У дадзеным заключэнні аналізуюцца нарматыўна-прававыя акты, пададзеныя дзяржавай для адкрытага карыстання.
Дадзеная незалежная грамадская юрыдычная экспертыза праведзеная па вырашэнні Рады РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" (далей БХК) ад 29 лістапада 2007 года на падставе абзаца 2 п.2.4 Статута БХК (у рэд. ад 8.05.2007 года).
Прадметам даследавання з'яўляецца праверка актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь на адпаведнасць нормам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным дамовам Рэспублікі Беларусь, якія забараняюць прымусовую працу.
Рэспубліка Беларусь з'яўляецца чальцом Міжнароднай арганізацыі працы (далей МАП) з 1954 году. Як удзельнік МАП яна ратыфікавала 30 чэрвеня 1956 года Канвенцыю № 29 аб прымусовай працы (1930 г.) і 25 верасня 1995 года Канвенцыю № 105 аб скасаванні прымусовай працы (1957 г.). Дадзеныя Канвенцыі накладаюць на дзяржавы-чальцоў абавязкі па ператварэнні палажэнняў ў жыццё.
Паводле п. 1 арт. 2 Канвенцыі № 29 дзеля мэтаў названай Канвенцыі тэрмін "прымусовая або абавязковая праца" азначае ўсялякую працу ці службу, якая патрабуецца ад пэўнай асобы пад пагрозай якога-небудзь пакарання, для выканання якой гэтая асоба не прапанавала сваіх паслугаў добраахвотна.
Але ж панятак "прымусовая або абавязковая праца" дзеля мэтаў Канвенцыі не ўключае ў сябе:
а) кожную працу або службу, якая патрабуецца ў сілу законаў аб абавязковай вайсковай службе і выкарыстоўваецца для прац чыста ваеннага характару;
b) кожную працу або службу, якая з'яўляецца часткай звычайных грамадзянскіх абавязкаў грамадзянаў краіны з поўным самакіраваннем;
c) кожную працу або службу, якая патрабуецца ад якой-небудзь асобы праз прысуд, вынесены рашэннем судовага органу, пры ўмове, што гэтая праца ці служба будзе выконвацца пад наглядам і кантролем дзяржаўных уладаў і што зазначаная асоба не будзе саступленай ці перададзенай у веданне прыватных асобаў, кампаній ці супольнасцяў.
d) кожную працу або службу, якая патрабуецца ва ўмовах надзвычайных абставінаў, то бок у выпадках вайны альбо бедства альбо пагрозы бедства, як-то: пажары, павадкі, голад, землятрусы, моцныя эпідэміі ці эпізотыі, нашэсці жывёлінаў, насякомых або паразітаў раслін, і ўвогуле абставінаў, якія ставяць пад пагрозу або здольных паставіць пад пагрозу жыццё ці нармалёвыя жыццёвыя ўмовы ўсяго або часткі насельніцтва;
e) дробныя працы супольнага характару, то бок працы, якія выконваюцца для прамой карысці калектыву чальцамі дадзенага калектыву, і якія таму могуць лічыцца звычайнымі грамадзянскімі абавязкамі чальцоў калектыву пры ўмове, што само насельніцтва не супраць або яго непасрэдныя прадстаўнікі маюць права выказваць сваё меркаванне адносна мэтазгоднасці гэтых працаў (п. 2 арт. 2 Канвенцыі).
Акрамя таго, забарона на выкарыстанне прымусовай працы ўтрымліваецца ў падпункце "а" пункта 3 арт. 8 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. У ім зазначана: "ніхто не павінен змушацца да прымусовай ці абавязковай працы". А ў пункце 1 арт. 6 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурніцкіх правах замацавана права кожнага чалавека "на атрыманне магчымасці зарабляць сабе на жыццё працай, якую ён вольна абірае ці на якую вольна пагаджаецца". Абодва пакта ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь 12 лістапада 1973 года.
Паводле правілаў, выкладзеных у ч. 2 арт. 6 ГК, ч. 2 арт. 15 Закона "Аб міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь", ч. 2 арт. 20 Закона "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь", пасля ўваходжання ў сілу актаў аб ратыфікацыі міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь, іх норма з'яўляюцца часткай дзейснага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заканадаўства, якое мусіць быць непасрэдна ўжытым.
Названыя прадпісанні міжнародных нормаў аб забароне прымусовай працы Рэспубліка Беларусь замацавала ў Асноўным законе - Канстытуцыі - і Працоўным кодэксе (далей ПК). Так, у ч. 4 арт. 41 Канстытуцыі абвяшчаецца, што "прымусовая праца забараняецца, акрамя працы ці службы, якая вызначаецца прысудам суду або паводле закона аб надзвычайным і ваенным становішчы".
Аналагічная забарона ўтрымліваецца ў арт.12 ПК. Пры гэтым, імплементуючы міжнародныя нормы аб забароне прымусовай працы ў нацыянальнае заканадаўства, у ч.2 дадзенага артыкула прыводзяцца аднолькавыя па сэнсе і змесце адпаведныя нормы Канвенцыі МАТ № 105 з улікам дзеяння арт. 14 ПК аб забароне дыскрымінацыі ў галіне працы.
