БЕЛАРУСКІ ХЕЛЬСІНКСКІ КАМІТЭТ У 2022

30.12.2022

Гэтае паведамленне створана, каб коратка расказаць пра некаторыя важныя справы, якія былі зробленыя ў мінулым годзе, і каб падзякаваць партнёрам, экспертам, стажорам і валанцёрам.

 

8 ДАКЛАДАЎ І 15 ПАВЕДАМЛЕННЯЎ У МІЖНАРОДНЫЯ МЕХАНІЗМЫ І ПРАЦЭДУРЫ ААН

Сёння міжнародныя праваабарончыя механізмы знаходзяцца ў глыбокім крызісе (адбілася не толькі сітуацыя ў Беларусі, але і вайна!). На гэтым фоне здаецца, што ва ўзаемадзеянні з гэтай сістэмай не так шмат сэнсу. Маўляў, добра, мы расказалі нешта свету - свет выказаў глыбокую заклапочанасць. І што далей?!

Аднак нам падаецца, што сэнс усё яшчэ ёсць! З аднаго боку — нашыя паведамленні фіксуюць цяперашні рэальны стан справаў і не даюць дзяржаве манапольна прадстаўляць свету сваё бачанне сітуацыі.

З іншага боку, яны паказваюць напрамак рэформаў у галіне правоў чалавека, у якіх мае  патрэбу наша краіна. Міжнародным грашам і экспертызе, якія рана ці позна прыйдуць на аднаўленне краіны, будзе на што абаперціся.

 

МУР: НЕ ДАЛІ УРАДУ "ЗАРАБІЦЬ АЧКІ" НЯЧЭСНА

О! Тут мы зрабілі проста "фінт вушамі".

Наш урад пяшчотна любіць Мэты ўстойлівага развіцця і, верагодна, хацеў выкарыстоўваць гэты механізм, каб неяк "зарабіць сабе ачкі" на міжнароднай арэне, калі ўсе астатнія інструменты па зразумелых прычынах для іх ужо не працуюць. Справа ў тым, што справаздачы па МУР добраахвотныя, тут няма ўсталяваных фарматаў. Дзяржава сама вырашае, на чым сфакусавацца.

Для НДА магчымасць альтэрнатыўных ці дадатковых дакладаў не ўсталяваная. Але і фармальных перашкод для гэтага таксама няма (наш фінт вушамі – менавіта тут).

Дзяржава падала сваю сваю справаздачу. А грамадзянская супольнасць — ажно 2 альтэрнатыўныя.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт падрыхтаваў альтэрнатыўную справаздачу па мэце 16: "Спрыянне пабудове міралюбнага і адкрытага грамадства ў інтарэсах устойлівага развіцця, забеспячэнне доступу да правасуддзя для ўсіх і стварэнне эфектыўных, падсправаздачных і заснаваных на шырокім удзеле ўстановаў на ўсіх узроўнях".

Яшчэ адна агульная справаздача, якая тычыцца рэалізацыі ўсіх Мэтаў, была падрыхтаваная экспертамі з розных НДА пры каардынацыі офіса Святланы Ціханоўскай (эксперты БХК у гэтай справаздачы падрыхтавалі раздзелы па мэтах 16 і 17).

 

БІЗНЕС І ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ДАПАМАГАЕМ БІЗНЭСУ НЕ СТАЦЬ СУЎДЗЕЛЬНІКАМ ПАРУШЭННЯ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА

Мы працуем як сігнальная сістэма для тых, хто хоча рабіць цывілізаваны бізнэс у Беларусі/з Беларуссю.

У пачатку года мы выпусцілі агляд, прысвечаны бізнэсу і правам чалавека ў кантэксце крызісу 2020-2021; а таксама таму, як дзяржава спрабуе зрабіць бізнэс суўдзельнікам у парушэнні правоў чалавека.

Пасля нашых зваротаў да Telegram, Apple, Google былі заблакаваныя некаторыя таксічныя паблікі, афіляваныя з беларускімі ўладамі.

 

ІНДЭКС ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА: ПАСТАЯННА АЦЭНЬВАЕМ СІТУАЦЫЮ ПА 300+ КРЫТЭРЫЯХ

Прычым свае ацэнкі даюць не толькі спецыялісты ў галіне права і правоў чалавека, але і эксперты ў галіне эканомікі, аховы здароўя, адукацыі, культуры - так мы паказваем і прасоўваем правы чалавека як неад'емную частку ўсіх сфер жыцця грамадства.

Мы робім гэты індэкс дзеля трох рэчаў:

● каб зацікаўленыя прафесіяналы маглі хутка ацаніць агульную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, а не мусілі збіраць інфармацыю па разрозненых крыніцах;

● каб паказаць, як змяняецца сітуацыя;

● па сутнасці, індэкс паказвае напрамак рэформ у галіне правоў чалавека, у якіх мае патрэбу наша краіна.

