Заява беларускіх праваабарончых арганізацый у сувязі з прызнаннем БАЖ экстрэмісцкім фарміраваннем

9.03.2023

Мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі, выказваем рашучы пратэст супраць прызнання Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) экстрэмісцкім фарміраваннем і выказваем сваю салідарнасць з калегамі.

28 лютага Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне аб прызнанні Беларускай асацыяцыі журналістаў экстрэмісцкім фарміраваннем. Гэтае рашэнне мае сур'ёзныя негатыўныя наступствы як для самой арганізацыі і яе сябраў, так і для людзей, якія ўзаемадзейнічаюць з ёй. Так, цяпер любое супрацоўніцтва з БАЖ можа быць кваліфікавана як садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і, адпаведна, цягнуць за сабой крымінальную адказнасць.

БАЖ з'яўляецца адной з найстарэйшых праваабарончых арганізацый Беларусі, найбуйнейшым дэмакратычным аб'яднаннем прадстаўнікоў незалежных СМІ Беларусі, сябрам Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў. Арганізацыя займаецца навучаннем і абаронай правоў журналістаў, ладзіць маніторынг падзей і тэндэнцый у сферы медыя, арганізуе акцыі і кампаніі, каардынуе медыясупольнасць. За сваю дзейнасць БАЖ неаднаразова ўшаноўваўся рознымі прэстыжнымі міжнароднымі і нацыянальнымі прэміямі, што яшчэ раз пацвярджае значнасць працы БАЖ у галіне правоў чалавека.

Мы расцэньваем рашэнне КДБ як чарговы крок у рамках маштабнай палітыкі адвольнага выкарыстання беларускімі ўладамі антыэкстрэмісцкага заканадаўства дзеля пераследу арганізацый грамадзянскай супольнасці і задушэння грамадзянскага актывізму.

Нацыянальнае заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму сфармулявана шырока і абстрактна, што дае празмерную свабоду дзеянняў дзяржаўным органам і дазваляе ім адвольна выкарыстоўваць прававыя палажэнні дзеля палітычных рэпрэсій. Дзяржава апраўдвае прызнанне арганізацый, якія ажыццяўляюць мірную дзейнасць па абароне правоў чалавека і адстойваюць грамадскія інтарэсы, экстрэмістамі надуманымі прычынамі нацыянальнай бяспекі і грамадскага парадку, у той час як сапраўднай падставай з'яўляецца задушэнне любой нязгоды з дзеяннямі ўладаў.

Варта адзначыць, што рашэнні аб прызнанні экстрэмісцкімі фарміраваннямі прымаюцца ў пазасудовым парадку Камітэтам дзяржаўнай бяспекі без давядзення да грамадскасці канкрэтных падстаў для прыняцця такіх рашэнняў. Спрошчаны механізм прызнання арганізацый экстрэмісцкімі фарміраваннямі, а таксама адсутнасць у грамадзян доступу да інфармацыі ставіць пад пагрозу любыя праявы самаарганізацыі і салідарнасці грамадзян, у тым ліку ў адказ на грубыя парушэнні правоў чалавека.

Мы падкрэсліваем, што прызнанне БАЖ і іншых арганізацый экстрэмісцкімі фарміраваннямі ўяўляе сабой незаконнае абмежаванне права на свабоду асацыяцый і свабоду выказвання меркаванняў, уключаючы свабоду СМІ, бо заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму не адпавядае міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, у прыватнасці, прынцыпу прававой дакладнасці, і не мае пад сабой законных мэтаў.

У сувязі з выкладзеным вышэй, мы патрабуем ад беларускіх уладаў:

  • адмяніць рашэнне аб прызнанні БАЖ, а таксама іншых беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці экстрэмісцкім фарміраваннем,
  • прывесці заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека,
  • спыніць практыку прызнання арганізацый, ініцыятыў экстрэмісцкімі без разумных і прапарцыйных падстаў, а таксама практыку прызнання матэрыялаў, накіраваных на інфармаванне грамадскасці аб сітуацыі з правамі чалавека, экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Мы заклікаем праваабарончыя арганізацыі і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці розных краін праявіць салідарнасць з БАЖ, а міжнародныя органы і арганізацыі даць належную ацэнку парушэнням правоў чалавека ў Беларусі, звярнуцца да беларускіх уладаў і запатрабаваць спыніць практыку адвольнага прызнання арганізацый экстрэмісцкімі, а іх рэсурсы – экстрэмісцкімі матэрыяламі.

 

Беларускі Хельсінкскі Камітэт

Lawtrend

Беларускі ПЭН

Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Прававая ініцыятыва

Беларускі дом правоў чалавека ім. Барыса Звозскава

Human Constanta

Офіс па правах людзей з інваліднасцю