Удакладняючы і раскрываючы больш поўна змест ч. 4 арт.41 Канстытуцыі, заканадаўца ў ч. 3 арт. 13 ПК паказаў на тое, што "не лічыцца прымусовай працай:
1) праца, якая выконваецца праз уваходжанне ў сілу законнага прысуда суду пад наглядам дзяржаўных органаў, адказных за захаванне законнасці пры выкананні судовых прысудаў;
2) праца, выкананне якой абумоўлена заканадаўствам аб вайсковай службе ці надзвычайнымі абставінамі".
У сілу ч.4 арт. 8 ПК Рэспублікі Беларусь калі міжнароднай дамовай Рэспублікі Беларусь або канвенцыяй МАТ, удзельніцай якой з'яўляецца Рэспубліка Беларусь, былі ўсталяваныя іншыя правілы, чым прадугледжаныя заканадаўствам аб працы Рэспублікі Беларусь, то ўжываюцца правілы міжнароднай дамовы ці канвенцыі.
Пры аб'ектыўным і непрадузятым аналізе прыведзеных вышэй нормаў аб забароне прымусовай працы можна прыйсці да высновы аб тым, што Рэспубліка Беларусь выканала ўзятыя на сябе міжнародныя абавязкі аб забароне прымусовай працы.
Аднак пры даследаванні іншых заканадаўчых актаў і практыкі, якая склалася, варта прызнаць, што дадзеныя забароны ў Рэспубліцы Беларусь не скасаваныя і прымусовая праца выкарыстоўваецца, да прыкладу, ва Ўзброеных сілах і ў частцы працы маладых спецыялістаў па абавязковым размеркаванні.
І
Законам Рэспублікі Беларусь "Аб ваеннай павіннасці і ваеннай службе" (у рэдакцыі аб 20.07.2007 г.) пад вайсковай службай разумеецца асноўны від ваеннай службы, якая змяшчае ў сабе непасрэднае выкананне грамадзянамі ваеннай павіннасці (канстытуцыйнага абавязку па абароне Рэспублікі Беларусь) у складзе Ўзброеных сіл і іншых ваенных фарміраванняў. У дадзеным Законе адсутнічаюць якія-небудзь прадумовы для ўзаконення прымусовай працы. Разам з тым, паводле п.4 арт. 8 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб статусе вайскоўца" (у рэдакцыі ад 22.03.1995 г. № 3685-ХІІ) дапушчаецца "прыцягненне вайскоўцаў у перыяд праходжання ваеннай службы да працаў і выканання іншых абавязкаў, не абумоўленых службай…"
Раскрываючы змест дадзенай нормы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь сваёй пастановай ад 29 лістапада 2004 № 71 зацвердзіла Інструкцыю аб парадку прыцягнення вайскоўцаў Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь у перыяд адбывання ваеннай службы да працаў і выканання іншых абавязкаў, не абумоўленых ваеннай службай (далей Інструкцыя). Як вынікае з назвы самой Інструкцыі яна ўжываецца "… да працаў і выканання іншых абавязкаў, не абумоўленых ваеннай службай", то бок да прац, якія не падпадаюць пад заўвагі, яіая ўтрымліваюцца ў падпункце "а" пункта 2 артыкула 2 Канвенцыі МАТ № 29.
Паводле п. 2 названай вышэй Інструкцыі вайскоўцы ў перыяд адбывання ваеннай службы могуць прыцягвацца да прац (аказання паслуг) і выканання іншых абавязкаў, на абумоўленых ваеннай службай (далей - працы), пры наяўнасці абгрунтаванняў неабходнасці правядзення пазначаных прац, выконванні бяспечных умоў працы ў мэтах:
1) выканання прац для патрэб органа ваеннага ўпраўлення, злучэння, вайсковай часткі, вайсковай навучальнай установы, арганізацыі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь (далей - вайсковая частка);
2) удасканалення спецыяльнай падрыхтоўкі;
3) правядзення агульнадзяржаўных мерапрыемстваў (у тым ліку святкаванне дзяржаўных і іншых святаў);
4) барацьбы з пажарамі і стыхійнымі бедствамі або для аказання дапамогі насельніцтву, якое пацярпела ад пажару ці стыхійнага бедства;
5) аказання вайсковай часткай платных паслуг (прац);
6) іншага выканання абавязкаў у выпадках, прадугледжаных актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Камерцыйны (а не ваенны) характар дзеянняў па выкананні прац (паслуг), пазначаных у п. 5, пацвярджаецца зместам п. 11 Інструкцыі аб накіраванні рапарта па падначаленасці з абгрунтаваннем мэтазгоднасці выканання прац з разлікам матэрыяльных выдаткаў, якія панясе вайсковая частка ў сувязі з іх выкананнем, а таксама грашовыя і матэрыяльныя сродкі, якія плануюцца да атрымання, з дадаткам праекта дамовы і пратакола ўзгаднення дамоўнага кошту. Атрымаўшы дазвол Міністэрства абароны на выкананне прац, камандзір вайсковай часткі выдае адпаведны загад і пры неабходнасці заключае грамадзянска-прававую дамову на іх выкананне з гаспадарчым суб'ектам (п. 13 Інструкцыі).
