Зварот прадстаўнікоў беларускіх праваабарончых арганізацый
24 лютага 2022 года ваенныя сілы Расійскай Федэрацыі распачалі ўварванне ва Украіну. Расійская Федэрацыя называе гэтыя дзеянні “спецыяльнай аперацыяй”, але трэба называць рэчы сваімі імёнамі: пачалася вайна, Расія - краіна-агрэсар, Беларусь уцягнутая ў гэтую вайну як саюзнік агрэсара.
Беларуская праваабарончая супольнасць упэўненая, што дзеянні Расійскай Федэрацыі - неабгрунтаваныя і неадэкватныя, яны не маюць апраўдання.
Гэта вайна не толькі з Украінай, але выклік усяму цывілізаванаму свету, і свет павінен прыняць тэрміновыя і эфектыўныя меры па супрацьдзеянні гэтай агрэсіі.
Беларуская праваабарончая супольнасць рашуча пратэстуе супраць расійскай агрэсіі і патрабуе неадкладнага спынення ваенных дзеянняў і вываду расійскіх войскаў з усёй тэрыторыі Украіны і Беларусі.
Мы рашуча выступаем супраць выкарыстання зброі для вырашэння існуючых праблем ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі. Такія дзеянні відавочна прывядуць да гуманітарнага крызісу, да чалавечых ахвяр і агульнага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека.
Беларускія праваабаронцы заклікаюць урады ўсіх краінаў і ўсе міжнародныя інстытуцыі выказаць падтрымку Украіне, украінскай грамадзянскай супольнасці і прыняць дзейныя і эфектыўныя захады для супрадзеяння агрэсіі Расіі і ўрэгулявання сітуацыі ў рэгіёне.
Мы выказваем салідарнасць і падтрымку ўкраінскаму народу ў яго барацьбе за суверэнітэт і адстойванне сваіх прынцыпаў.
Беларускі Дом Правоў Чалавека
Беларускі ПЭН
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права"
Прававая ініцыятыва
Беларуская асацыяцыя журналiстаў
Lawtrend
Беларускі Хельсінкскі Камітэт