Заява аб прызнанні Міхаіла Добыша палітвязням

16.06.2021

Прысудам суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы Міхаіл Добыш прызнаны вінаватым у тым, што 17 верасня 2020 года ў памяшканні прадуктовай крамы ў мэтах перашкоджання законнай дзейнасці і з помсты за выкананне службовай дзейнасці супрацоўніка органаў унутраных спраў маёра міліцыі І. Міцуры здзейсніў пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да І. Міцуры, якая выказалася ў "псіхалагічным уздзеянні і запалохванні, падаўленні яго волі пры асабістым выказванні славесных пагроз аб прымяненні фізічнага гвалту, пры гэтым пацярпелы меў рэальныя падставы баяцца ажыццяўлення гэтых пагроз", і яму на падставе арт. 364 прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 3 гады.

Вывучыўшы абставіны справы, прыходзім да высновы аб тым, што крымінальны пераслед М. Добыша мог мець на мэце дэманстратыўна жорстка спыніць любыя праявы пратэстнай актыўнасці, у тым ліку – дзеянні па дэананімізацыі супрацоўнікаў МУС, якія маюць дачыненне да катаванняў. Ацэнка доказаў па розных аспектах справы праведзена альбо супярэчліва, альбо няправільна, з парушэннем прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці. Прымяненне ўнутранага заканадаўства ў справе і ацэнка фактаў і доказаў відавочным чынам насілі адвольны характар і склалі відавочную памылку, чым суд парушыў сваё абавязацельства ў дачыненні да незалежнасці і бесстароннасці. Такім чынам, парушана права абвінавачанага на справядлівае судовае разбіральніцтва.

Заключэнне экспертаў і юрыстаў ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе па абвінавачванні Міхаіла Добыша па артыкуле 364 КК

Прысудам суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы Міхаіл Добыш прызнаны вінаватым у тым, што 17 верасня 2020 года ў памяшканні прадуктовай крамы ў мэтах перашкоджання законнай дзейнасці і з помсты за выкананне службовай дзейнасці супрацоўніка органаў унутраных спраў маёра міліцыі І. Міцуры здзейсніў пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да І. Міцуры, якая выявілася ў «псіхалагічным уздзеянні і запалохванні, падаўленні яго волі пры асабістым выказванні славесных пагроз аб прымяненні фізічнага гвалту, пры гэтым пацярпелы меў рэальныя падставы баяцца ажыццяўлення гэтых пагроз».

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • b) пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў усьвядомленага правапарушэння або пры адсутнасці падзеі або складу правапарушэння альбо яго здзяйсненні іншай асобай.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Міхаіла Добыша палітычна матываваным, а яго самога палітычным зняволеным у адпаведнасці з п. 3.2 (A, b) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены".

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагляду прынятых у дачыненні да Міхаіла Добыша мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд, а таксама яго вызвалення з ужываннем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

"Ініцыятыва FORB";

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларусі ПЭН-цэнтр;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт".