Аналітычная справаздача па выніках назірання за вылучэннем і рэгістрацыяй кандыдатаў

Назіранне за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

ВЫСНОВЫ

- вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў прайшла без істотных адрозненняў ад мінулых парламенцкіх выбарчых кампаній;

- амаль усе ініцыятыўныя групы былі зарэгістраваныя. Па 14 заявах прынята рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі, што складае 2,7% ад агульнай колькасці пададзеных заяў (больш чым у два разы менш, чым падчас выбараў 2016 г.);

- мясцовымі органамі ўлады вызначаныя зручныя і спрыяльныя месцы для правядзення пікетаў па зборы подпісаў. Колькасць забароненых месцаў для збору подпісаў не змянілася ў параўнанні з папярэдняй выбарчай кампаніяй, у некаторых раёнах такіх месцаў стала менш;

- збор подпісаў адбываўся ў спакойнай абстаноўцы, без перашкодаў для ініцыятыўных груп з боку ўлады;

- як і падчас папярэдняй выбарчай кампаніі, адзначаныя выпадкі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу на карысць праўладных кандыдатаў пры зборы подпісаў. Гэтаму спрыяе адсутнасць забароны для збору подпісаў на тэрыторыях прадпрыемстваў і ўстаноў (у прыватнасці, устаноў адукацыі і аховы здароўя);

- у сёлетняй выбарчай кампаніі вылучана 703 прэтэндэнты на дэпутацкі мандат, што перавышае паказчык мінулай кампаніі. Заўважана тэндэнцыя да павелічэння колькасці вылучэнцаў сярод дзейсных дэпутатаў і прадстаўнікоў мясцовай улады. Нягледзячы на агульную большую колькасць вылучаных кандыдатаў, апазіцыйных прадстаўнікоў стала колькасна менш. Колькасць жанчын сярод вылучаных кандыдатамі ў дэпутаты ўзрасла з 23% ад агульнай колькасці вылучаных у 2016 г. да 25% у 2019 г., сярод зарэгістраваных – з 25% да 27%;

- па дадзеных ЦВК, зарэгістравана 560 кандыдатаў у дэпутаты, што складае 81% ад агульнай колькасці вылучаных. Зарэгістравана 357 чалавек, якія вылучаліся палітычнымі партыямі, што складае 84% ад агульнай колькасці вылучаных (424), ці 64% ад агульнай колькасці зарэгістраваных. Працэнт адмоваў у рэгістрацыі прадстаўнікам, вылучаным апазіцыйнымі партыямі, больш, чым праўладным партыйным вылучэнцам (22,3% адмоваў у рэгістрацыі апазіцыйным палітычным партыям супраць 10% – праўладным);

- на фоне непразрыстай працэдуры праверкі подпісаў выклікае заклапочанасць вялікая колькасць адмоваў у рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты апазіцыйным актывістам, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў. Аналіз некаторых адмоваў сведчыць аб магчымым злоўжыванні з боку выбарчых камісій пры правядзенні працэдуры праверкі дакументаў, якое магло мець мэтай недапушчэнне вядомых апазіцыйных лідараў да працягу іх удзелу ў выбарчай кампаніі.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"