
Мы вітаем вызваленні беларускімі ўладамі людзей, якія пераследуюцца з палітычных матываў, у тым ліку здзейсненыя пры намаганнях ЗША і іншых дзяржаў. З моманту пачатку вядомых нам масавых вызваленняў (3 ліпеня 2024 г.) гэта каля 900 чалавек.
Разам з тым, улічваючы працяглыя вызваленні, грамадскія дыскусіі пра сітуацыю з рэпрэсіямі ў Беларусі, у тым ліку ініцыяваныя такімі вызваленнямі, а таксама пазіцыі міграцыйных улад шэрагу дзяржаў, якія канстатуюць паляпшэнне сітуацыі, мы, кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем наступнае:
За шэсць гадоў рэпрэсіўнай палітыкі ў Беларусі з 2020 года на дзяржаўным узроўні створана і дзейнічае скаардынаваная сістэма задушэння іншадумства, у якой удзельнічаюць праваахоўныя органы, суды, органы пенітэнцыярнай сістэмы і іншыя дзяржаўныя органы. Змяненні ў прававой сістэме пасля 2020 года прывялі да замацаванай у заканадаўстве фармальнай дыскрымінацыі людзей, якіх дзяржава лічыць іншадумцамі. Такія людзі пазбаўлены правоў у многіх сферах, што выходзяць далёка за межы крымінальнага або адміністрацыйнага пераследу. Яны не проста страчваюць грамадзянскія і палітычныя правы, але не могуць паўнавартасна ўдзельнічаць у сацыяльным, эканамічным і культурным жыцці. Рэпрэсіі шырока распаўсюджаны ў сферах адукацыі, працы (гл. заяву праваабарончай кааліцыі ад 25.05.2026 г.), культуры. Да велізарнай колькасці людзей, якія жывуць у Беларусі, у паўсядзённым жыцці ўвесь час прымяняюцца незаконныя адміністрацыйныя практыкі, што ствараюць атмасферу кантролю і страху.
Пры гэтым за мінулыя шэсць гадоў істотна павысіўся латэнтны характар рэпрэсій. Як за кошт мэтанакіраванага ўтойвання інфармацыі і слядоў рэпрэсіўных практык (гл. даклад ПЦ Вясна «Схаваныя рэпрэсіі ў Беларусі 2020–2026»), так і за кошт распаўсюджвання форм ціску, якія самі па сабе менш відавочныя і не заўсёды ўспрымаюцца як рэпрэсіі.
Улады таксама робяцца ўсё менш пераборлівымі ў выбары сродкаў. Гэта вядзе да ўзнікнення «спадарожных рэпрэсій»: для ціску выкарыстоўваюцца меры і сродкі, якія закранаюць значна шырэйшая за заяўленую мішэнь кола людзей (у тым ліку прызнанне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй», чатаў сваякоў зняволеных – «экстрэмісцкімі фармаваннямі», «пашпартны ўказ».
Улады ўвесь час умацоўваюць транснацыянальны характар рэпрэсій для таго, каб аказваць ціск на людзей, якія знаходзяцца за межамі краіны (завочны крымінальны пераслед, абмежаванні, звязаныя з дакументамі, ціск на сваякоў, якія застаюцца ў Беларусі, і інш.).
Рэпрэсіўная палітыка закранае не толькі асобных людзей, але і незалежныя грамадскія інстытуты. Масавая ліквідацыя арганізацый грамадзянскай супольнасці, палітычных партый, ціск на незалежныя медыя, крыміналізацыя дзейнасці незарэгістраваных аб’яднанняў, прымяненне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму сталі самастойнымі інструментамі задушэння незалежнай грамадскай дзейнасці і істотнага скарачэння яе арганізацыйнай і інфармацыйнай інфраструктуры.
У выніку шырокае кола людзей, закранутых рэпрэсіямі, у спалучэнні з усё больш латэнтным характарам рэпрэсіўных практык істотна ўскладняюць атрыманне інфармацыі і маніторынг рэпрэсіўных дзеянняў улад.
Мы можам казаць пра змену формаў рэпрэсій, але даступныя звесткі не сведчаць пра зніжэнне іх інтэнсіўнасці. Увесь час заводзяцца новыя крымінальныя справы, выносяцца прысуды, адбываюцца затрыманні, узмацняецца жорсткасць рэпрэсіўнага заканадаўства практычна ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, уводзяцца новыя абмежаванні ў сферы працы і адукацыі. З пачатку масавых вызваленняў (3 ліпеня 2024 г.) як мінімум 3200 чалавек сталі фігурантамі крымінальных спраў, было зафіксавана не менш як 28,5 тысячы затрыманняў, вобыскаў і іншых форм крымінальных і адміністрацыйных рэпрэсій. Колькасць людзей, прызнаных палітвязнямі (у тым ліку былымі) павялічылася з 3391 (615 з іх жанчыны) да 4879 (906 з іх жанчыны), гэта значыць на 1488 чалавек; 885 з іх знаходзяцца ў зняволенні.
Сам факт вызвалення людзей не спыняе рэпрэсіўных дзеянняў дзяржавы ў дачыненні да іх. Прымусовая высылка вызваленых з краіны набыла масавы і сістэматычны характар (гл. заяву праваабарончай кааліцыі ад 25.01.2025 г.). На сённяшні дзень з вядомых нам каля 900 вызваленых чалавек прымусова вывезена з краіны – не менш за 220. Акрамя гэтага ціск на былых палітвязняў, як унутры Беларусі, так і за яе межамі працягваецца.
