Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіраваў паведамленне Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб катаваннях, па пытанні аб праве на здароўе, па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў і па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з інфармацыяй аб грубых парушэннях правоў чалавека ў дачыненні да абвінавачаных па справе Мікалая Аўтуховіча.
Мы паведамілі, што абвінавачаныя ўтрымліваюцца ў негуманных умовах, да іх прымяняюцца псіхалагічныя і фізічныя катаванні, у прыватнасці, іх пазбаўляюць магчымасці весці перапіску і не даюць неабходную медыцынскую дапамогу.
Мы звярнулі ўвагу Спецыяльных дакладчыкаў на тое, што Мікалай Аўтуховіч ужо 22 дзень трымае сухую галадоўку ў знак пратэсту супраць абмежаванняў па перапісцы, а таксама распавялі аб цяжкім стане яго здароўя і бесчалавечных умовах утрымання.
У паведамленні мы паказалі на факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да Уладзіміра Гундара, які аб'яўляў галадоўку ў знак пратэсту супраць таго, што суд не рэагаваў на яго патрабаванні, а таксама ў адказ на прымусовае распрананне перад працэсам. Больш за тое, мы паведамілі пра скаргі Галіны Дзербыш, Любові і Сяргея Рэзановічаў, Ірыны Мельхер на праблемы са здароўем, а таксама Паўла Рэзановіча на прымяненне да яго фізічных і псіхалагічных катаванняў з мэтай прымусіць яго падпісаць загадзя падрыхтаваныя паказанні.
Нягледзячы на тое, што судовы працэс па справе Аўтуховіча быў зроблены адкрытым, фактычна на яго былі дапушчаныя толькі некалькі сваякоў і прадстаўнікі выключна дзяржаўных СМІ.
Мы падкрэслілі, што ёсць падставы меркаваць, што такія дзеянні накіраваныя на ўтойванне фактаў працэсуальных парушэнняў ад праваабаронцаў і грамадскасці.