"Кантактная група" беларускага грамадства ў Савеце Еўропы: пытанні і адказы

24.11.2022

Што такое "кантактная група"?

Камітэт Міністраў Савета Еўропы 7 верасня 2022 года прыняў рашэнне аб стварэнні Кантактнай групы па супрацоўніцтве з беларускім грамадствам. Супрацоўніцтва з афіцыйнымі ўладамі краіны Савет Еўропы[1]  спыніў у сакавіку 2022 года ў сувязі з суўдзелам беларускай дзяржавы ў ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Першая сустрэча групы адбылася 7 лістапада.

З боку Савета Еўропы ў кантактную групу ўвайшлі прадстаўнікі яго ключавых структур, у тым ліку ПАСЕ і Офіса камісара па правах чалавека. З беларускага боку - прадстаўнікі розных сектараў грамадзянскай супольнасці, у тым ліку праваабаронцы, а таксама прадстаўнікі палітычных структур: Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб'яднанага Пераходнага кабінета і Каардынацыйнай Рады.

Першачарговымі прыярытэтамі працы Групы сталі правы чалавека, СМІ і моладзь. Кантактная група плануе арганізаваць максімальна адкрыты партыцыпацыйны працэс для тых, хто падзяляе каштоўнасці правоў чалавека і дэмакратыі, а таксама зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Саветам Еўропы.

 

Для чаго створана "кантактная група"?

Стварэнне "кантактнай групы" дазволіць беларускай грамадзянскай супольнасці працягнуць і развіць супрацоўніцтва з Саветам Еўропы ў інтарэсах і на карысць беларусаў - нягледзячы на ​​тое, што супрацоўніцтва з афіцыйнымі ўладамі прыпыненае. Адна з ключавых магчымасцяў для грамадзянскай супольнасці, якую адкрывае стварэнне групы, - развіццё чалавечага патэнцыялу і распрацоўка рэформаў для трансфармацыі ды ўключэння беларускага грамадства ў еўрапейскую сістэму каштоўнасцяў (у тым ліку падрыхтоўка кадраў для новых інстытутаў).

Гэта дапаможа з максімальнай карысцю задзейнічаць еўрапейскі вопыт для падрыхтоўкі сучасных механізмаў кіравання і інстытутаў прававой дзяржавы, у тым ліку пазбегнуць памылак і няўдач на гэтым шляху. Вайна, разьвязаная Расіяй ва Ўкраіне, яшчэ больш актуалізуе неабходнасьць вырашэння гэтых задач.

Для Савета Еўропы такая форма супрацоўніцтва з'яўляецца абсалютна новай. Як і іншыя міжнародныя міжурадавыя арганізацыі, Савет Еўропы утвараюць дзяржавы, якія прадстаўленыя ў Савеце Еўропы сваімі ўрадамі. Аднак важна адзначыць, што першачарговай каштоўнасцю СЕ з'яўляецца прыцягненне грамадзянскай супольнасці да ўсіх працэсаў.

 

Рэкамендуем прачытаць: "Супрацоўніцтва з Саветам Еўропы захавае ўзаемадзеянне з беларускім грамадствам, калі ўлады не гатовы выконваць еўрапейскія стандарты".

 

Што праваабарончыя арганізацыі чакаюць ад працы "кантактнай групы"?

Беларускія праваабаронцы прасоўваюць узаемадзеянне з Саветам Еўропы ў рамках “кантактнай групы” па наступных кірунках:

1) Сумесны план дзеянняў для Беларусі. Стварэнне Саветам Еўропы ў цесным партнёрстве з праваабаронцамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці нацыянальнага плана дзеянняў для рэалізацыі агульных мэт. Важная частка такога партнёрства – пацвярджэнне дэ-факта легітымнасці і суб'ектнасці беларускіх НДА, ліквідаваных у выніку рэпрэсій, якія прытым працягваюць сваю актыўнасць для дэмакратыі і правоў чалавека

2) Інфармаванне і ўключанасць Беларусі ў еўрапейскі кантэкст. Забеспячэнне інфармавання структур СЕ аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі (па прыкладу спецпрацэдур ААН), у тым ліку з нефармальных каналаў – для лепшага разумення Саветам Еўропы і краінамі-ўдзельніцамі падзей, якія адбываюцца ў Беларусі, прыцягненне беларускіх праваабаронцаў і грамадскіх арганізацый у працэсы абмеркавання і развіцця дэмакратычных. інстытутаў - дзеля пераадолення ізаляванасці Беларусі і падрыхтоўкі інтэграцыі нашай краіны ў агульнаеўрапейскі кантэкст. Асаблівую актуальнасць гэтаму надае неабходнасць дамагацца вызвалення і захавання правоў палітвязняў і іншых актывістаў, якія пацярпелі ад беспрэцэдэнтных рэпрэсій рэжыму.

3) Экспертыза. Дапамога з боку Савета Еўропы ў распрацоўцы рэформ, прадастаўленне экспертызы ad hoc па распрацоўцы законапраектаў, экспертная падтрымка адукацыйных мерапрыемстваў, якія арганізуюцца і праводзяцца беларускімі грамадскімі арганізацыямі і дэмакратычнымі сіламі.

4) Асвета. Падтрымка адукацыйных і асветніцкіх праграм у кантэксце каштоўнасці правоў чалавека і дэмакратыі - як для беларускіх праваабаронцаў, так і для розных груп грамадзянскай супольнасці, асабліва тых, што скіраваныя да людзей, якія прыйшлі ў грамадзянскую актыўнасць у 2020 г. У рамках партнёрства неабходна распрацаваць і ажыццяўляць глыбокую інфармацыйна-адукацыйную праграму для жыхароў Беларусі - для пераадолення негатыўных эфектаў самаізаляцыі краіны і антызаходняй прапаганды. Такая праграма павінна ўключаць навучанне і цеснае ўзаемадзеянне з праваабаронцамі і грамадзянскай супольнасцю, з журналістамі і спецыялістамі па камунікацыі, з сацыёлагамі, а таксама стажыроўкі для маладых юрыстаў, журналістаў, прадстаўнікоў праваабарончых і маладзёжных грамадскіх арганізацый у структурах СЕ і краін-удзельніц для вывучэння іх практычнага досьведу і функцыянавання.

Гэтыя прапановы беларускія праваабаронцы абмеркавалі ў межах сваёй кааліцыі.

 

Як гэта мусіць працаваць?

Кантактная група пачала сваю працу з распрацоўкі механізмаў адкрытасці і прыцягнення структур грамадзянскай супольнасці, зацікаўленых у працы з СЕ па ўзгодненых напрамках.

 

 

[1] Як узаемадзейнічалі беларускі ўрад і Савет Еўропы https://mfa.gov.by/mulateral/organization/list/c9f6283437657faa.html