Як змянілася сітуацыя з роўнасцю і недыскрымінацыяй за апошнія 5 гадоў (2019-2023)

8.03.2024

У гэтым тэксце вы знойдзеце: 

Каб лепш пагрузіцца ў тэму, а таксама зразумець, якіх здаровых паводзінаў можна чакаць ад бізнэсу і што можа зрабіць сам чалавек, рэкамендуем прачытаць: "Што такое дыскрымінацыя: тлумачэнні ад Беларускага Хельсінкскага Камітэта". Таксама глядзіце Канцэпцыю сістэмы мер па барацьбе з дыскрымінацыяй і забеспячэнні роўнасці ў Беларусі, частка якой - канцэпцыя Закона аб роўнасці. 

 

Дадзеныя Нацыянальнага індэкса правоў чалавека аб роўнасці і недыскрымінацыі

1. Сітуацыя з роўнасцю і недыскрымінацыяй прадказальна пагаршаецца. Калі ў 2019 г. эксперты  Нацыянальнага індэкса правоў чалавека  ацэньвалі сітуацыю на 3,6 (па шкале ад 1 да 10), то ацэнка за 2023 г. складае 2,2.

 

2. У рамках Нацыянальнага індэкса правоў чалавека кампанент "Роўнасць і недыскрымінацыя" ацэньваецца паводле 5 індыкатараў: 

 

3. Больш за ўсё — з 4,6 (2019 г) → да 1,7 (2023 г) — упала ацэнка індыкатара “правы чалавека прызнаюцца за кожным, паважаюцца і забяспечваюцца ўсім без якога-кольвечы адрознення, такога як раса, колер скуры, пол, мова, рэлігія, палітычныя і іншыя перакананні, нацыянальнае або сацыяльнае паходжанне, маёмаснае становішча, нараджэнне ці іншая акалічнасць”. Гэты індыкатар гаворыць пра агульныя абавязкі дзяржавы: паважаць, абараняць і забяспечваць роўнасць у правах. Ацэнка тут упала так моцна, таму што дзяржава дэманстратыўна пачала адмаўляцца выконваць гэтыя абавязкі. Калі раней мізагінію, гамафобію і іншыя праявы дыскрымінацыі можна было спісаць на эксцэс выканаўцы, то цяпер дзяржава відавочна паказвае, што ёй не сорамна вылучаць групы, з якімі яна будзе абыходзіцца інакш. Цяпер гэта дзяржаўная палітыка.

 

4. Важным фактарам, які ўплывае на ацэнку, стала пашырэнне выкарыстання мовы варожасці. Калі ў 2020–2021 гг. яе выкарыстоўвалі ў асноўным прапагандысты, то зараз гэта рыторыка дзяржслужбоўцаў і дух законаў. Г.зн. адбываецца нармалізацыя вылучэння "не-нашых" і логікі іншага стаўлення да такіх людзей.

5. Ацэнка дзяржпраграм сярод іншага зніжаецца, таму што тэрмін старых праграм скончыўся, а новых не прынялі, г.зн. ніякіх дадатковых мер па забеспячэнні роўнасці не было прынята.

6.Менш за ўсё ўпала ацэнка механізмаў, але гэта абумоўленае тым, што і ў 2019 г. адэкватных механізмаў абароны ад дыскрымінацыі ў краіне не было.

7.Эксперткі_ы Беларускага Хельсінкскага Камітэта ў цэлым вылучаюць "адыход ад фармальнай роўнасці" і "пераход да мадэлі калектыўнай адказнасці" у якасці трэндаў 2023 г.

8. Сярод ключавых праяў гэтых трэндаў у 2023 г: 

  • Абмежаванні правоў для людзей з замежным грамадзянствам, ВНЖ і падобнымі дакументамі і як следства патрабаванне паведамляць аб іх дзяржаве. 

  • Абмежаванні на выезд з краіны для пэўных груп беларусаў.

  • Заканадаўчае замацаванне «правільнай» грамадзянскай супольнасці. 

  • Ініцыятывы па фармалізацыі дыскрымінацыі па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі, гендэра і рэпрадуктыўнага выбару.

  • Дыскрымінацыя ў адукацыі: патрабаванне характарыстыкі для абітурыентаў; гендэрна-дыскрымінацыйныя правілы прыёму ў хірургічную субардынатуру; занявольванне медыкаў-выпускнікоў. 

  • Чарговая форма фактычнага падатку для «незанятых у эканоміцы» (так званых «дармаедаў»).

  • Скасаванне магчымасці ствараць асобныя школы ці дашкольныя ўстановы з выхаваннем і навучаннем на мове меншасці (толькі класы).

  • Абмежаванне ў правах беларусаў за мяжой (пашпарты, натарыяльныя дзеянні, адмова ад участкаў для галасавання).

9. Даведайцеся больш з нашай прэзентацыі для #ZDW Zero Discrimination Week.

