Накіравалі інфармацыю аб прызнанні рэсурсаў БХК "экстрэмісцкімі матэрыяламі" ў спецыяльныя працэдуры ААН

19.08.2024

БХК звярнуўся да спецыяльных дакладчыкаў ААН па пытаннях аб свабодзе меркаванняў і іх свабодным выражэнні, становішчы праваабаронцаў і па сітуацыі ў Беларусі з інфармацыяй аб прызнанні нашых рэсурсаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі".

Рашэннем Суда Чыгуначнага раёна г. Гомеля ад 7 чэрвеня 2024 года, які прайшоў без папярэдняга апавяшчэння і ўдзелу прадстаўнікоў арганізацыі, "экстрэмісцкімі" былі прызнаныя інтэрнэт-рэсурсы БХК, уключаючы старонку ў Facebook "Беларускі Хельсінкскі Камітэт. Правы чалавека ў Беларусі" і афіцыйны сайт арганізацыі.

Мы звярнулі ўвагу, што прызнанне рэсурсаў БХК экстрэмісцкімі матэрыяламі не толькі ўскладняе дзейнасць самой арганізацыі, але і ставіць пад пагрозу бяспеку іншых анлайн-платформ і прыватных асоб, якія ўзаемадзейнічаюць з гэтымі матэрыяламі. 

Наш сайт и фэйсбук - экстрэмісцкія матэрыялы. Расказваем, чым гэта пагражае карыстальнікам і што неабходна зрабіць.

Шырокія і расплывістыя фармулёўкі беларускага антыэкстрэмісцкага заканадаўства дазваляюць уладам Беларусі выкарыстоўваць яго для палітычных рэпрэсій, фактычна забараняючы любыя формы ўзаемадзеяння з матэрыяламі БХК. Напрыклад, падпіска на старонку БХК у Facebook, наяўнасць скрыншотаў нашых публікацый або іх перасылка ў асабістых ці групавых чатах могуць разглядацца як парушэнне закона і цягнуць адміністрацыйную адказнасць. У паведамленні мы таксама адзначылі, што рэтраактыўнае прымяненне гэтых законаў азначае, што нават спасылкі ці лайкі, размешчаныя да прызнання рэсурсаў БХК экстрэмісцкімі матэрыяламі, могуць прывесці да судовага пераследу.

Мы падкрэслілі, што гэтае рашэнне суда парушае міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека, замацаваныя ў Дэкларацыі аб праве і абавязках асобных асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (Дэкларацыя аб праваабаронцах), а таксама права кожнага чалавека на свабоду выказвання меркаванняў, у тым ліку свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі, замацаванае ў артыкуле 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.