 

АТРЫМАЛІ КАНСУЛЬТАТЫЎНЫ СТАТУС ПРЫ АДНЫМ З 6 ГАЛОЎНЫХ ОРГАНАЎ ААН - ЭКАСАС

Гэта азначае, што цяпер у БХК, а праз нас - і ў іншых арганізацый беларускай грамадзянскай супольнасці, якія абараняюць правы чалавека, з'явіўся больш просты шлях камунікацыі з ААН і магчымасць уплываць на парадак дня.

Мы – першая і пакуль адзіная беларуская арганізацыя з такім статусам.

Цікава, што мы атрымалі кансультатыўны статус нягледзячы на тое, што ўлады ліквідавалі нас юрыдычна.

 

КАНТАКТНАЯ ГРУПА Ў САВЕЦЕ ЕЎРОПЫ: МЫ АКТЫЎНА ЎДЗЕЛЬНІЧАЛІ Ў ЯЕ СТВАРЭННІ

Увосень была створаная Кантактная група Савета Еўропы па супрацоўніцтве з беларускім грамадствам.

Кіраўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак прыклаў шмат намаганняў для таго, каб Кантактная група запрацавала як рэальны інструмент, а яе парадак дня быў напоўнены практычным зместам. Вось тут Алег даступна тлумачыць, як усё ўладкавана.

Прадугледжваецца, што стварэнне групы дазволіць беларускай грамадзянскай супольнасці працягнуць і развіць узаемадзеянне з Саветам Еўропы ў інтарэсах і на карысць беларусаў - нягледзячы на тое, што супрацоўніцтва з афіцыйнымі ўладамі прыпыненае. Адна з новых магчымасцяў для грамадзянскай супольнасці - развіццё чалавечага патэнцыялу і распрацоўка рэформаў для трансфармацыі і ўключэння беларусаў у еўрапейскую сістэму каштоўнасцяў.

 

ДЗЕЦІ. МЫ ПРЫЦЯГНУЛІ ЎВАГУ СВЕТУ ДА СТАНОВІШЧА ДЗЯЦЕЙ У КРАІНЕ

Беларусь традыцыйна пазіцыянуе сябе як дзяржава з развітой сацыяльнай палітыкай, а клопат пра дзяцей заўсёды падкрэсліваецца асобна.

За мінулы год мы ацанілі і распавялі свету, як уладкаваная з пункту гледжання правоў чалавека беларуская школа (асабліва — з улікам узмацнення ідэалагічнага ціску дзяржавы пасля пачатку вайны ва Украіне), як выглядае доступ дзяцей да сістэмы аховы здароўя і камунікацыя з прадстаўнікамі ўлады. Даклад з вельмі жывымі прыкладамі тут.

Таксама мы праінфармавалі спецдакладчыкаў ААН і ангажаваны бізнес аб практыцы пакаянных відэа з удзелам дзяцей.

 

ЗАПУСЦІЛІ КАЛЯНДАР МІЖНАРОДНЫХ МЕХАНІЗМАЎ ДЛЯ НДА

Мы запусцілі і вядзем спецыяльны каляндар, каб беларускім НДА было прасцей і зручней выкарыстоўваць міжнародныя праваабарончыя механізмы для дапамогі сваім мэтавым аўдыторыям.

Сігналы міжнародных механізмаў можна адфільтраваць па тэгах (па тэмах вашай працы ці па мэтавай аўдыторыі), дэдлайнах, а таксама па тыпе справаздачнасці (перыядычная ці на запыт). Механізмы ААН даюць магчымасць паглядзець на праблемы мэтавых груп і на правы чалавека пад іншым вуглом і заўважыць парушэнні там, дзе яны невідавочныя. Таксама гэта важны сродак дакументавання парушэнняў правоў чалавека і іх асвятлення ў міжнародным полі.

 

РАЗВІЦЦЁ ЧАЛАВЕЧАГА ПАТЭНЦЫЯЛУ І АДУКАЦЫЯ: СТАЖЫРОЎКІ Ў БХК

Год таму мы распрацавалі сістэму і метадалогію стажыровак для маладых беларускіх юрыстаў (студэнтаў, магістрантаў) і на працягу 2022 года правялі 2 цыклы такіх стажыровак. Неад'емная частка стажыроўкі - серыя воркшопаў для развіцця як прафесійных кампетэнцый, так і soft skills.

Мы паказваем маладым юрыстам, як зрабіць правы чалавека часткай штодзённага жыцця, часткай стратэгіі развіцця грамадства і дзяржавы.

Нашыя стажоры і стажоркі не абавязкова застануцца ў праваабарончым сектары, але дакладна наблізяцца да разумення шматграннасці правоў чалавека і таго, як яны ўплываюць на развіццё грамадства.