"У нас будзе экспертная місія". Праваабаронцы растлумачылі, як будуць ладзіць кампанію па маніторынгу выбараў*

21.11.2023

У Беларусі 25 лютага 2024 года афіцыйна абвешчаны адзіным днём галасавання па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў. Гэта першая электаральная кампанія пасля крызісу 2020 года і пасля кардынальных змен у грамадска-палітычным жыцці краіны. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" заявіла, што будзе ажыццяўляць маніторынг за дадзенай электаральнай кампаніяй. Прадстаўнікі і прадстаўніцы кампаніі і яе эксперт Павел Сапелка адказалі на шэраг актуальных пытанняў, сярод якіх: ці не будзе кампанія сваёй дзейнасцю легітымізаваць выбары, чаму маніторынг за электаральнай кампаніяй-2024 важны для беларускага грамадства, у якіх формах будзе ладзіцца маніторынгавая кампанія і якія выклікі стаяць перад праваабаронцамі.  

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" — кампанія незалежнага назірання і маніторынга за выбарамі ў Беларусі, якая ладзіцца Праваабарончым цэнтрам "Вясна" і Беларускім Хельсінкскім Камітэтам з 2008-га года. Мэтай кампаніі з’яўляецца ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці аб ходзе выбарчай кампаніі і выніках назірання. Прадстаўнікі кампаніі падкрэсліваюць, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспертная місія, а не "класічнае" назіранне, якое ажыццяўлялася падчас папярэдніх кампаній.

 

— Чаму праваабаронцы прынялі рашэнне ладзіць кампанію, і ў якіх формах яна будзе праходзіць?

"Перш за ўсё, варта сказаць, што з апошняй выбарчай кампаніі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 2019 года адбылося вельмі шмат падзей, якія карэнным чынам змянілі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што падаецца, што "ўсім і так усё зразумела, якія гэта будуць "выбары"", тым не менш важна рабіць усебаковы аналіз таго, як адбудзецца першая электаральная кампанія ў Беларусі пасля крызісу 2020 года. Вельмі важна працягваць фіксаваць усе выпадкі парушэнняў правоў чалавека, у тым ліку выбарчых правоў. У гэтым адна з галоўных функцый праваабаронцаў — фіксаваць парушэнні правоў чалавека і інфармаваць аб гэтым беларускую грамадскасць і міжнародную супольнасць. Мы заўсёды робім нашы маніторынгі ўсебакова, сумленна і прафесійна. Мы ніколі не рабілі высноваў без правядзення аналіза таго, што адбываецца і як адбываецца.

У "Вясны" і БХК ёсць вялікі вопыт назірання за выбарамі ў Беларусі, з 2008 года мы ажыццяўляем назіранне ў межах сумеснай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. За гэты час мы сфармаваліся як прафесійная каманда, якая можа адаптавацца пад любыя ўмовы. Напрыклад, цяпер мы не можам і не будзем выстаўляць сетку назіральнікаў. Па-першае, улады ліквідавалі Беларускі Хельсінкскі Камітэт, які заўсёды накіроўваў назіральнікаў у выбарчыя камісіі і на ўчасткі для галасавання. Зараз такой магчымасці не будзе. Па-другое, і гэта галоўнае, мы лічым, што ў дадзеных умовах ёсць вялікая рызыка для назіральнікаў сутыкнуцца з рэпрэсіямі за ўдзел у назіранні, таму мы не будзем падчас гэтай электаральнай кампаніяй карыстацца дапамогай назіральнікаў. Зараз у нас будзе экспертная місія, якая будзе збіраць і аналізаваць інфармацыю аб выбарчай кампаніі, у тым ліку праз публічную ананімную форму для паведамленняў аб парушэннях выбарчых правоў. Мы рыхтуем адпаведную інструкцыю для актыўных выбаршчыкаў, як бяспечна дасылаць інфармацыю кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары", — распавядаюць прадстаўнікі і прадстаўніцы кампаніі.

