйных злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых прадстаўнікамі беларускіх уладаў з мая 2020 года. Гэта паведамленне ўключае ў сябе доказы дэпартацыі часткі цывільнага насельніцтва Беларусі, а таксама пераследу гэтых людзей, уключаючы грамадзян Беларусі, якія пражываюць за мяжой.

У прыватнасці, гэта паведамленне дэманструе, што прадстаўнікі беларускіх ўладаў стварылі атмасферу страху, тэрору і пераследу, каб «зачысціць» насельніцтва ад «нелаяльных» асобаў, і вымусілі пакінуць краіну  да 6,4% насельніцтва Беларусі па стане на 2020 год. Акрамя таго, прадстаўнікі беларускіх уладаў працягваюць пераслед вымушана выгнаных беларусаў, і тых, хто пражывае за мяжой, шляхам сістэматычнага судовага пераследу, у тым ліку завочных судоў, а таксама запалохвання і пагроз у дачыненні да тых, хто знаходзіцца ў выгнанні і іх сваякоў, якія засталіся ў Беларусі, публічнага распаўсюджвання мовы варожасці, неабгрунтаваных ператрусаў і канфіскацыі маёмасці. Паведамленне  таксама гаворыць аб татальным пазбаўленні беларусаў у выгнанні доступа да дзяржаўных працэдур, уключаючы магчымаць атрымаць дакументы, якія ідэнтыфікуюць асобу, што вядзе да дэ факта безграмадзянства.

Паведамленне абапіраецца на інтэрв'ю са сведкамі і ахвярамі меркаваных злачынстваў, дапоўненыя шырокім аналізам агульнадаступных крыніц, у тым ліку публічных заяваў беларускіх высокапастаўленых чыноўнікаў, якія даказваюць, што меркаваныя злачынствы былі здзейсненыя ў рамках шырока распаўсюджанай і сістэматычнай атакі, накіраванай супраць той часткі цывільнага насельніцтва Беларусі, якую ўлады лічаць «нелаяльнай». Такія заявы таксама дэманструюць, што прадстаўнікі беларускіх уладаў праводзяць дзяржаўную палітыку запалохвання і пакарання тых, каго лічаць «нелаяльнымі», у межах кампаніі, якую афіцыйныя асобы неаднаразова называлі «зачысткай грамадства».

Нягледзячы на тое, што Рэспубліка Беларусь не з'яўляецца ўдзельніцай Рымскага Статута, дадзенае паведамленне змяшчае прававы аналіз, які паказвае, што Міжнародны крымінальны суд можа ажыццяўляць сваю юрысдыкцыю, паколькі прынамсі адзін элемент гэтых меркаваных злачынстваў быў здзейснены на тэрыторыі краін, якія з'яўляюцца дзяржавамі-ўдзельніцамі Рымскага Статута.

Адносна беларускай сітуацыі, Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (IAPB) і «Рэпарцёры без межаў» (RSF) раней накіравалі два паведамленні па артыкуле 15 у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда.