Год без Алега Гулака

16.12.2023
aleh hulak

16 снежня 2022 года пайшоў з жыцця Алег Гулак,  праваабаронца, юрыст, кіраўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта. Яму было ўсяго 55 год.

Цяпер год без Алега. На адмысловай старонцы мы сабралі ўспаміны ад яго калег і калежанак па праваабарончым сектары і міжнародных партнёраў.

Успаміны: праваабаронцы, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за права чалавека (FIDH) Валянціна Стэфановіча, праваабаронцы, юрыста Уладзя Лабковіча (успаміны Валянціна і Уладзя публікуюцца па лістах з-за кратаў), праваабаронцы, юрыста ПЦ “Вясна” Паўла Сапелкі, Войцэха Бародзіча-Смаліньскага (старэйшы палітычны дарадца Амбасады Нідэрландаў у Польшчы, пазіцыя выказана ў асабістай якасці), праваабаронцы, кіраўнічкі Lawtrend Вольгі Смалянкі, юрыста-палітолага Юрыя Чавусава, Зміцера (калегі па сектары), кіраўніка Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага, намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева, праваабаронцы, прэзідэнткі ХОФ "Громадська Альтернатива" (Украина) Марыі Ясеноўскай, намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага, Яўгеніі Клеменцьевай Хольм (кіраўнічка праграмм Усходняга партнэрства, Дацкі інстытут культуры).

 

Фота Сяргея Міхаленкі.

 

 

Пра Алега Гулака 

Алег кіраваў праваабарончай арганізацыяй амаль пятнаццаць год. Калегі шанавалі яго як добрага перамоўцу і стваральніка доўгатэрміновых партнёрстваў. Алег актыўна развіваў узаемадзеянне паміж праваабаронцамі, грамадзянскай супольнасцю, дзяржавай, міжнароднай супольнасцю.

Пакуль заставалася хаця б мінімальная прастора для супрацоўніцтва, Алег стараўся наладзіць кантакты з дзяржавай. Ён быў членам Рэспубліканскай камісіі па кантролі за выкананнем правоў асуджаных, Грамадска-кансультатыўнай рады пры Кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта, уваходзіў у Партнёрскую групу ўстойлівага развіцця.

Пры гэтым кожны раз Алег выступаў як праваднік для менш прызнаных дзяржавай праваабаронцаў: напрыклад, дамагаўся запрашэнняў для калегаў з праваабарончага цэнтру “Вясна” падчас найбольш важных мерапрыемстваў.

У многім дзякуючы намаганням Алега стала магчымым прыняццё першага ў Беларусі Нацыянальнага плана па правах чалавека на 2016-2019 гады.

Пад кіраўніцтвам Алега Гулака Беларускі Хельсінкскі Камітэт у 2022 годзе першы і пакуль адзіны ў краіне атрымаў кансультатыўны статус пры ЭКАСАС ААН і ў цэлым у перыяд 2014-2019 гг. з'яўляўся ключавой арганізацыяй, якая забяспечвала ўзаемадзеянне паміж праваабарончай супольнасцю Беларусі і Сістэмай ААН у краіне. Алег быў ініцыятарам тэхнічных і экспертных кансультацый паміж дзяржаўнымі органамі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі па пытаннях узаемадзеяння з дагаворнымі органамі ААН па правах чалавека, удзелу краіны ў працэдуры Універсальнай перыядычнай справаздачы.

Алег — аўтар ідэі нацыянальнага індэкса правоў чалавека, у якім свае ацэнкі даюць не толькі спецыялісты ў галіне права і правоў чалавека, але і эксперты ў галіне аховы здароўя, адукацыі, культуры. Такім чынам, правы чалавека робяцца больш аб'ёмнымі.

Алег укладваў шмат сіл, каб зрабіць правы чалавека каштоўнасцю і часткай паўсядзённых руцін не толькі для дзяржавы і праваабарончых арганізацый, але і для арганізацый, не звязаных наўпрост з праваабарончым парадкам дня. Так, ён з'яўляўся ініцыятарам укаранення на розных узроўнях падыходу, заснаванага на правах чалавека, human rights based approach. Пры гэтым Алег адначасова аказваў экспертную падтрымку і невялікім медыям і НДА, і краінаваму офісу ААН.

Пад кіраўніцтвам Алега Беларускі Хельсінкскі Камітэт пачаў прасоўваць тэму бізнэс і правы чалавека ў Беларусі. Алег надаваў асаблівую ўвагу гэтай тэме ў кантэксце палітычнага крызісу і крызісу правоў чалавека ў 2020-2021 гадах; таму, як дзяржава спрабуе зрабіць бізнес суўдзельнікам у пытаннях парушэння правоў людзей.

Распрацаваны пры ўдзеле Алега гайдлайн дапамагае хутка разабрацца ў тэме "бізнэс і правы чалавека" і дае базавы інструментарый для ўкаранення належных падыходаў у бізнес-працэсах і дзяржаўным рэгуляванні. У 2018 годзе інфармацыя аб гайдлайне была апублікаваная на сайце МЗС, тэмай зацікавіўся банкаўскі сектар Беларусі, а вядомая кансультантка па PR з карпаратыўнага сектара назвала ўкараненне тэмы "бізнэс і правы чалавека" "сапраўдным прарывам у тэмах пра камунікацыю".

Алег — лаўрэат Франка-нямецкай прэміі "За правы чалавека і вяршэнства закона" (у 2016 годзе).