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка дадае, што такі фармат правядзення кампаніі ўжо фактычна быў апрабаваны падчас рэферэндуму па ўнясенні зменаў у Канстытуцыю ў 2022 годзе і паказаў сваю эфектыўнасць. Акрамя гэтага, ён яшчэ называе некалькі прычын праводзіць кампанію:

"У першую чаргу, гэта запыт міжнародных арганізацый, палітычных і грамадскіх структур на экспертную ацэнку абстаноўкі ў Беларусі напярэдадні, падчас і непасрэдна пасля выбараў, уплыву палітычнага кантэксту і абстаноўкі з захаваннем правоў чалавека на магчымасць ажыццяўлення выбарчага права. Неабходна таксама ацаніць, наколькі змены ў заканадаўстве і ў складзе Цэнтральнай выбарчай камісіі паўплываюць на працэсы, звязаныя з электаральнай кампаніяй. Мы ведаем пра тое, што беларускія ўлады ўжо чвэрць стагоддзя выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс і недасканалае, бяссільнае перад маніпуляцыямі заканадаўства як інструменты захопу і ўтрымання палітычнай улады. Мы ведаем, што маштаб фальсіфікацый даўно пазбавіў выбарчы працэс многіх характэрных яму элементаў і прыкмет, што мы называем гэты працэс выбарамі часта па звычцы і для сцісласці вызначэння, але мы бачым сваім абавязкам выкладаць свой пункт гледжання аргументавана і доказна, па выніках уласных ацэнак, з улікам усіх абставінаў кожнай кампаніі".

 

— Ці магчымы наогул маніторынг ці назіранне электаральнай кампаніі ў цяперашніх умовах Беларусі, калі грамадскі сектар амаль цалкам зачышчаны, любая грамадская актыўнасць спыняецца рэпрэсіямі, незалежных назіральнікаў і экспертаў у сферы выбарчага права трымаюць у турмах?

Праваабаронца Павел Сапелка таксама звяртае ўвагу, што ў сённяшніх умовах нельга накіроўваць назіральнікаў у камісіі, бо хутчэй за ўсё ў іх бок будуць ужытыя рэпрэсіі:

"Па вопыце папярэдніх кампаній можна меркаваць, што тых, хто ўсё ж вырашыцца стаць незалежным назіральнікам, наўпрост не пусцяць у камісіі. У задачу кампаніі будзе ўваходзіць фіксацыя гэтых фактаў і ацэнка працэсаў стварэння выбарчых камісій, вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, магчымасцяў для агітацыі, волевыяўлення на датэрміновым галасаванні і ў адзіны дзень галасавання. Мы не можам сваім маўчаннем дазволіць уладам крывадушна заяўляць аб захаванні выбарчых правоў беларусаў, а псеўданазіральнікам з розных праўладных структур і краін, лаяльных да беларускай дыктатуры, ствараць бачнасць грамадзянскага кантролю. Гэта наш маральны абавязак – перад нашымі калегамі, якіх улады трымаюць у калоніях, перад тымі беларусамі, якія ў 2020 годзе выходзілі да выбарчых участкаў і на вуліцы ў абарону права на выбар. Гэта будзе ясным сігналам для рэжыму, што грамадзянскую супольнасць немагчыма знішчыць. Пакуль ёсць незалежныя ідэі і іх носьбіты, мы будзем пашыраць свае шэрагі і нарошчваць магчымасці".

 

— Ці не будуць праваабаронцы сваёй дзейнасцю па маніторынгу электаральнай кампаніі легітымізаваць выбары ў Беларусі?

"Мы не лічым нашу дзейнасць і нашы планы ажыццяўляць маніторынг легітымізацыяй выбараў у Беларусі, хаця для нас гэта таксама выклік. Рашэнне праводзіць маніторынг далося нам дастаткова складана. Можна абагульніць нашы аргументы наступным чынам: мы заўсёды праводзілі назіранне за выбарамі, таму што важна фіксаваць тое, што адбываецца. Даваць высновы аб электаральнай кампаніі трэба толькі пасля аналіза ўсіх яе этапаў. Гэта першая электаральная кампанія пасля крызісу 2020 года і пасля кардынальных змен у грамадска-палітычным жыцці краіны. На гэтых “выбарах”, хутчэй за ўсё, не будзе ніякага іншага незалежнага назірання, а таксама міжнароднага з боку БДІПЧ АБСЕ", — адзначаюць прадстаўнікі і прадстаўніцы кампаніі.

