Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый аб недапушчальнасці парушэння свабоды асацыяцый, ціску на праваабарончыя арганізацыі

8.10.2021

На працягу апошняга года беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці ўвесь час зазнаюць ціск і пераслед: дыскрэдытацыя ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, крымінальныя справы ў адносінах да грамадзянскіх актывістаў, масавыя праверкі, вобшукі, затрыманні, прымусовая ліквідацыя.

На сённяшні дзень вядома пра прымусовую ліквідацыю больш як 250 арганізацый грамадзянскай супольнасці. Сярод ліквідаваных установаў вялікая колькасць праваабарончых арганізацый. Яшчэ ў ліпені 2021 года прынятае рашэнне аб прымусовай ліквідацыі такіх праваабарончых установаў, як Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман Канстанта", Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Цэнтр прававой трансфармацыі, Сацыяльна-інфармацыйная ўстанова "ТаймАкт". 9 жніўня 2021 года Вярхоўным судом прынятае рашэнне аб ліквідацыі РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр", 27 жніўня — Грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў", 30 жніўня — Грамадскага аб'яднання "Экадом", 30 верасня — РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", 5 кастрычніка — Грамадскага аб'яднання "Прававая ініцыятыва". Таксама 5 кастрычніка Мінскі гарадскі суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі АСГА "Звяно". Акрамя таго, прынятыя рашэнні аб ліквідацыі таксама шэрагу іншых арганізацый, дзейнасць якіх накіраваная на абарону правоў уразлівых груп.

У цяперашні час за праваабарончую дзейнасць у месцах зняволення працягваюць утрымлівацца праваабаронцы, сябры Праваабарончага цэнтра "Вясна" — старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марыя (Марфа) Рабкова, сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, валанцёры "Вясны" Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк.

Паводле Кіруючых прынцыпаў па свабодзе аб'яднанняў, распрацаваных сумесна БДІПЧ АБСЕ і Еўрапейскай камісіяй за дэмакратыю праз права, дзяржавы не павінны ўмешвацца ў ажыццяўленне правоў і свабодаў аб'яднанняў і асобаў, якія рэалізуюць сваё права на свабоду аб'яднанняў. Абмежаванні павінны заўсёды мець вузкае тлумачэнне і ўжыванне і ні пры якіх акалічнасцях не павінны прыводзіць да анулявання гэтага права ці да замаху на яго сутнасць. У прыватнасці, любая забарона ці роспуск аб'яднання заўсёды з'яўляецца крайняй мерай. Пры гэтым міжнародныя стандарты свабоды асацыяцый абараняюць як зарэгістраваныя арганізацыі, так і арганізацыі ў незарэгістраваным статуце.

Дэкларацыя аб праве і абавязку асобных асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды вызначае, што кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, удзельнічаць у мірнай дзейнасці, накіраванай супраць парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Хочам нагадаць пра тое, што Рэспубліка Беларусь, як удзельнік Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, абавязалася паважаць і забяспечваць усім асобам, якія знаходзяцца ў межах яе тэрыторыі і пад яе юрысдыкцыяй, правы, прызнаваныя ў дадзеным Пакце, уключаючы правы на свабоду асацыяцыі, без аніякага адрознення, у тым ліку ў дачыненні да расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных і іншых перакананняў, нацыянальнага ці сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння ці іншай акалічнасці.

У адпаведнасці з вышэйпададзеным, мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі,

  1. Падкрэсліваем сваю далейшую прыхільнасць каштоўнасцям і прынцыпам правоў чалавека і заяўляем пра працяг мірнай законнай праваабарончай дзейнасці.

  2. Выказваем намер і далей рабіць свой унёсак у пабудову грамадства, заснаванага на павазе правоў кожнага чалавека, прававой дзяржавы, заснаванай на вяршэнстве права.

  3. У чарговы раз заяўляем пра недапушчальнасць пераследу праваабаронцаў, сябраў арганізацый грамадзянскай супольнасці, грамадскіх актывістаў, парушэння свабоды асацыяцый і іншых правоў чалавека ў краіне.

  4. Патрабуем неадкладнага спынення ціску на грамадскіх актывістаў, сябраў арганізацый грамадзянскай супольнасці, аднаўленні ў рэгістрацыі прымусова ліквідаваных арганізацый грамадзянскай супольнасці, у тым ліку праваабарончых.

  5. Патрабуем неадкладнага вызвалення з-пад варты праваабаронцаў і валанцёраў ПЦ "Вясна", а таксама іншых палітычных зняволеных.

  6. Заяўляем аб неабходнасці спыніць дыскрэдытацыю як канкрэтных арганізацый грамадзянскай супольнасці, так і ўсёй грамадзянскай супольнасці наогул.

  7. Заклікаем міжнародную супольнасць працягваць падтрымліваць прадэмакратычныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці і беларускіх праваабаронцаў, садзейнічаць спыненню рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці і грамадзянаў у сувязі з ажыццяўленнем імі мірнай дзейнасці па заахвочванні і прасоўванні правоў чалавека.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Lawtrend;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

РГА "Прававая ініцыятыва";

Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава;

ГА  "Беларуская асацыяцыя журналістаў".