Што наконт міжведамаснай камісіі па расследаванні масавых катаванняў 9-12 жніўня?

10.08.2021

З 9 жніўня 2020 года тысячы беларусаў па ўсёй краіне выходзілі на вуліцы і плошчы гарадоў са стыхійнымі акцыямі супраць грубых парушэнняў закона падчас выбараў і каб выказаць нязгоду з бягучай палітычнай сітуацыяй у краіне. Акцыі насілі мірны характар. 

Агульнавядома, што ў названы перыяд у краіне мелі месца масавыя катаванні, акты жорсткасці, якія былі абумоўлены палітычнымі перакананнямі грамадзянскага насельніцтва, г.зн. дзеянні, прадугледжаныя арт. 128 КК РБ. 

Гэтыя злачынствы былі здзейснены службовымі асобамі з афіцыйным статусам і ўяўляюць сабой прыклад наўмысна жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання. Дзяржава павінна была асудзіць такія дзеянні як парушэнні правоў чалавека. 

25 жніўня 2020 г. Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіраваў у Палату прадстаўнікоў прапанову аб стварэнні парламенцкай камісіі для расследавання абгрунтаванасці і адэкватнасці прымянення 9-12 жніўня 2020 года ўсяго арсенала спецыяльных сродкаў (агнястрэльнай зброі, светлашумавых гранат, слёзатачывага газу і інш.), а таксама для расследавання фактаў масавых катаванняў, жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з затрыманымі людзьмі ў будынках аддзяленняў міліцыі, у ізалятарах, спецыяльным транспарце і г.д. 

На гэтую прапанову мы атрымалі адказ, падпісаны намеснікам старшыні пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Волкавым І.В. У адказе было пазначана, што «ў мэтах арганізацыі разгляду зваротаў грамадзян аб прымяненні фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў падчас масавых мерапрыемстваў у жніўні 2020 года Генеральнай пракуратурай створана міжведамасная камісія, у склад якой уключаны прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры, Следчага камітэта, Міністэрства ўнутраных спраў, Палаты прадстаўнікоў і іншых дзяржаўных органаў. Членам міжведамаснай камісіі даручана ажыццяўляць каардынацыю дзейнасці дзяржаўных органаў пры разглядзе такіх зваротаў і правядзенні праверак па іх, а таксама абагульняць інфармацыю, якая паступае, і на падставе комплекснай ацэнкі атрыманых дадзеных уносіць прапановы па ўдасканаленні адпаведнай дзейнасці».

Такім чынам, прайшоў амаль год. Сёння мы накіравалі звароты ў Палату прадстаўнікоў і Генеральную пракуратуру. БХК хоча зразумець, якімі былі вынікі работы міжведамаснай камісіі. 

Беларускі Хельсінкскі Камітэт высвятляе:

1) Якія захады былі прыняты па вывучэнні абставінаў ужывання фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас масавых мерапрыемстваў 9-12 жніўня 2020 года, апісаных у заявах грамадзян, пададзеных у Следчы камітэт і яго тэрытарыяльныя падраздзяленні і ў органы пракуратуры ў жніўні 2020 года і наступныя месяцы? 

2) Ці распачатыя крымінальныя справы па дадзеных фактах? Калі так, то па якіх артыкулах? Колькі спраў распачата? 

3) Ці прыцягнутыя да адказнасці супрацоўнікі праваахоўных органаў у сувязі з непрапарцыйным ужываннем фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў да ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў 9-12 жніўня 2020 года і ў наступныя месяцы?

Таксама Беларускі Хельсінкскі Камітэт просіць у Палаты прадстаўнікоў паведаміць, якія меры па ўсталяванні абставінаў прымянення катаванняў, актаў жорсткасці, бесчалавечнага і зняважлівага абыходжання з боку праваахоўных органаў у дачыненні да людзей, затрыманых падчас масавых мерапрыемстваў 9-12 жніўня 2020 года і ў наступныя месяцы, былі прынятыя непасрэдна імі. 

Праваабаронцы дадаткова высвятляюць у Генеральнай пракуратуры, якія захады пракурорскага рэагавання прынятыя непасрэдна Генеральнай пракуратурай.