У сувязі з інфармацыяй аб узяцці пад варту і прад’яўленні абвінавачванняў па артыкулу 293 Крымінальнага кодэкса ("Масавыя беспарадкі") Аляксандру Цярэшку, Ірыне Шчаснай, Руслану Парфёнаву, Дзянісу Жуку, а таксама па арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак") Сяргею Ярашэвічу, Алегу Корбану,Дзмітрыю Карабейніку, Рыгору Саладоўнікаву, Арцёму Вінакурава, Івану Андрушойцю (абвінавачаны яшчэ па ч.2 арт. 349 КК), Аляксею Санчуку, Ігару Повараву, Яўгену Юшкевічу, Таццяне Якельчык, Уладзіславу Марціновічу, яшчэ раз падцвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:
Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.
Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.
Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.
Таксама адзначаем, што кваліфікацыя дзеянняў Івана Андрушойця па па ч.2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі), згодна з дзеючым заканадаўствам, не можа з'яўляцца падставай для абрання меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, нават пры наяўнасці гэтага складу злачынства ў яго дзеяннях.
Мы ацэньваем пераслед Аляксандра Цярэшкі, Ірыны Шчаснай, Руслана Парфёнава, Дзяніса Жука, Сяргея Ярашэвіча, Алега Корбана,Дзмітрыя Карабейніка, Рыгора Саладоўнікава, Арцёма Вінакурава, Івана Андрушойця, Аляксея Санчука, Ігара Поварава, Яўгена Юшкевіча, Таццяны Якельчык, Уладзіслава Марціновіча, якія былі абвінавачаныя па арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі") і па арт. 342 КК ("Групавыя дзенянні, груба парушаючыя грамадскі парадак"), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.
У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Аляксандра Цярэшку, Ірыну Шчасную, Руслана Парфянова, Дзяніса Жука, Сяргея Ярашэвіча, Алега Корбана,Дзмітрыя Карабейніка, Рыгора Саладоўнікава, Арцёма Вінакурава, Івана Андрушойця, Аляксея Санчука, Ігара Поварава, Яўгена Юшкевіча, Таццяну Якельчык, Уладзіслава Марціновіча і спыніць іх крымінальны пераслед.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
РГА "Прававая ініцыятыва”;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларускі Дакументацыйны цэнтр;
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";
Простае таварыства "Ініцыятыва FORB".