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка дадае:

"Я дакладна ведаю, што вольна ці мімаволі легітымізаваць выбары можна двума спосабамі: заявіўшы пра тое, што яны адбыліся ў поўнай адпаведнасці прынятым стандартам альбо пакінуўшы іх ацэнку прапагандыстам з дзяржаўных СМІ і сумнеўным у сваёй прыстойнасці суб'ектам, якія будуць пры маўчанні нязгодных трансляваць свой пункт гледжання ўсім зацікаўленым інстытутам: грамадству – аб дэмакратычнасці працэдур, адзінстве прыхільнікаў і лаяльнасці народу дэ-факта ўладам; у знешняй палітыцы — аб легітымнасці абраных парламента і мясцовых саветаў, якія пасля ўвойдуць у склад і будуць фармаваць так званы Усебеларускі народны сход. У мяне ёсць сустрэчныя асцярогі, што ў адсутнасць іншага абгрунтаванага меркавання і ацэнак, у тых прадстаўнікоў знешніх суб'ектаў, хто не пагружаны ў беларускі парадак або стаміўся ад працяглага супрацьстаяння, такія сігналы беларускіх уладаў выклікаюць жаданне аслабіць ціск на рэжым, у тым ліку — змякчыць пазіцыю па вызваленні палітвязняў".

 

— Чаму цяпер дзейнасць кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" важна для ўсяго грамадства? Які ў ёй сэнс? 

"Мы лічым важным, каб ацэнкі тых ці іншых дзеянняў уладаў не былі галаслоўнымі. Не правільна казаць пра тое, ці былі выбары сумленнымі і справядлівымі, ці адпавядалі яны міжнародным стандартам у галіне дэмакратычных выбараў, не робячы глыбокі аналіз таго, як яны праходзілі. Канешне, ужо цяпер можна казаць, што выбары не могуць быць прызнаныя свабоднымі, бо выбары — гэта не толькі сам электаральны працэс і працэдуры, гэта яшчэ і агульная сітуацыя, фон, на якім выбары праходзяць. Не могуць быць свабодныя выбары без свабоды меркаванняў, без права на мірныя сходы і г.д. На выбарах павінны быць прадстаўленыя ўсе альтэрнатыўныя погляды, усе палітычныя сілы. Але каб зрабіць канчатковыя высновы, важна паглядзець, як выконваліся і непасрэдныя выбарчыя працэдуры.

Мы плануем рабіць ацэнкі кожнаму з этапаў электаральнай кампаніі ў выглядзе этапных справаздач з высновамі аб тым, якія намі зафіксаваныя парушэнні, а таксама з рэкамендацыямі, як можна было праводзіць працэдуры на гэтым этапе. Мы таксама будзем рабіць кароткае рэзюмэ на простай і зразумелай кожнаму і кожнай мове. Пасля асноўнага дня галасавання мы зробім агульную справаздачу з ацэнкамі праваабаронцаў, якія гэта былі выбары", — заяўляюць прадстаўнікі і прадстаўніцы кампаніі.

Праваабаронцы распавядаюць, што выніковая справаздача будзе апублікавана на сайце кампаніі, а таксама сайтах яе сябраў — "Вясны" і БХК, і даслана розным міжнародным арганізацыям і экспертнай супольнасці, якія будуць выкарыстоўваць яе высновы ў сваёй працы. 

"Мы таксама вырашылі, што ўсе ж такі адрасуем нашыя высновы і рэкамендацыі дзеючым уладам, бо мы добрасумленна выконваем ролю праваабарончай арганізацыі – грамадскага кантролю за дзеючай уладай. Але як яны распарадзяцца нашымі экспертнымі рэкамендацыямі – залежыць ад іх".

Таксама Павел Сапелка дадае, што важна асвятляць дзеянні актывістаў, якія будуць імкнуцца ўплываць на выбарчыя працэсы ў Беларусі:

"Ідучы ад адваротнага, можна ўявіць сабе, што праваабаронцы абмяжуюцца кароткай яснай заявай аб тым, што ў сітуацыі татальных палітычна матываваных рэпрэсій мы загадзя ведаем зыход гэтага працэсу. Гэта азначае, што нам не вельмі важна тое, што ў бліжэйшыя месяцы адбудзецца ў Беларусі – мы свае высновы ўжо зрабілі. Ва ўмовах амаль поўнай адсутнасці незалежных СМІ і праваабарончых арганізацый у краіне, усе магчымыя палітычныя намаганні пакінутых у краіне актывістаў і палітыкаў, якія не ўваходзяць у праўладныя колы, а таксама беларускіх актывістаў і праваабаронцаў, якія будуць імкнуцца ўплываць на выбарчыя працэсы, застануцца без увагі, а парушэнні ўладаў не стануць прадметам вывучэння і галоснай ацэнкі. Гэта стане крокам ад праблем, якімі жыве Беларусь, крокам ад беларусаў, якія жывуць у Беларусі. Паколькі электаральная кампанія, як любая палітызуючая супольнасць з'ява, будуць суправаджацца ўзмацненнем рэпрэсіяў у дачыненні да беларусаў, спасылкі на іх як на элемент кантэксту пераследу будуць непазбежныя".

 

— Дзеючая ўлада з 2020 года вельмі інтэнсіўна рыхтавалася да наступных электаральных кампаній, не толькі зачышчаючы рэпрэсіямі грамадскі сектар, але і перапісваючы заканадаўства. Ці нашмат яно пагоршыла ўмовы для правядзення электаральнай кампаніі ў 2024 годзе?

"Так, як ужо было ўзгадана, пасля зачысткі арганізацый грамадзянскай супольнасці па сутнасці няма суб’ектаў, якія бы маглі накіроўваць назіральнікаў у выбарчыя камісіі і на ўчасткі для галасавання. Узгаданыя рэпрэсіі стварылі атмасферу страху, якая будзе з’яўляцца стрымліваючым фактарам для ўдзелу ў выбарчай кампаніі актыўных грамадзян, як у якасці назіральнікаў, так і вылучэнцаў у дэпутаты. Ліквідацыя незалежных палітычных партый зробіць і без таго недэмакратычны характар працы выбарчых камісій, якія мы фіксавалі падчас мінулых маніторынгаў, увогуле закрытым. Грамадскасць не будзе ведаць, што там адбываецца. Раней, нагадаем, праца камісій была збольшага пад надглядам незалежных назіральнікаў, а таксама прадстаўнікоў апазіцыйных партый, якія былі прадстаўленыя ў камісіях, хоць мізернай колькасцю". 

 

— На канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні Святлана Ціханоўская заклікала АБСЕ "не марнаваць час на назіранне за выбары-2024 у Беларусі". Ці згодны вы?

"З палітычнага пункту гледжання назіранне за выбарамі многім уяўляецца свайго роду сведчаннем прызнання сапраўднасці гэтага працэсу. Калі ідзе гаворка пра ўдзел у назіранні за выбарамі такіх уплывовых суб'ектаў, як БДІПЧ АБСЕ ў краіне, дзе ў перадвыбарчы перыяд знішчаная палітычная апазіцыя і ліквідаваныя найважнейшыя правы і свабоды, то я гатовы падзяліць гэты пункт гледжання. Аднак пры гэтым прычыны адмовы ад назірання міжнароднай арганізацыяй павінны быць выказаны ясна, не пакідаючы ніякіх магчымасцяў для дваякіх тлумачэнняў. Разам з тым, я бачу галоўнымі аспектамі гэтага працэсу тое, якія канкрэтныя меры з боку ўладаў Беларусі будуць названыя ў якасці ўмовы ўдзелу місіі ў назіранні, і непасрэдны змест высноваў гэтай місіі ў выпадку яе накіравання. З улікам таго, што высновы кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" часта ўлічваліся місіяй БДІПЧ АБСЕ, на нас тады ляжа адказнасць быць голасам тых, хто, знаходзячыся ў турме або пад пагрозай рэпрэсій не зможа адкрыта выказвацца", — кажа Павел Сапелка.