Аналагічныя нормы ўведзеныя і для транспартных войскаў Рэспублікі Беларусь. Згодна п.20 палажэння аб транспартных войсках Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Загадам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб 10 траўня 2006 г. № 312 (далей Палажэнне) транспартныя войскі могуць выконваць на адплатнай аснове працы (паслугі) і іншыя дамоўныя абавязкі ў парадку, які ўсталяваны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Парадак і ўмовы арганізацыі па аказанні платных паслуг і прыцягненню вайскоўцаў да прац, не абумоўленых ваеннай службай, вызначаныя загадам Міністра абароны Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2007 года № 553 "Аб зацверджанні Канцэпцыі аказання платных паслуг ва Ўзброеных сілах". У сілу п. 13 дадатку № 2 да дадзенага загаду транспартным войскам дазволена здзяйсненне будаўніча-мантажных прац, якія выконваюцца структурнымі падраздзяленнямі па грамадзянска-прававых дамовах з гаспадарчымі суб'ектамі на адплатнай аснове.
Пры гэтым варта ўлічваць, што вайскоўцы тэрміновай службы накіроўваюцца на працы паводле загада камандавання вайсковай часткі і выконваюць яе не на добраахвотнай аснове, а пад страхам пакарання за невыкананне загаду. Аплата іх працы пры выкананні будаўнічых прац і іншых відаў прац (аказання паслуг) заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не прадугледжана. Заробленыя такім чынам грашовыя сродкі пасля пакрыцця ўсіх выдаткаў, звязаных з іх выкананнем, выплаты абавязковых плацяжоў у бюджэт, выкарыстоўваюцца Міністэрствам абароны ў вызначаных мэтах, у тым ліку для ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы войскаў апроч бюджэтных асігнаванняў, а не на аплату працы вайскоўцаў.
Такім чынам, прыцягненне вайскоўцаў у перыяд праходжання абавязковай ваеннай службы да прац, не абумоўленых непасрэдным выкананнем ваеннай павіннасці, не падпадае пад заўвагу падпункта "а" п. 2 арт. Канвенцыі МАТ № 29 і можа сведчыць аб выкарыстанні прымусовай працы ў вайсковых структурах Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Прыкметы прымусовай працы пры апісаных вышэй абставінах ёсць у наяўнасці ў выніку наступнага:
1) вайскоўцы дзейнічаюць па загадзе камандзіра (абавязаныя … "выконваць загады камандзіраў і начальнікаў беспярэчна і ў тэрмін" - абзац 6 ч. 2 арт. 20 Закона "Аб статусе вайскоўцаў");
2) вайскоўцы выконваюць працы (паслугі), не абумоўленыя непасрэдным выкананнем ваеннай павіннасці (канстытуцыйнага абавязку па абароне Рэспублікі Беларусь);
3) іх праца не з'яўляецца працай па вольным найме;
4) за выкананне прац (паслуг) яны не атрымліваюць суадносную аплату.
ІІ
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь 2 красавіка 1997 года прыняў спецыяльную пастанову № 276 аб размеркаванні маладых спецыялістаў. У сакавіку 2002 года абавязковае размеркаванне выпускнікоў было замацавана ў новай рэдакцыі Закона "Аб адукацыі".
Паводле арт. 10 пазначанага Закона "выпускнікі, якія навучаюцца на дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, размяркоўваюцца ў парадку, усталяваным Урадам Рэспублікі Беларусь". Такі парадак у дадзены час усталяваны Палажэннем аб размеркаванні выпускнікоў устаноў адукацыі, зацверджана Пастановай Савета Міністраў аб 10.12.2007 № 1702 (далей Палажэнне).
Маладыя спецыялісты абавязаныя адпрацаваць па размеркаванні адзін год - пасля атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, два гады - пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі ў месцах, якія вызначаюцца камісіяй па размеркаванні выпускнікоў. Паводле Палажэння малады спецыяліст на падставе пасведчання аб накіраванні на працу павінен прыбыць да месца працы, працаўладкавацца на пазначанае ў пасведчанні прадпрыемства, арганізацыю, установу і адпрацаваць там вызначаны тэрмін.
Наймальнікам незалежна ад формаў уласнасці забараняецца прымаць на працу маладых спецыялістаў - выпускнікоў устаноў адукацыі без пасведчання аб накіраванні на працу і звальняць іх раней за сканчэнне абавязковага тэрміну працы, за выключэннем звальнення па ініцыятыве наймальніка за вінаватыя дзеянні. Прававой падставай для заключэння працоўнай дамовы (кантракту) служыць не волевыяўленне працаўніка па найманні - маладога спецыяліста і згода абодвух бакоў, а абавязковае да выканання пасведчанне аб накіраванні на працу. Дадзенае пасведчанне з'яўляецца дакументам строгай справаздачнасці. Пры гэтым гаворка не ідзе аб накіраванні маладых спецыялістаў выключна ў зоны, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Такое размеркаванне ажыццяўляецца па ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь па заяўках арганізацый на неабходную колькасць працоўных (службоўцаў), спецыялістаў.
