Зварот у спецыяльныя працэдуры ААН па справе незалежных прафсаюзаў

4.05.2022

Беларускі Хельсінкскі камітэт звярнуўся да Спецыяльных дакладчыкаў па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі, па пытанні аб становішчы праваабаронцаў і па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з інфармацыяй пра ціск з боку беларускіх уладаў на незалежныя прафсаюзы ў парушэнне права на свабоду асацыяцый. 

Паведамленне змяшчае не толькі інфармацыю пра апошнія падзеі, але і апісанне рэпрэсій у дачыненні да прафсаюзаў у 2021 годзе. У прыватнасці, мы распавялі аб двух хвалях ператрусаў і затрыманняў у лютым і верасні 2021 года, а таксама аб ціску на сябраў незалежных прафсаюзаў з боку адміністрацыі прадпрыемстваў шляхам запалохваньняў і звальненняў.

Асаблівая ўвага ў паведамленні нададзена падзеям 2022 года, а менавіта аднавіўшымся рэпрэсіям у форме масавых ператрусаў і затрыманняў.

Мы падкрэслілі, што дакладная прававая аснова крымінальных абвінавачванняў супраць прафсаюзных актывістаў невядомая, а таксама што ў пастанове аб ператрусе пералічана каля 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія традыцыйна выкарыстоўваюцца на працягу апошніх двух гадоў для пераследу грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі.

Акрамя таго, у паведамленні мы звярнулі ўвагу Спецыяльных дакладчыкаў на тое, што 7 красавіка КДБ прызнаў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) экстрэмісцкім фарміраваннем.

На думку БХК, такія дзеянні беларускіх уладаў парушаюць артыкул 2 Канвенцыі МАП № 87, які прадугледжвае, што работнікі маюць права ствараць арганізацыі па свайму выбару без папярэдняга дазволу і права ўступаць у такія арганізацыі, і артыкул 11, які мяркуе, што дзяржава абавязваецца прымаць усе неабходныя і належныя меры, каб гарантаваць работнікам і працадаўцам свабоднае ажыццяўленне права на стварэнне прафсаюзаў. Больш за тое, такі зварот парушае права на свабоду асацыяцыі, уключаючы права ствараць прафесійныя саюзы і ўступаць у іх, прадугледжанае артыкулам 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

БХК папрасіў Спецыяльных дакладчыкаў звярнуцца да ўладаў Беларусі і заклікаць іх спыніць рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў, іх лідэраў і членаў, выключыць Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) са спісу экстрэмісцкіх арганізацый і дазволіць яму працягваць сваю прафсаюзную дзейнасць, а таксама гарантаваць павагу і абарону правоў чалавека і працоўных правоў.