Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання: 21 − 27 верасня

Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Працягваецца этап інфармавання выбаршчыкаў і перадвыбарчай агітацыі.  Назіральнікі фіксуюць шматлікія формы і выпадкі незаконнай агітацыі за А. Лукашэнка, якія ажыццяўляюцца на дзяржаўныя сродкі. Аляксандр Лукашэнка адмовіўся ад прадастаўленага эфірнага часу для выступлення ў якасці кандыдата, матывуючы тым, што ў перыяд перадвыбарчай кампаніі ён заняты практычнымі пытаннямі развіцця краіны і замежнымі візітамі.

21 верасня ў Варшаве пачала працу  штогадовая еўрапейская канферэнцыя па правах чалавека і дэмакратыі, арганізаваная БДІПЧ АБСЕ. Сваю пазіцыю наконт выбарчай кампаніі 2015 г. выказалі праваабаронцы − каардынатары кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

БАЖ апублікавала маніторынг асвятлення прэзідэнцкіх выбараў у беларускіх СМІ. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, паводле ацэнкі БАЖ, прытрымліваюцца «ранейшай мадэлі асвятлення выбарчага працэсу, характэрнымі рысамі якой з’яўляюцца канцэнтрацыя ўвагі на дзейнасці Прэзідэнта і яго станоўчая ацэнка, на працы ЦВК, тэрытарыяльных выбарчых камісій». Але ў параўнанні з прэзідэнцкай кампаніяй 2010 г., дзяржаўныя электронныя медыя надаюць тэме выбараў большую ўвагу. «З пачаткам агітацыйнай кампаніі ў рэпрэзентацыі кандыдатаў-сапернікаў дзеючага Прэзідэнта і асвятленні іх дзейнасці адбыліся некаторыя пазітыўныя змены: з’явіліся нейтральныя рэпартажы, прысвечаныя выступам кандыдатаў і іх агітацыйнай дзейнасці».

АГІТАЦЫЯ

У краіне практычна незаўважны агітацыйныя мерапрыемствы кандыдатаў С. Гайдукевіча і М. Улаховіча, больш актыўна працуе Т. Караткевіч. УВК разнеслі па паштовых скрынях выбаршчыкаў інфармацыйныя ўлёткі чатырох кандыдатаў у прэзідэнты. Друкаванай агітацыйнай прадукцыі кандыдатаў вельмі мала, за выключэннем агітацыйных матэрыялаў у падтрымку А. Лукашэнкі.

У сталіцы і рэгіёнах назіральнікі адзначаюць актыўнасць мясцовых органаў улады ў агітацыі за главу дзяржавы. Для арганізацыі і правядзення сустрэч з выбаршчыкамі давераныя асобы кандыдата А. Лукашэнкі карыстаюцца адміністрацыйным рэсурсам.

24 верасня у Віцебску на сустрэчы Міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі Акадэміі ветэрынарнай медыцыны гаварылася пра перспектывы развіцця аграпрамысловага комплекса краіны, неабходнасць падтрымкі на выбарах улады і эканамічнага курса краіны. Рэктар Антон Ятусевіч даклаў, што ў 2010 г. у падначаленай яму навучальнай установе 96 % галасоў было аддадзена за Лукашэнку, і заверыў міністра ў далейшай падтрымцы.

У Полацкім дзяржаўным універсітэце да выкладчыкаў даведзена задача інфармаваць студэнтаў аб высокіх дасягненнях дзеючай улады (выдадзена спецыяльная ўлётка) і агітаваць падтрымаць прэзідэнта на выбарах.

У Маладзечна сустрэча выбаршчыкаў з даверанай асобай А. Лукашэнкі Сямёнам Шапірам у ДУ «Палац культуры г. Маладзечна» прызначана з парушэннем Рашэння Маладзечненскага райвыканкама ад 8 верасня 2015 г. № 832. Згодна з гэтым рашэннем для перадвыбарчых сустрэчаў вылучана толькі малая зала палаца, аднак выступленне даверанай асобы А. Лукашэнкі запланавана правесці ў канцэртнай зале гэтай установы культуры.

25 верасня адбылася сустрэча з Сяргеем Бяспалым – даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, галоўным рэдактарам газеты «Гомельская праўда». Аўдыторыю выбаршчыкаў забяспечылі знятыя на гэты час з заняткаў студэнты і выкладчыкі ГДУ імя Ф. Скарыны. «Гэта не агітацыя, а імітацыя, – каментуе наш назіральнік у Гомелі. – Хоць імітацыя і адпавядае ўсяму характару беларускіх выбараў. Я жыву тут побач – хоць бы нейкія абвесткі павесілі пра сустрэчу, нейкім чынам праінфармавалі людзей – выбарцаў, можа, хто і прыйшоў бы».