Размеркаванне і працаўладкаванне маладых спецыялістаў кантралюецца дзяржаўнымі арганамі, падначаленымі або падсправаздачнымі Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ды іншымі органамі, падначаленымі Ўраду Рэспублікі Беларусь, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, якія маюць у сваім падпарадкаванні ўстановы адукацыі (п. 6 Палажэння). Парадак абскарджання рашэнняў камісій па размеркаванні выпускнікоў устаноў адукацыі, у тым ліку ў судзе, не прадугледжаны.
Пастановай Савета Міністраў № 1255 ад 23 верасня 2006 года зацверджана Палажэнне аб пакрыцці сродкаў у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкаў, выдадзеных дзяржавай на падрыхтоўку працоўнага (службоўца), спецыяліста. Паводле п. 2 пазначанага Палажэння "пакрыццё ў рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на падрыхтоўку працоўнага (службоўца), спецыяліста, ажыццяўляецца выпускнікамі ўстаноў адукацыі, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі, у тым ліку і на падставе дамоваў аб мэтавай падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў, за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, накіраванымі на працу па размеркаванні (маладыя спецыялісты), калі яны не адпрацавалі па размеркаванні адзін год - пасля атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, два гады - пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі". Прынятымі 12 чэрвені 2006 г. заўвагамі ў Закон "Аб адукацыі" дадзеныя правілы набылі сілу закона.
Такім чынам, студэнт, які прайшоў усталяваны конкурс і атрымаў права на бясплатную адукацыю, пасля сканчэння навучальнай установы абавязаны адпрацаваць па размеркаванні вызначаны заканадаўствам тэрмін. Ў процілеглым выпадку ён мусіць заплаціць за сваю адукацыю. На нашую думку, абавязак адпрацаваць па размеркаванні з'яўляецца нічым іншым, як абавязкам унясення сустрэчнага давання за атрыманне адукацыі (ч. 1 арт. 393 ГК). Гэтая акалічнасць, а таксама патрабаванне аб пакрыцці выняткаў на адукацыю (хай нават у выпадку невыканання дадзенага абавязку) дае магчымасць сцвярджаць, што такая форма атрымання адукацыі першапачаткова па сваёй прыродзе з'яўляецца платнай.
Аналагічныя формы закладзеныя і ў прынятым 12 чэрвеня 2007 г. Законе "Аб вышэйшай адукацыі" (набыў моў 16.01.2008 г.). Варта адзначыць, што ў арт. 4 пазначанага Закона, які фіксуе права на атрыманне вышэйшай адукацыі, гаворка ўжо не ідзе аб гарантаваным Канстытуцыяй праве на атрыманне бясплатнай вышэйшай адукацыі на конкурснай аснове.
Такім чынам, Беларусь, праз увядзенне інстытута прымусовага размеркавання маладых спецыялістаў (у дадзеным выпадку не маюцца на ўвазе выпускнікі, якія атрымалі адукацыю па дамове аб мэтавай падрыхтоўцы), вярнулася да практыкі планавай падрыхтоўкі і размеркавання кадраў вынікаючы з патрэбаў вытворчасці. Так, у п. 2 Палажэння аб размеркаванні выпускнікоў устаноў адукацыі, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10.12.2007 № 1702, прама паказана на тое, што "размеркаванне выпускнікоў ажыццяўляецца ўстановамі адукацыі ў мэтах задавальнення патрэб галін эканомікі і сацыяльнай сферы ў спецыялістах, працоўных (службоўцаў)…"
Разгледзеўшы на падставе арт. 40 Канстытуцыі і ч.1 арт. 116 Канстытуцыі зварот Рэспубліканскага моладзевага грамадскага аб'яднання "Задзiночаньне беларускiх студэнтаў", Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь у сваім рашэнні ад 30 жніўня 2006 года таксама прызнаў, што размеркаванне выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, за выключэннем тых з іх, хто навучаецца на платнай аснове, уведзена "ў мэтах паляпшэння кадравага забеспячэння найважных галін гаспадаркі Рэспублікі Беларусь", што "персанальнае размеркаванне маладых спецыялістаў у цяперашніх умовах з'яўляецца змушаным крокам дзяржавы і абумоўлена тым, што ў значнай ступені складанасцямі пераходнага перыяду". У той жа час Канстытуцыйны суд паказаў на тое, што прынцыпы кадравага забеспячэння павінны ў перспектыве грунтавацца на больш поўным спалучэнні інтарэсаў дзяржавы, грамадства і выпускнікоў навучальных установаў, эфектыўным выкарыстанні іх з улікам атрыманай спецыяльнасці, стварэннем выпускнікам з боку наймальнікаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама дзяржавы такіх умоваў для працы і пражывання, якія б рэальна стымулявалі працаўладкаванне маладых спецыялістаў у такіх рэгіёнах без абавязковага размеркавання. Аднак дадзеныя рэкамендацыі дзяржавай не рэалізаваныя.
