Беларускі Хельсінкскі Камітэт ад імя кааліцыі беларускіх праваабаронцаў выступіў на 52-й сесіі Савета ААН па правах чалавека

22.03.2023

Беларускі Хельсінкскі Камітэт ад імя кааліцыі беларускіх праваабаронцаў выступіў на 52-й сесіі Савета ААН па правах чалавека.

Мы падтрымліваем пазіцыю больш як 30 беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый аб стварэнні Саветам незалежнага механізма расследавання найбольш грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку злачынствы супраць чалавечнасці. Поўны тэкст выступу – ніжэй.

Выступленне адбылося падчас інтэрактыўнага дыялогу, прысвечанага дакладу Вярхоўнага камісара "Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх".

Адзначым, што ў гэтым дакладзе прызнана, што “некаторыя з парушэнняў могуць таксама прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці, як тыя вызначаны ў міжнародным звычайным праве, калі такія дзеянні ўчыняюцца ў рамках шырокамаштабнага або сістэматычнага нападу на любых грамадзянскіх асоб, і калі такі напад учыняецца свядома”.

Пазіцыя афіцыйных уладаў, зразумела, не выклікае здзіўлення. Пастпрадства ў Жэневе: “Даклад служыць інструментам для лабіравання антыбеларускага парадку дня заходніх краін у ААН і Савеце па правах чалавека. УВКПЧ працягвае абараняць тых, хто не змог падарваць беларускую дзяржаву і незаконна захапіць уладу ў 2020 годзе, удзельнічаючы ў масавых беспарадках, накіроўваючы антыўрадавыя пратэсты, распальваючы нянавісць у грамадстве, ужываючы гвалт і пагрозы ў дачыненні да прадстаўнікоў праваахоўных органаў, дзяржаўных службовых асоб, прадзяржаўных журналістаў (крыніца).

 

Тэкст паведамлення Беларускага Хельсінкскага Камітэта ад імя кааліцыі беларускіх праваабаронцаў на 52-й сесіі Савета ААН па правах чалавека

22 сакавіка 2023 г.

Паважаны Прэзідэнт, Мадам намеснік Вярхоўнага камісара, шаноўныя Вашамосьці, Калегі

Упершыню ў Савеце выступае беларуская праваабарончая арганізацыя, якая мае кансультатыўны статус пры ЭКАСАС. Для мяне вялікі гонар быць голасам шырокай кааліцыі беларускіх праваабаронцаў.

Сёння, калі мы сабраліся тут, больш за чатырнаццаць тысяч чалавек у Беларусі, у тым ліку праваабаронцы і, у прыватнасці, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі, утрымліваюцца ў пакутлівых умовах і прызнаныя палітычнымі зняволенымі, а дзясяткам тысяч чалавек пагражае немінучы пераслед. Іх адзінае злачынства - патрабаванне свабодных і сумленных выбараў, супрацьстаянне гвалту і беспакаранасці з боку дзяржавы і адстойванне правоў чалавека.

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца трэці год запар. Высока ацэньваючы справаздачу Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека, мы заклікаем Савет па правах чалавека ўмацаваць міжнародны механізм па Беларусі, каб ён мог канкрэтна займацца самымі сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека, учыненымі ў Беларусі, уключаючы злачынствы супраць чалавечнасці. Барацьба з беспакаранасцю ў Беларусі з'яўляецца пытаннем рэгіянальнага значэння.

Падтрымліваем заклік больш за 30 беларускіх і міжнародных арганізацый да стварэння незалежнага следчага механізму для дапаўнення і кантролю працы існуючага даследавання Упраўлення Вярхоўнага камісара.

Заклікаем Савет ААН па правах чалавека да рашучых дзеянняў, асабліва ў святле выхаду Беларусі з Факультатыўнага пратакола да МПГПП. Няхай народ Беларусі ведае, што правы чалавека —  гэта не раскоша, а фундаментальны аспект нашай чалавечнасці.

Дзякуй.