Расавая дыскрымінацыя ў Беларусі: заключныя заўвагі CERD

9.09.2024

У ліпені Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Human Constanta ў супрацоўніцтве з Беларускім ПЭНам і Lawtrend накіравалі Камітэту альтэрнатыўны даклад аб выкананні дзяржавай асобных абавязальніцтваў па барацьбе з расавай дыскрымінацыяй. Тут пералічаныя праблемы, якія БХК і партнёры палічылі самымі вострымі і важнымі ў беларускім кантэксце.

У жніўні Камітэт разгледзеў аб'яднаныя даклады (Беларусь павінна была даць справаздачу аб выкананні сваіх абавязальніцтваў яшчэ ў 2020 г.), якія накіроўвала дзяржава - з імі можна азнаёміцца тут. Па выніку разгляду нацыянальных дакладаў Камітэт прымае заключныя заўвагі, у якіх падсвятляюцца станоўчыя аспекты палітыкі дзяржавы ў сферы барацьбы з расавай дыскрымінацыяй, а таксама выказваюцца падставы для занепакоенасці і рэкамендацыі для выпраўлення сітуацыі. 

[Нагадаем: вызначэнне расавай дыскрымінацыі шырэйшае, чым можа падацца: пад ёй прынята разумець неабгрунтаваную розніцу ў стаўленні, якая можа быць абумоўленая не толькі расай і колерам скуры чалавека, але таксама родавым/этнічным паходжаннем ці нацыянальнасцю.]

 

У чым Камітэт убачыў прагрэс?

Сябры Камітэта станоўча ацанілі наступныя меры: 

  • прыняцце Закона аб абароне персанальных звестак і Закона аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі, 

  • дзеянне Праграмы развіцця міжканфесійных, міжэтнічных адносін і супрацоўніцтва з прадстаўнікамі этнічных груп, якія пражываюць за мяжой, а таксама Праграмы развіцця міжнацыянальных адносін, 

  • а таксама правядзенне ўсеагульнага перапісу насельніцтва ў 2019-м годзе. 

Акрамя таго, вітаецца абяцанне ўладаў далучыцца да Канвенцыі аб статусе апатрыдаў 1954 года і Канвенцыі аб скарачэнні безграмадзянства 1961 года.

На гэтым станоўчыя аспекты ў палітыцы дзяржавы, якім-небудзь чынам звязаныя з барацьбой супраць расавай дыскрымінацыі, заканчваюцца. 

 

Што выклікала асаблівую занепакоенасць Камітэта?

Сябры Камітэта звярнулі асаблівую ўвагу на наступнае:  

  • па-ранейшаму не прынятае ўсёабдымнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, якое замацоўвала б, між іншага, выразную і недвухсэнсоўную забарону расавай дыскрымінацыі ў фармулёўках першага артыкула Канвенцыі,

  • судовая сістэма на практыцы залежыць ад палітычнага кантролю і ўплыву; дзяржава не можа гарантаваць належнае адпраўленне правасуддзя, 

  • адсутнічае інфармацыя аб правядзенні расследаванняў і прыцягнення да адказнасці вінаватых у празмерным ужыванні сілы, катаванняў, бесчалавечнага і прыніжаючага годнасць стаўлення да мірных пратэстуючых у жніўні 2020 г. і пасля, 

  • нягледзячы на завярэнні дзяржавы ў паслядоўным правядзенні палітыкі па свабодным развіцці культур, моваў і традыцый усіх нацыянальных супольнасцяў, Камітэт звярнуў увагу на шматлікія неправамерныя абмежаванні правоў нацыянальных меншасцяў, а таксама людзей, якія жывуць з ВІЧ, і іх стыгматызацыю.