Выкладзенае паказвае, што нарматыўныя прадпісанні абавязковай працы маладых спецыялістаў, якія накіроўваюцца на працу па размеркаванні, не падпадаюць пад заўвагі пункта 2 арт. 2 Канвенцыі МАТ № 29.
Пры апісаных вышэй акалічнасцях праца па абавязковым размеркаванні набывае характар прымусовай працы, што прама супярэчыць ч. 4 арт.41 Канстытуцыі, а таксама арт. 13 ПК і міжнародным абавязкам Рэспублікі Беларусь.
Размеркаванне выкарыстоўваецца дзяржавай як метад мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы дзеля патрэб эканамічнага развіцця краіны і асобных рэгіёнаў без якой-небудзь добраахвотнасці маладых спецыялістаў. Абавязковая праца па месцы размеркавання ажыццяўляецца пад страхам пакарання, у якасці якога выступае патрабаванне аб пакрыцці сродкаў, выдаткаваных на адукацыю.
Пры гэтым варта мець на ўвазе, што арт. 281 ПК Рэспублікі Беларусь, які гарантуе атрыманне першага працоўнага месца выпускнікамі дзяржаўных ўстаноў адукацыі не прадугледжвае і не абавязвае маладых спецыялістаў да абавязковай адпрацоўкі адпаведных тэрмінаў, невыкананне якіх цягне за сабою грамадзянска-прававую адказнасць у выглядзе выплаты сродкаў, выдаткаваных на адукацыю. То бок прымус да выканання абавязкаў у дадзеным артыкуле не закладзены і яна не ўтрымлівае спасылкавай нормы на гэта конт.
Такім чынам, абавязковая адпрацоўка вызначанага тэрміну выпускнікамі установаў адукацыі на падставе пасведчанняў аб накіраванні на працу адпавядае, па нашым меркаванні, прававому сэнсу тэрміна "прымусовая ці абавязковая праца", які азначае ў адпаведнасці з п. 1 арт. 2 Канвенцыі МАТ № 29 "усялякую працу або службу, якая патрабуецца ад якой-небудзь асобы пад пагрозай якога-небудзь пакарання, для выканання якой гэтая асоба не прапанавала сваіх паслуг добраахвотна".
Спрэчныя норма заканадаўства і праваўжывальная практыка аб абавязковым размеркаванні выпускнікоў парушае абавязкі, якія Рэспубліка Беларусь узяла на сябе па Канвенцыі № 105. У адпаведнасці з арт. 1 пазначанай Канвенцыі, кожны яе ўдзельнік абавязаўся "скасаваць прымусовую працу і не прыбягаць якой-небудзь яе форме:
а) у якасці сродку палітычнага ўздзеяння ці выхавання ці ў якасці меры пакарання за наяўнасць або за выказванне палітычных поглядаў ці ідэалагічных перакананняў, процілеглых усталяванай палітычнай, сацыяльнай ці эканамічнай сістэме;
b) у якасці метада мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы дзеля патрэб эканамічнага развіцця;
с) у якасці сродку падтрымання працоўнай дысцыпліны;
d) у якасці сродку пакарання за ўдзел у забастоўках;
е) у якасці меры дыскрымінацыі па прыкметах расавай, сацыяльнай і нацыянальнай прыналежнасці ці веравызнання".
III
Законам Рэспублікі Беларусь ад 19.07.2005 г. № 37-3 "Аб занясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытаннях пакрыцця выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні" (рэд. Закона Рэспублікі Беларусь ад 15.06.2006 № 125-3) былі ўнесеныя адпаведныя змены і дапаўненні ў ПК, Кодэкс Рэспублікі Беларусь а шлюбе і сям'і (далей КаШС), Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь (далей ГПК), Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь (далей КК). Дадзеныя змены ўвялі ў практыку пакрыццё ў поўным памеры выдаткаў дзяржавы на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, а таксама адказнасць, прадугледжаную заканадаўствам Рэспублікі Беларусь за ўхіленне ад гэтых абавязкаў. Паводле арт. 93 КаШС ў новай рэдакцыі прадпісваецца, што "бацькі, пазбаўленыя бацькоўскіх праў, бацькі, у якіх дзеці адлучаныя без пазбаўлення бацькоўскіх правоў, бацькі, прызнаныя абмежавана дзеяздольнымі, бацькі, якія знаходзяцца ў вышуку, лячэбна-працоўных прафілакторыях ці месцах утрымання пад вартай, бацькі, якія адбываць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды, арышта, пакрываюць у поўным памеры выдаткі дзяржавы па ўтрыманні дзяцей, за ўвесь перыяд знаходжання дзяцей на дзяржаўным забеспячэнні ў дзіцячых інтэрнатных установах (дамах дзіцяці, дзіцячы дамах, школах-інтэрнатах, спецыяльных вучэбна-выхаваўчых установах, якія забяспечваюць утрыманне і выхаванне дзяцей), дзяржаўных спецыялізаваных установах для непаўналетніх, якім патрэбна сацыяльная дапамога і рэабілітацыя, дзяржаўных установах, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзіцячых вёсках (гарадках), апякунскіх сем'ях, прыёмных сем'ях". Памер і склад выдаткаў усталёўваецца Ўрадам Рэспублікі Беларусь.
