Беларускі Хельсінкскі Камітэт звярнуўся ў Следчы камітэт і Генеральную пракуратуру з нагоды аўдыязапісу з удзелам, як мяркуецца, намесніка міністра ўнутраных спраў Карпянкова Мікалая Мікалаевіча, апублікаваным 15 студзеня 2021 г. на YouTube-канале BYPOL.
На гэтым запісе, апроч іншага, згадваецца, якім чынам быў забіты Аляксандр Тарайкоўскі, ідзе гаворка пра стварэнне лагераў для пратэстоўцаў і даецца карт-бланш на прымяненне сілы да іх.
З улікам інфармацыі, якая прагучала на аўдыязапісе, праваабаронцы патрабуюць у Следчага камітэта і Генеральнай пракуратуры:
1) распачаць па факце смерці Аляксандра Тарайкоўскага крымінальную справу і правесці ўсебаковае, поўнае, аб'ектыўнае і аператыўнае расследаванне дадзенага злачынства;
2) забяспечыць максімальнае інфармаванне грамадскасці пра любыя працэсуальныя рашэнні, прынятыя па гэтай крымінальнай справе;
3) даць прававую ацэнку выказванням асобы, ідэнтыфікаванай як намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў, якія, на наш погляд, варта кваліфікаваць як падрыхтоўку да здзяйснення злачынстваў супраць бяспекі чалавецтва;
4) а таксама прыняць усе магчымыя меры ў межах кампетэнцыі па недапушчэнні рэалізацыі планаў, якія цягнуць за сабой грубыя парушэнні норм правоў чалавека і міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь.