Для тых, хто працуе па тэмах: права на здароўе, права на працу, права на адукацыю, права на дастатковы жыццёвы ўзровень, сацыяльна-эканамічныя і культурныя правы уразлівых груп і г.д.
Беларускі Хельсінкскі Камітэт запрашае да ўдзелу ў канферэнцыі "Абарона эканамічных, сацыяльных і культурных правоў праз праваабарончыя механізмы ААН: ад тэорыі да практыкі", якая пройдзе ў г. Мінску 4-5 кастрычніка 2019 г.
У 2020 г. Беларусь прадставіць перыядычны даклад у Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах. Арганізацыі грамадзянскай супольнасці таксама змогуць прадставіць свой даклад.
Канферэнцыя будзе спрыяць павышэнню кампетэнцый прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці па абароне сацыяльна-эканамічных правоў, падрыхтоўцы і прасоўванні дакладаў у дамоўныя органы ААН, у прыватнасці, у Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах. Таксама гэта добрая магчымасць абмяняцца вопытам выкарыстання дамоўных органаў ААН з калегамі з няўрадавых арганізацый з розных тэматычных сектараў.
У першы дзень канферэнцыі ўдзельнікі пазнаёмяцца з тэмамі, якія тычацца абароны сацыяльна-эканамічных і культурных правоў на міжнародным узроўні, у тым ліку тэмы па падрыхтоўцы і прасоўванні дакладаў грамадзянскай супольнасці ў органы і працэдуры ААН. Другі дзень прысвечаны групавой працы. Удзельнікі адпрацуюць з экспертамі практычныя аспекты падрыхтоўкі і прасоўвання дакладу ў Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правох ААН.
Да ўдзелу ў канферэнцыі запрашаюцца юрысты, грамадзянскія актывісты, прадстаўнікі арганізацый, якія спецыялізуюцца на пытаннях абароны сацыяльных, эканамічных і культурных правоў, якія хочуць выкарыстоўваць інструменты міжнародных дамоўных органаў у сваёй працы. Таксама да ўдзелу запрашаюцца зацікаўленыя прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці і прадстаўнікі дзяржаўных органаў.
Для ўдзелу ў канферэнцыі запоўніце анкету да 27 верасня 2019 г. уключна. Пра вынікі адбору вам паведамяць 30 верасня. Іншагароднім удзельнікам будуць кампенсаваныя выдаткі на жыллё і транспарт.