Сродкі на пакрыццё выдаткаў дзяржавы па ўтрыманні дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні (далей выдаткі), пералічваюцца ў даход бюджэта, з якога фінансуюцца дзіцячыя інтэрнацкія ўстановы, дзяржаўныя спецыялізаваныя ўстановы для непаўналетніх, якім патрэбна сацыяльная дапамога і рэабілітацыя, дзяржаўныя ўстановы, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, ці выконваюцца штомесячныя грашовыя выплаты на дзяцей (дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзіцячыя вёскі (гарадкі), апякунскія сем'і, прыёмныя сем'і).
Паводле ч.5 арт. 11 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь" ад 15 чэрвеня 2006 г. № 125-3 (са зменамі ад 29.12.2006) "дзяржава забяспечвае працаўладкаванне бацькоў, якія абавязаныя пакрыць выдаткі дзяржавы па ўтрыманні дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, і накіраваныя па рашэнні суду ў органы дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва, шляхам усталявання броні для прыёму іх на працу".
П. 1 ч. 1 арт.16 ПК (Забарона неабгрунтаванай адмовы грамадзянам у заключэнні працоўнага дагавору) дапоўнены палажэннем аб уключэнні броні грамадзян, абавязаных пакрыць выняткі дзяржавы па ўтрыманні дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, накіраваных на працу дзяржаўнымі службамі занятасці.
Абавязаныя асобы, якія не працуюць ці працуюць , але не ў поўным аб'ёме пакрываюць выдаткі па ўтрыманні дзяцей, падлягаюць працаўладкаванню ў парадку, усталяваным п. 14 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006 № 18, у мэтах забеспячэння выканання імі абавязкаў па ўтрыманні і выхаванні сваіх дзяцей. Пытанні працаўладкавання абавязаных асоб вырашаюцца судом ў вызначэнні аб судовым загадзе аб спагнанні выдаткаў па ўтрыманні дзяцей, рашэнні аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, адлучэнні дзяцей без пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Судовая пастанова аб працаўладкаванні абавязанай асобы з'яўляецца падставай для звальнення з мінулага месца працы па п. 5 арт. 44 ПК.
У выпадку неабходнасці працаўладкавання абавязанай асобы, якая знаходзіцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі ці вызваленага з месцаў пазбаўлення свабоды, адміністрацыя лячэбна-працоўнага прафілакторыя ці ўстановы крымінальна-выканаўчай сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў абавязанае інфармаваць аб гэтым суд па месцы сталага пражывання абавязанай асобы, органы ўнутраных спраў і органы дзяржаўнай службы занятасці, а таксама накіраваць у суд выканаўчы дакумент у дзень вызвалення дадзенай асобы.
У паказаных выпадках абавязаныя асобы, якія падлягаюць працаўладкаванню, да месца сталага жыхарства суправаджаюцца працаўнікамі лячэбна-працоўнага прафілакторыя ці ўстановы крымінальна-выканаўчай сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў. Працаўладкаванне гэтых асоб ажыццяўляецца на падставе вызначэння суду, якое выносіцца ў мэтах забеспячэння здзяйснення выканаўчых дзеянняў. Адпаведнае вызначэнне суду павінна быць вынесенае на працягу пяці працоўных дзён са дня паступлення выканаўчага дакумента ў суд (п. 13 Дэкрэта ад 24.11.2006 № 18).
Судовая пастанова аб працаўладкаванні абавязанай асобы на працягу трох працоўных дзён пасля вынясення накіроўваецца ў органы ўнутраных спраў і органы дзяржаўнай службы занятасці па месцы сталага жыхарства абавязанай асобы, а ў выпадку, калі месца сталага жыхарства гэтай асобы невядомае, - па месцы знаходжання суду для падбору арганізацыі ў мэтах яго працаўладкавання і падлягае неадкладнаму выкананню. Органы дзяржаўнай службы занятасці абавязаныя цягам трох працоўных дзён вызначыць адну ці некалькі арганізацый для працаўладкавання абавязанай асобы. Пры гэтым падбор арганізацыі (арганізацый) ажыццяўляецца такім чынам, каб заробкавая плата абавязанай асобы дазваляла забяспечыць поўнае выкананне штомесячных абавязкаў па пакрыцці выдаткаў па ўтрыманні дзяцей і за ім захоўвалася не меней за 30 % заробку.
Абавязаная асоба павінна з'явіцца ў арганізацыю і прыступіць да працы не пазней за наступны дзень пасля атрымання накіравання органа дзяржаўнай службы занятасці. Прыём на працу абавязанай асобы, якая падлягае працаўладкаванню па пастанове суду, здзяйсняецца на падставе накіравання органа дзяржаўнай службы занятасці. Яўку непрацоўных працаздольных абавязаных асоб у органы дзяржаўнай службы занятасці і на працу ў арганізацыі забяспечваюць органы ўнутраных спраў. Не дазваляецца адмова наймальнікаў у прыёме на працу абавязаных асоб, якія накіроўваюцца органамі дзяржаўнай службы занятасці, а таксама абавязаных асоб ад выканання працы.