Нагадваем, што сёння любая статыстыка, датычная рэпрэсій у Беларусі – гэта мінімальная ацэнка, а не поўная карціна. Мы фіксуем факт толькі калі ён пацверджаны, таму звесткі могуць папаўняцца са спазненнем. Для мэт маніторынгу і фіксацыі парушэнняў, а таксама справядлівай рэабілітацыі не мае значэння, калі менавіта чалавека затрымалі, пазбавілі волі ці па-іншаму рэпрэсавалі. Важны момант, калі грамадству робіцца вядома пра факт яго пераследу.
Зыходзячы са сказанага, звяртаем асаблівую ўвагу на тое, што колькасныя паказчыкі рэпрэсій, і найперш колькасць палітвязняў, на сёння не з’яўляюцца адзіным індыкатарам стану сістэмы. Для ацэнкі рэальных змен важныя якасныя індыкатары. Да такіх адносяцца, у першую чаргу, спыненне палітычна матываваных крымінальных спраў, спыненне катаванняў, жорсткага абыходжання і іншага дыскрымінацыйнага стаўлення да людзей, якія знаходзяцца ў месцах несвабоды з палітычных прычын, магчымасць для вызваленых палітвязняў паўнавартасна ўдзельнічаць у эканамічным і сацыяльным жыцці і свабодна выбіраць месца знаходжання, адмена «пашпартнага ўказа», магчымасць свабоднай дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя і многія іншыя. Поўны спіс крытэрыяў для маніторынгу сітуацыі з рэпрэсіямі ў Беларусі змяшчаецца ў дакуменце «Крытэрыі рэпрэсій», распрацаваным праваабарончай кааліцыяй у 2025 г. (даецца на запыт).
Пры адсутнасці прагрэсу ў гэтых адносінах зніжэнне або рост асобных лічбаў не кажа пра якаснае змяненне сітуацыі.
У сувязі са сказаным, заклікаем беларускія ўлады:
● забяспечыць належны доступ да інфармацыі пра крымінальны і адміністрацыйны пераслед, уключаючы адпаведную статыстыку і судовыя рашэнні;
● даць прымусова высланым людзям магчымасць бяспечна вярнуцца ў Беларусь, а людзям, якіх плануецца вызваліць у будучыні, – права свабодна выбіраць месца свайго знаходжання;
● вызваліць усіх прызнаных праваабаронцамі палітычных зняволеных, а таксама невядомых праваабаронцам людзей, асуджаных за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці»;
● спыніць палітычна матываваны пераслед ва ўсіх формах, уключаючы транснацыянальныя рэпрэсіі; прызначыць мараторый на рэпрэсіўныя нормы заканадаўства, уведзеныя пасля 2020 г. да іх адмены або прывядзення ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека;
● спыніць рэпрэсіўныя практыкі ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці, уключаючы незалежныя прафсаюзы, палітычных партый і СМІ.
Заклікаем міжнародных партнёраў, у тым ліку прадстаўнікоў дзяржаў і міжнародных арганізацый, якія ўдзельнічаюць у дыялогу з беларускімі ўладамі:
● не разглядаць вызваленні палітычных зняволеных як адзіны рэлевантны індыкатар змены сітуацыі з рэпрэсіямі ў Беларусі;
● у сваіх ацэнках сітуацыі ў Беларусі ўлічваць шырэйшую карціну сістэмных абмежаванняў, а не толькі статыстыку затрыманняў, прысудаў і вызваленняў;
● пры вызначэнні ўмоў для дыялогу, змякчэння санкцыйнага рэжыму, аднаўлення супрацоўніцтва ці іншых форм нармалізацыі адносін з беларускімі ўладамі кіравацца сукупнасцю колькасных і якасных крытэрыяў, якія дазваляюць ацэньваць сістэмныя змены, а не дынамікай асобных паказчыкаў;
● давесці гэтую заяву да ведама сваіх міграцыйных органаў і забяспечыць іх належнае інфармаванне, каб справы грамадзян Беларусі, якім сапраўды пагражае палітычна матываваны пераслед, разглядаліся з максімальнай паўнатой і аб’ектыўнасцю.
Заклікаем міграцыйныя органы дзяржаў, у якіх пражываюць вымушаныя з’ехаць беларусы:
● пры разглядзе спраў аб наданні міжнароднай абароны грамадзянам Беларусі перш за ўсё кіравацца свежымі звесткамі і аналітыкай беларускіх праваабарончых арганізацый і спецыяльных органаў і працэдур ААН па Беларусі (Спецдакладчык па Беларусі, Група незалежных экспертаў ААН па Беларусі).
Заклікаем беларускіх палітычных актараў, экспертную супольнасць:
● пазбягаць палітызацыі звестак праваабарончага маніторынгу, адказна ставіцца да іх інтэрпрэтацыі і распаўсюджвання;
● пры каментаванні сітуацыі з рэпрэсіямі і вызваленнямі ўсебакова ацэньваць сітуацыю, рабіць акцэнт на якасных зменах сістэмы, каб не ствараць у беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці скажонага ўяўлення пра характар бягучых працэсаў.
Беларускі Хельсінкскі Камітэт
Беларускі ПЭН
Беларускі дом правоў чалавека
Правовая инициатива
Беларуская асацыяцыя журналістаў
Human Constanta
Офис по правам людей с инвалидностью
Respect-Protect-Fulfill
Lawtrend
Праваабарончы цэнтр "Вясна"
