Дэкрэт №9, што быў раскрытыкаваны Беларускім Хельсінкскім Камітэтам*, прызнаны страціўшым сілу

Дэкрэт №9, што быў раскрытыкаваны Беларускім Хельсінкскім Камітэтам*, прызнаны страціўшым сілу

Нагадаем, дэкрэт № 9 датычыўся работнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, на якіх праводзілася мадэрнізацыя. Усе гэтыя людзі павінны былі быць пераведзены на кантрактную форму найму, прычым датэрміновае скасаванне кантрактаў у перыяд рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па ініцыятыве работнікаў дапушчалася толькі са згоды наймальніка. У выпадку парушэння работнікамі сваіх працоўных абавязкаў і звальнення яны павінны былі пакрыць грашовыя выплаты, якія налічваліся ім дадаткова да заробку.

Пад Дэкрэт падпадалі: «Барысаўдрэў», «Віцебскдрэў», «Гомельдрэў», «Рэчыцадрэў», «Магілёўдрэў» і Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат ды інш. Аналагічны прававы рэжым быў прадугледжаны ў дачыненні да работнікаў генеральных падрадных арганізацый і праекціроўшчыкаў, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі інвестпраектаў па тэхнічным перааснашчэнні, мадэрнізацыі і рэканструкцыі вытворчасцей дрэваапрацоўчай прамысловасці.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт палічыў, што Дэкрэт парушае нормы Канстытуцыі. Мы падрыхтавалі прававы аналіз Дэкрэта і накіравалі яго ў Вярхоўны Суд, Вышэйшы Гаспадарчы Суд, Савет Міністраў, абедзве палаты Парламента і прэзідэнту краіны - з тым, каб гэтыя суб'екты (а толькі яны маюць такое права) ініцыявалі ў Канстытуцыйным Судзе праверку Дэкрэта на адпаведнасць Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным краінай.

Некалькі важных момантаў з аналіза БХК:

Уважлівае вывучэнне нормаў Дэкрэта паказала, што яны супярэчаць Канстытуцыі, законам, прынятым на яе аснове, міжнародным дамовам Рэспублікі Беларусь, а само яго прыняцце ажыццяўлялася з перавышэннем паўнамоцтваў Прэзідэнта».

Найменне Дэкрэта, змест яго прэамбулы сведчаць аб тым, што яго нормы выкарыстоўваюцца ў якасці метаду мабілізацыі і выкарыстання працоўнай сілы для патрэбаў эканамічнага развіцця, а таксама як сродак падтрымання працоўнай дысцыпліны ў дрэваапрацоўчай прамысловасці. А гэта прама забаронена Канвенцыяй Міжнароднай арганізацыі працы № 105

Штомесячныя выплаты, не ўключаныя ў склад зарплаты, падлягаюць безумоўнаму вяртанню, якое не абмяжоўваецца ніякімі часовымі перыядамі і па сумах. Да прыкладу, работнік добрасумленна адпрацаваў на прадпрыемстве дрэваапрацоўкі 3 гады, здзейсніў прагул, і наймальнік яго звольніў. Зыходзячы з патрабаванняў Дэкрэта № 9, працаўнік абавязаны вярнуць ўсю суму штомесячных выплат за 3-гадовы перыяд, якая можа скласці ў эквіваленце каля 7000 даляраў ЗША»

Заключэнне цалкам.

Кіраўнік юрыдычнай службы РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" Гары Паганяйла:

 "Я задаволены. Разумны сэнс перамог. Рашэнне прызнаць дэкрэт страціўшым сілу - гэта прызнанне таго, што Дэкрэт быў неканстытуцыйным і груба парушаў правы людзей".