Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і ПЦ “Вясна” ў рамках кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Агульныя высновы
24 чэрвеня 2020 г. скончылася фарміраванне участковых выбарчых камісій (УВК), якія з'яўляюцца важным элементам выбарчага працэсу і непасрэдна ажыццяўляюць арганізацыю галасавання і падлік галасоў. Усяго было створана 5 723 УВК, у іх склад увайшло 63 347 чалавек;
у сувязі з эпідэміяй COVID 19 пагоршыліся ўмовы для назірання за фармаваннем УВК, паколькі адпаведная Пастанова ЦВК (ці пастанова ЦВК № 13 ад 8 мая 2020 г.) не прадугледзела магчымасць прысутнічаць на пасяджэннях па ўтварэнню УВК прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, назіральнікі ад якіх акрэдытаваныя ў ЦВК, як гэта было на папярэдніх выбарах. Тым не менш, у большасці выпадкаў прадстаўнікі кампаніі мелі магчымасць прысутнічаць на пасяджэннях (78%), некаторым назіральнікам адмовілі ў такой магчымасці без аб’ектыўнага абгрунтавання;
у палове выпадкаў, калі пасяджэнні органаў па фармаванні УВК праходзілі анлайн, прадстаўнікі кампаніі мелі цяжкасці ў назіранні праз кепскую якасць трансляцый, ці наогул не мелі такой магчымасці з-за адсутнасці трансляцыі ці яе перапыненнямі з немагчымасцю далейшага аднаўлення. У 5% замест анлайн-трансляцыі выстаўляўся відэазапіс паседжання, з якіх толькі 20% назіральнікаў адзначылі ягоную добрую якасць;
з 42 пасяджэнняў па фармаванні УВК, на якіх ажыццяўляўся маніторынг, на 61% пасяджэнняў запрашаліся прадстаўнікі суб’ектаў, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій, а таксама СМІ. У 45% вылучаныя кандыдатуры не абмяркоўваліся на пасяджэннях, а ў 35% было прапанавана галасаваць за ўвесь спіс. У камісіях, дзе колькасць вылучаных перавышала колькасць месцаў абмеркаванне насіла фармальны характар, а ў выніку рэйтынгава галасавання ў камісіі традыцыйна не траплялі прадстаўнікі, вылучаныя апазіцыйнымі партыямі ці іншымі незалежнымі грамадскімі арганізацыямі;
у большасці выпадкаў назіральнікі адзначаюць “вытворчы прынцып” фарміравання выбарчых камсій, калі сябры камісіі прадстаўляюць адзін і той жа працоўны калектыў Склад УВК паводле назіральнікаў кампаніі не выявіў значных зменаў з моманту правядзення папярэдніх выбарчых кампаній;
пры фарміраванні УВК быў відавочны дыскрымінацыйны падыход выканкамаў да прадстаўнікоў апазіцыйных партый: з 545 вылучаных у склад УВК увайшлі толькі 6 чалавек (1,1 % ад вылучаных), у той час як з 3844 чалавек вылучаных праўрадавымі партыямі, у склад УВК увайшлі 3717 чалавек ( 96,7 % ад вылучаных);
ва УВК уключаны амаль усе прадстаўнікі, вылучаныя пяцццю праўладнымі арганізацыямі - БРСМ, “Белая Русь”, Саюз жанчын, Саюз ветэранаў, Беларускі фонд міру і прафсаюзаў ФПБ (96,9% ад вылучаных);
агульная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый ва УВК склала 6 чалавек, альбо 0,009% ад агульнага складу членаў УВК, што ў пяць разоў меней чым на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах 2015 г.;
адсутнасць у выбарчым заканадаўстве гарантый уключэння ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў, вылучаных усімі палітычнымі суб’ектамі, якія прымаюць удзел у выбарах, як і раней, робяць магчымым адвольны і дыскрымінацыйны падыход у дачыненні да апазіцыйных партый і рухаў.