Канцэпцыя сістэмы мер па барацьбе з дыскрымінацыяй і забеспячэнні роўнасці ў Беларусі, у тым ліку Закон «Аб роўнасці і недыскрымінацыі»

19.03.2024

Канцэпцыя сістэмы мер па барацьбе з дыскрымінацыяй і забеспячэнні роўнасці ў Беларусі, у тым ліку Закон «Аб роўнасці і недыскрымінацыі», – адзін з элементаў комплекснай прававой рэформы, якая неабходна Беларусі. Дакумент распрацаваны ў рамках рэалізацыі Плана дзеянняў на 2023 год, прынятага Кантактнай групай па Беларусі Савета Еўропы, з удзелам эксперт:ак беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, эксперт:ак Савета Еўропы пры агульнай каардынацыі Беларускага Хельсінкскага Камітэта.

 

Пасля дэмакратычнага транзіту гэты дакумент:

  • можа стаць асновай/падмуркам для заканадаўства аб роўнасці і недыскрымінацыі, у тым ліку для прыняцця Закона «Аб роўнасці і недыскрымінацыі»;
  • можа выкарыстоўвацца судамі для тлумачэння існуючых нормаў ДА прыняцця закона;
  • можа выкарыстоўвацца для распрацоўкі больш дэталёвых дакументаў (рэкамендацый і тлумачэнняў) для суддзяў, пракурораў і дзяржслужачых сістэмы юстыцыі.

 

Цяпер гэты дакумент карысны як:

  • арыенцір для распрацоўкі рэформаў у іншых сферах (у тым ліку эканомікі, адукацыі, медыцыны);
  • інструмент для спецыяліст:ак у галіне юрыспрудэнцыі і дзяржкіравання для павышэння кваліфікацыі;
  • інструмент для папулярызацыі і змянення адносін да тэмы дыскрымінацыі ў грамадстве, у тым ліку яе карэктнага разумення;
  • нагода для грамадскай дыскусіі.

 

Канцэпцыя складаецца з трох раздзелаў:

1. Прававыя падставы сістэмы мер па барацьбе з дыскрымінацыяй і забеспячэнні роўнасці і практыка няроўнага абыходжання

Раздзел апісвае, чаму патрэбна сістэма мер і асобны Закон «Аб роўнасці і недыскрымінацыі» і чаму дзяржава абавязана рэалізоўваць гэтыя меры і прыняць такі закон: міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў сферы роўнасці і недыскрымінацыі, праблемы нацыянальнага заканадаўства і правапрымяняльная практыка.

2. Сістэма мер па барацьбе з дыскрымінацыяй і забеспячэнні роўнасці ў Беларусі

  • Палітыка, планы і стратэгіі ў сферы забеспячэння роўнасці і недыскрымінацыі.
  • Комплекснае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства.
  • Сістэма эфектыўных сродкаў абароны ад дыскрымінацыі.
  • Сістэма маніторынгу.

3. Канцэпцыя Закона Рэспублікі Беларусь «Аб роўнасці і недыскрымінацыі»

Канцэпцыя вызначае прынцыповыя палажэнні і ключавыя моманты (уключаючы асноўную тэрміналогію), на якіх павінен грунтавацца будучы закон і якія неабходна ўлічыць пры яго распрацоўцы.

У некаторых выпадках, дзе магчымыя розныя варыянты дзеянняў, Канцэпцыя не змяшчае канкрэтнага рашэння, але прапануе калідор магчымых. Збольшага гэта абумоўлена тым фактам, што сёння (у пачатку 2024 года) складана меркаваць, калі менавіта будзе распрацоўвацца гэты закон, наколькі комплекснай будзе прававая рэформа і які сітуацыйны кантэкст будзе ў Беларусі на момант пачатку пераходнага перыяду. Гэта таксама наўмысна зроблена для таго, каб стымуляваць грамадскую дыскусію па найбольш спрэчных пытаннях. Такая дыскусія з'яўляецца адным з важных інструментаў па прасоўванні ідэй роўнасці і недыскрымінацыі ў беларускім грамадстве.

 

Тэкст Канцэпцыі ў pdf (просім прабачэння, цяпер тэкст даступны толькі па-руску; беларуская версія хутка з'явіцца).

 
 

Каб лепш пагрузіцца ў тэму, а таксама зразумець, якія здаровыя паводзіны можна чакаць ад бізнесу і што можа зрабіць сам чалавек, рэкамендуем прачытаць: "Што такое дыскрымінацыя: тлумачэнне ад Беларускага Хельсінкскага Камітэта"

Як змянілася сітуацыя з роўнасцю і недыскрымінацыяй за апошнія 5 гадоў (данныя 2019-2023)