Гомельскія праваабаронцы, сярод якіх Леанід Судаленка, Анатоль Паплаўны і Віктар Казлоў, падалі заяўкі на правядзенне 27 верасня шэсця супраць удзелу выбаршчыкаў у датэрміновым галасаванні. Актывісты АГП запланавалі восем шэсцяў з мэтай заклікаць выбаршчыкаў да байкоту выбараў. Гомельскі Гарвыканкам не дазволіў ні адно з мерапрыемстваў. Арганізатары маюць намер абскардзіць гэтыя рашэнні ў судзе.

У г. Віцебску актывісты Парты КХП-БНФ пакуль не атрымалі адказу гарвыканкама на заяўкі на правядзенне пікетаў з мэтай інфармавання грамадзян аб недапушчальнасці ўдзелу ў выбарах кандыдата А. Лукашэнкі.

ПРАЦА ТВК

Пачалі працаваць выбарчыя ўчасткі. Фармальна грамадзяне маюць права праверыць, ці ўключаны яны ў спісы выбаршчыкаў, і сапраўднасць звестак.

26 верасня ў Глуску назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» наведаў выбарчы ўчастак № 2 Глускай раённай ТВК, дзе прад’явіў свае дакументы аб акрэдытацыі. Згодна з Калядарным планам, да 26 верасня ўчастковыя камісіі павінны на сваіх ўчастках аформіць стэнды з інфармацыйнымі матэрыяламі пра кандыдатаў у прэзідэнты. У памяшканні ўчастка № 2 Глускай раённай ТВК назіральнік убачыў толькі адзін агітацыйны плакат − у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Спісаў выбаршчыкаў на момант яго з’яўлення ў дзяжурных не было, яны захоўваліся ў старшыні УВК В.М. Беразоўскага. Па прыездзе старшыня адразу зрабіў вымову дзяжурным, за тое, што падпусцілі назіральніка да стала, на якім ляжалі іншыя дакументы, і запатрабаваў ад назіральніка адысці і знаходзіцца на адлегласці некалькі метраў. Спісы выбаршчыкаў жыхароў дома, дзе жыве назіральнік, былі паказаны яму пасля дадатковай праверкі дакументаў. Высветлілася, што асобы, прапісаныя ў яго кватэры, у гэтыя спісы не ўнесены.

СМІ

Шырока асвятляюцца акцыі недзяржаўных праўладных арганізацый, якія заявілі пра сваю падтрымку прэзідэнта: народна-патрыятычная акцыя ФПБ «Мы – разам!», акцыя БРСМ «Наш год – наш выбар!». Раённыя газеты на першых старонках публікуюць заяву ФПБ, зробленую 25 верасня. «Мы призываем всех граждан нашей страны, − гаворыцца ў заяве, − объединиться и поддержать на выборах Александра Григорьевича Лукашенко <…> Под руководством Александра Лукашенко Беларусь прошла колоссальный путь развития и состоялась как независимое государство. Именно благодаря Президенту в нашей стране сохранен мир и порядок. Глава государства всегда на стороне простых людей. Он переживает и болеет за страну, ответственен за судьбу Отечества. Это вызывает искреннее уважение белорусского народа». Публікуюцца таксама матэрыялы сустрэчы А. Лукашэнкі 25 верасня з работнікамі Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне, падчас якой прагучала шмат яго перадвыбарчых тэзісаў.

АБСКАРДЖАННЕ

 Арт. 46 ВК забараняе службовым асобам сродкаў масавай інфармацыі весці тэле- і радыёпраграмы, удзельнічаць у асвятленні выбараў праз сродкі масавай інфармацыі, калі названыя асобы з'яўляюцца даверанымі асобамі кандыдатаў у прэзідэнты. У парушэнне гэтай нормы ВК давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты А. Лукашэнкі, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Г. Давыдзька 11 верасня вёў перадачу «Клуб рэдактараў», у якой асвятлялася і тэма выбараў. 24 верасня старшыня ЦВК адрэагавала на парушэнне і заявіла, што «строга папярэдзіла» Г. Давыдзьку. Які прававы статус такога папярэджання, чаму яно з вынесена не самому кандыдату А. Лукашэнку, а яго даверанай асобе, пакуль не высветлена