Паводле ч. 7 п.14 Дэкрэта № 18 на асобы, працаўладкаваныя па пастанове суду, распаўсюджваецца заканадаўства аб сацыяльным страхаванні, пенсійнае заканадаўства, заканадаўства аб працы, за выключэннем права на прадстаўленне працы ў адпаведнасці з адукацыяй і прафесійнай падрыхтоўкай, а таксама на ўсталяваную заканадаўствам працягласць працоўнага адпачынку (пазначаныя асобы маюць права на адпачынак працягласцю ў сем календарных дзён). Кантроль за штодзённай яўкай абавязаных асоб на працу здзяйсняюць наймальнікі сумесна з органамі ўнутраных спраў і органамі дзяржаўнай службы занятасці. Арганізацыі, у якіх працуюць абавязаныя асобы, павінны інфармаваць суд, які назірае за выкананнем судовай пастановы або выканаўчы надпіс натарыўса, органы ўнутраных спраў аб сістэматычным нез'яўленні на працу гэтых асоб, калі вычарпаныя ўсе іншыя сродкі па забяспячэнні іх яўкі на працу і выкананню працоўных павіннасцяў.
Праца абавязаных асоб, якая здзяйсняецца на падставе пастановы суду, скасоўваецца пасля поўнага пакрыцця выдаткаў па ўтрыманні дзяцей альбо пасля самастойнага працаўладкавання гэтых асоб на працу з заробкавай платай, вышэйшай за плату па вызначанаму месцы працы.
Вышэйпазначаны парадак прымусовага працаўладкавання "недобрасумленных" бацькоў дэталізаваны ў Палажэнні аб працаўладкаванні бацькоў, абавязаных пакрываць выдаткі дзяржавы па ўтрыманні дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26.01.2007 г. № 105. Дадзеным палажэннем, у прыватнасці, прадугледжана, што арганізацыі, якія вызначаны аблвыканкамамі, а таксама Мінскім гарвыканкамам сумесна з Мінскім аблвыканкамам, штомесяц да 1-га чысла наступнага месяцу прадстаўляюць у органы дзяржаўнай службы занятасці звесткі аб вольных месцах (вакансіях), якая маюцца ў наяўнасці з указаннем памера заробкавай платы для працаўладкавання абавязаных асоб (п. 6); прыём на працу абавязанай асобы, якая падлягае працаўладкаванню па судовай пастанове, здзяйсняецца на падставе накіравання на працу, выдадзенага органам дзяржаўнай службы занятасці (п. 8).
Дадаткі да артыкула 174 КК увялі крымінальную адказнасць бацькоў, якія ўхіляюцца больш за тры месяцы ад выплаты па судовай пастанове сродкаў па пакрыцці выдаткаў дзяржавы па ўтрыманні дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Санкцыямі першай часткі пазначанага артыкулу прадугледжана пакаранне ў выглядзе выпраўленчых прац на тэрмін да двух год або абмежаванне свабоды на тэрмін да трох год, а часткай другой пры той жа альтэрнатыве пакаранняў яшчэ прадугледжваецца і абмежаванне свабоды да чатырох год.
Паводле Дэкрэту № 18 абавязак пакрыцця выдаткаў па ўтрыманні дзяцей ўзнікае са дня змяшчэння дзіцяці на дзяржаўнае забеспячэнне і скасоўваецца пасля іх поўнага пагашэння або ў выпадку смерці бацькоў ці па рашэнні суду пры ўзнікненні абставінаў, якія цягнуць за сабою вызваленне ад пакрыцця выдаткаў па ўтрыманні дзяцей.
Апісаныя выпадкі працы асоб, абавязаных да пакрыцця выдаткаў дзяржавы па ўтрыманні дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, не падпадаюць пад заўвагі, пазначаныя ў п. 2 арт. 2 Канвенцыі МАТ № 29, супярэчаць ч. 4 арт. 41 Канстытуцыі, арт. 13 ПК і павінны быць кваліфікаваныя як прымусовая праца.
IV
Законам Рэспублікі Беларусь ад 21.06.1991 г. "Аб мерах уздзеяння ў адносінах хранічных алкаголікаў і наркаманаў, якія сістэматычна парушаюць грамадскі парадак і правы другіх асоб" (у рэд. Ад 13.07.2000 г.) вызначана, што "хранічныя алкаголікі і наркаманы абавязаныя праходзіць лячэнне ў лячэбна-прафілактычных установах органаў аховы здароўя. Хранічныя алкаголікі і наркаманы, якія сваімі паводзінамі, звязанымі са злоўжываннем алкаголем, або на глебе ўжывання наркатычных сродкаў сістэматычна парушаюць грамадскі парадак ці правы іншых асоб, могуць быць па рашэнні раённага суду прымусова ізаляваныя на тэрмін ад аднаго да паўтары гадоў у лячэбна-працоўных прафілакторыях для іх медыка-сацыяльнай рэабілітацыі з абавязковым прыцягеннем да працы".
Пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 09.10.2007 г. № 264 зацверджаныя Правілы ўнутранага распарадку лячэбна-працоўных прафілакторыяў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь (далей Правілы). Асобы, якія ўтрымліваюцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях (далей ЛПП), паводле Правілаў павінны працаваць на аб'ектах вытворчасці па накіраванні адміністрацыі ЛПП і выконваць правілы тэхнікі бяспекі (п. 26.18). Умовы працы асоб, якія ўтрымліваюцца ў ЛПП, рэгулююцца працоўным заканадаўствам з улікам асаблівасцяў, звязаных з іх утрыманнем у ЛПП. На гэтых асоб не распаўсюджваецца заканадаўства: аб працоўным дагаворы: аб калектыўнай дамове; аб няпоўным працоўным часе; аб захаванні заробкавай платы пры пераводзе і перасоўванні на іншую сталую ніжэй аплачваную працу; аб працоўным калектыве прадпрыемства; аб гарантыях для працаўнікоў на час выканання імі дзяржаўных і грамадскіх абавязкаў; аб дысцыплінарнай адказнасці працаўнікоў.
За парушэнне Правіл, у тым ліку адмову ад выканання прац, да асобы, якая ўтрымліваецца ў ЛПП, ужываюцца наступныя меры спагнання: папярэджанне, вымова, заключэнне ў ізалятар на тэрмін да дзесяці сутак.
Не ўнікаючы ў абмеркаванне неканстытуцыйнасці прымусовага накіравання ў ЛПП для лячэння алкагалізму і наркаманіі, выкарыстанне працы асоб, змешчаных у ЛПП, таксама сведчыць аб ягоным прымусовым характары.
Прыкметы прымусовай працы маюць месца ў сувязі з наступнымі акалічнасцямі:
1) асоба змяшчаюцца ў ЛПП на падставе пастановы суду, а не прысуда за здзяйсненне крымінальна каральных дзеянняў;
2) асобы прыцягваюцца да працы не добраахвотна, а абавязковым чынам;
3) на дадзеныя асобы не распаўсюджваюцца асноўныя гарантыі, прадугледжаныя заканадаўствам аб працы ў дачыненні найманага працаўніка;
4) праца выконваецца пад пагрозай ужывання гвалтоўнага ўздзеяння (арт. 13 ПК);
5) праца не з'яўляецца абумоўленай заканадаўствам аб ваеннай службе альбо надзвычайнымі абставінамі (ч. 4 арт. 41 Канстытуцыі).
Пры такіх умовах прыцягненне асоб да абавязковай працы ў ЛПП падпадае пад тэрмін "прымусовая ці абавязковая праца", які паводле п. 1 арт. 2 Канвенцыі МАТ № 29 азначае ўсялякую працу ці службу, якая патрабуецца ад якой-небудзь асобы пад пагрозай якога-небудзь пакарання, для выканання якой гэтая асоба не прапанавала сваіх паслуг добраахвотна. Праца асоб, якія ўтрымліваюцца ў ЛПП, выкарыстоўваецца ў мэтах выхавання (п "а" арт. 1 Канвенцыі МАТ № 105) і не падпадае пад заўвагі, прадугледжаныя Канвенцыяй МАТ № 29.
Ратыфікаваўшы Канвенцыю МАТ № 105, Рэспублікі Беларусь узяла на сябе абавязак прыняць эфектыўныя захады па неадкладным і поўным скасаванні тых відаў прымусовай ці абавязковай працы, якія пералічаныя ў арт. 1 Канвенцыі. Аднак прымусовая праца ў Рэспубліцы Беларусь ужываецца. Разам з тым, як мы мяркуем, у дзяржавы няма сур'ёзных аргументаў і абгрунтаванняў лічыць, што абмежаванне права на свабодную працу і ўвядзенне прымусовай працы могуць быць у цяперашні час дапушчальнымі ў адпаведнасці з арт.23 Канстытуцыі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Прынамсі довадаў для такіх абмежаванняў у прааналізаваным заканадаўстве не прыведзена.
Пры разглядзе падобных спрэчак судам належыць кіравацца арт.арт. 7, 8, 112, 137 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ч. 4 арт. 8 ПК, а таксама патрабаваннямі Пленума Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь, выкладзенымі ў пастанове ад 28 верасня 2001 № 10 "Аб рашэнні суду першай інстанцыі". Так у п. 2 дадзенай пастановы судам растлумачана, што "нормы права, якія змяшчаюцца ў міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь, ужываюцца судамі ў адпаведнасці з становішчамі арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2000 г. "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь". Калі суд прыйдзе да высновы, што нарматыўны акт, які мусіць ўжывацца пры разглядзе пэўнай справы, супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ён ужывае норму, якая адпавядае Канстытуцыі. Пасля ўступа рашэння ў законную сілу суд, які вынес рашэнне, звяртаецца ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь па пытанні занясення прапаноў Канстытуцыйнаму Суду Рэспублікі Беларусь аб праверцы адпаведнасці нарматыўнага акту Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт.арт. 112, 116 Канстытуцыі)".
У адпаведнасці з Статутам і працэдурамі МАТ магчыма накіраванне скаргі ў Адміністрацыйную раду з просьбай аб расследаванні выпадкаў прымусовай працы ў Рэспубліцы Беларусь.