 

— Чым кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ў 2024 годзе будзе адрознівацца ад папярэдніх? Якія новаўвядзенні ў сувязі з выклікамі для яе плануюцца?

"Сур’ёзныя змены закрануць методыку збора інфармацыі. Як ужо было адзначана, кампанія вырашыла адмовіцца ад назіральнікаў з прычын бяспекі. Падчас гэтай электаральнай кампаніі мы плануем звярнуцца з заклікам да звычайных выбаршчыкаў аб дапамозе ў зборы інфармацыі аб парушэннях падчас выбараў. Мы распрацоўваем простую і зразумелую форму па зборы інфармацыі аб парушэннях, а таксама зразумелую інструкцыю, як бяспечна ёй карыстацца і дзяліцца інфармацыяй. Пры гэтым будзе некалькі альтэрнатыўных спосабаў даслаць інфармацыю — праз гугл-форму на адпаведную электронную скрыню, а таксама праз бяспечныя кантакты "Вясны". Раней мы ўжо карысталіся дапамогай звычайных выбаршчыкаў, а не прафесійных назіральнікаў. Але падчас гэтай кампаніі мы робім на гэтым акцэнт. Пасля верыфікацыі з боку аналітыкаў і экспертаў дасланая інфармацыя будзе выкарыстоўвацца ў нашых справаздачах”, — зазначаюць праваабаронцы.

Таксама, як звяртае ўвагу Павел Сапелка, абраны фармат правядзення кампаніі будзе мінімізаваць пагрозы і рызыкі рэпрэсій:

"Адначасова мы нагадваем усім неабыякавым беларусам пра правілы бяспечнай камунікацыі з нашымі інфармацыйнымі рэсурсамі. У цэлым незалежнае назіранне ніколі не было цалкам вольным ад пагроз з боку ўладаў. У гісторыі нашай кампаніі ёсць і масавыя затрыманні, і рэпрэсіі ў дачыненні да асобных назіральнікаў. "Вясна" была пазбаўленая рэгістрацыі за назіранне на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года. Нашых калегаў-праваабаронцаў з арганізацыі "Партнёрства" ў 2006 годзе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў заключылі пад варту ў СІЗА КДБ і пасля асудзілі да пазбаўлення волі толькі за падрыхтоўку да назірання".

Пры гэтым, прадстаўнікі і прадстаўніцы кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” лічаць важным праводзіць з беларусамі і беларускамі асветніцкую і інфармацыю працу наконт іх выбарчых правоў і дэмакратычных стандартаў правядзення выбараў: 

“Мы таксама хочам зрабіць інфармацыйную кампанію пра тое, што такое дэмакратычныя выбары ў дэмакратычнай краіне. Мы плануем выпусціць некалькі зразумелых для кожнага выбаршчыка артыкулаў, якія будуць тлумачыць, што азначаюць сумленныя і свабодныя выбары. Мы, як праваабаронцы, лічым важным працягваць працаваць з беларускім грамадствам, паказваць альтэрнатыву людзям, як можа быць добра, калі ёсць сумленныя выбары і грамадзяне могуць абіраць сваю ўладу. Трэба, каб людзі не гублялі разуменне перспектывы развіцця краіны пасля таго, як дыктатура скончыцца". 

 

Тэрмін "выбары*" у дачыненні да выбарчай кампаніі–2024 выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, бо любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключна з свабодай слова, свабодай мірных сходаў і асацыяцый, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае.