Права на найвышэйшы дасягальны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя — адно з фундаментальных правоў чалавека. Аднак у апошнія гады ў Беларусі сітуацыя з рэалізацыяй гэтага права істотна пагоршылася. Паводле дадзеных Нацыянальнага індэкса правоў чалавека, ацэнка рэалізацыі права на здароўе знізілася з 5,7/10 у 2019 годзе да 4,2/10 у 2024 годзе.
Гэты даклад прысвечаны праву на здароўе і накіраваны на папулярызацыю ў Беларусі праваабарончага падыходу ў сферы аховы здароўя. Даклад падрыхтаваны сумесна Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і Фондам медыцынскай салідарнасці, што дазволіла сфарміраваць адзіную рамку, якая аб’ядноўвае клінічную экспертызу з міжнароднымі і нацыянальнымі стандартамі ў галіне права на здароўе.
Метадалогія даследавання ўключае кабінетны аналіз нацыянальнай нарматыўнай базы, статыстычных дадзеных і іншых даступных крыніц, а таксама міжнародных актаў.
Упершыню ў адным масіве былі сабраныя, прааналізаваныя і абагульненыя ўсе рэкамендацыі міжнародных механізмаў, што датычацца рэалізацыі права на здароўе ў Рэспубліцы Беларусь, уключаючы прававыя пазіцыі Камітэта па правах чалавека, Камітэта па правах асоб з інваліднасцю, Камітэта па правах дзіцяці, Камітэта па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, Камітэта па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі, а таксама рэкамендацыі ў межах Універсальнага перыядычнага агляду, добраахвотнага нацыянальнага агляду Мэтаў устойлівага развіцця і спецыяльных працэдур Савета па правах чалавека ААН.
Даклад падрыхтаваны з выкарыстаннем прававых крыніц і даступных статыстычных дадзеных па стане на 5 снежня 2025 года.
Падрыхтавана пры падтрымцы Human Rights House Foundation.