 

Індэкс

Нацыянальны індэкс правоў чалавека стварае група экспертак_у грамадзянскай супольнасці пры агульнай каардынацыі Беларускага Хельсінкскага Камітэта. У рамках Індэкса ацэньваюцца 18 правоў (11 грамадзянскіх і палітычных і 7 сацыяльна-эканамічных і культурных), а таксама 4 агульныя меры. Масіў звестак уключае 64 кампаненты правоў і 321 індыкатар ідэальнага стану правоў чалавека.

Індэкс паказвае змяненне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не на ўзроўні "дрэнна/добра", а на канкрэтных лічбах, якія адчуваюцца. 

Поўныя звесткі Індэкса за 5 гадоў мы прэзентуем у канцы сакавіка 2024 года.. 

Мы робім гэты індэкс дзеля трох рэчаў:

  1. каб зацікаўленыя прафесіяналы маглі хутка ацаніць агульную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, а не збіраць інфармацыю па разрозненых крыніцах;

  2. каб паказаць, як змяняецца сітуацыя;

  3. па сутнасці індэкс паказвае напрамак рэформ у галіне правоў чалавека, у якіх мае патрэбу нашая краіна.

 

Кантэкст

1. Беларускі Хельсінкскі Камітэт прэзентуе звесткі Нацыянальнага індэкса правоў чалавека  датычна дыскрымінацыі ў рамках Zero Discrimination Week, якую праводзіць моладзевая арганізацыя "ІншыЯ" з 2 да 8 сакавіка. 

Місія "Іншых" - спрыянне развіццю інклюзіўнага і талерантнага грамадства, у якім кожны адчувае сябе сабой і не падвяргаецца дыскрымінацыі. На сайце ініцыятывы вы знойдзеце  Базу інклюзіўных  практык і выдатныя падкасты аб нябачных людзях.

2. 14 — 24 сакавіка адбудзецца Тыдзень за роўнасць і інклюзію, ініцыяваны Human Constanta.

3. Якраз падчас Тыдня за роўнасць і інклюзію, 19 сакавіка Беларускі Хельсінкскі Камітэт прадставіць Канцэпцыю сістэмы мер па барацьбе з дыскрымінацыяй і забеспячэнні роўнасці ў Беларусі, частка якой - канцэпцыя Закона аб роўнасці.

Канцэпцыя распрацавана ў рамках рэалізацыі Плана дзянняў на 2023 год, прынятай Кантактнай групай па Беларусі Рады Еўропы, з удзелам беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, эксперта:к Рады Еўропы пры агульнай каардынацыі БХК.

Канцэпцыя заклікана стаць часткай комплекснай прававой рэформы ў дэмакратычнай Беларусі, а таксама служыць асновай для далейшага развіцця ідэй і падыходаў для пабудовы роўнага і інклюзіўнага грамадства, распрацоўкі наступных крокаў у гэтым напрамку, прасоўвання прынцыпаў роўнасці і недыскрымінацыі ў беларускім грамадстве.

 

4. 20 сакавіка пройдзе круглы стол для юрыстаў і адвакатаў па тэме "Канцэпцыя беларускага антыдыскрымінацыйнага заканадаўства: які антыдыскрымінацыйны орган нам патрэбны".

Круглы стол праводзіцца юрыдычным дыскусійным клубам сумесна з БХК у межах Тыдня за роўнасць і інклюзію, ініцыяванай Human Constanta.

Канцэпцыя Закона аб роўнасці для Беларусі прадугледжвае стварэнне спецыяльнага антыдыскрымінацыйнага органа, закліканага процідзейнічаць дыскрымінацыі і дапамагаць асобам, якія падвяргаюцца дыскрымінацыі. Гэта агульная еўрапейская практыка. Мадэлі і спецыфіка працы такіх органаў могуць быць рознымі, але яго наяўнасць - неад'емны элемент эфектыўнай сістэмы сродкаў прававой абароны ад дыскрымінацыі. Нам падаецца важным абмеркаваць стварэнне такога органа ў Беларусі з улікам досведу краін постсавецкага рэгіёна, якія праходзілі аналагічны шлях. Адзін з паспяховых прыкладаў - Савет па роўнасці Малдовы - спецыяльны антыдыскрымінацыйны орган, створаны ў Малдове ў 2013 годзе на падставе Закона аб забеспячэнні роўнасці.

Спецыяльны эксперт мерапрыемства - Яўген Галашчапаў, юрыст, праваабаронца, член Савета па пытаннях роўнасці Рэспублікі Малдова.

Таксама спецыяльнай эксперткай мерапрыемства будзе Кацярына Дзейкала, юрыстка-міжнародніца, экспертка Беларускага Хельсінкскага камітэта, адна з экспертак, якія працавалі над Канцэпцыяй і праектам Закона аб роўнасці.