Дэкрэт №3 "Аб дармаедах": што рабіць пасля 20 лютага

Што рабіць, калі вам даслалі «ліст шчасця», а тэрмін абскарджвання (20 лютага) ужо прайшоў?

Сабраць дакументы і ўсё роўна накіраваць тлумачэнні ў ІМПЗ з пазначэннем прычыны, чаму вы прапусцілі тэрмін (не ў час дастаўленае паведамленне, хварэў, знаходзіўся ў камандзіроўцы і г.д.). Калі прычыны будуць прызнаныя слушнымі, то дакументы прымуць да разгляду. На час разгляду тлумачэнняў, падатковыя органы прыпыняюць прыняцце мер па спагнанні збору.

Таксама варта працягваць працэдуру абскарджання адказу ад раённай ІМПЗ. У кожнай скарзе не забывайце нагадваць вышэйстаячым падатковым органам пра неабходнасць прыпыніць прыняцце мер па спагнанні збору на час разгляду скаргаў.

Паралельна звярніцеся ў мясцовы выканкам з заявай аб вызваленні ад выплаты збору ў сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй.

Узоры і тлумачэнні да ўсіх скаргаў ёсць тут.

 

Ці могуць падаткавікі забраць грошы на маіх рахунках у кошт аплаты збору?

Не. Яны могуць толькі накласці арышт на грашовыя сродкі на рахунках. Гэта робіцца з рашэння начальніка ІМПЗ або яго намесніка. Далей падатковая інспекцыя павінна звярнуцца ў суд з іскавай заявай аб спагнанні збору.

 

Што будзе калі не плаціць збор? Можна выплаціць не цалкам?

За нявыплату можа пачацца адміністрацыйны працэс, які, калі чалавек будзе прызнаны вінаватым, скончыцца штрафам або арыштам.

Частковая выплата раўнацэнная нявыплаце падатку ў поўным аб'ёме і цягне сабой адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу (ад 2 да 4 базавых велічынь) або адміністрацыйнага арышту.

Акрамя таго, на неаплачаную суму налічваецца пеня. Пеня за кожны дзень пратэрміноўкі вызначаецца ў працэнтах ад нявыплачанай сумы збору з улікам працэнтнай стаўкі, роўнай 1/360 стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, якая дзейнічала ў адпаведныя перыяды невыканання падатковага абавязацельства.

Гэта значыць, за кожны пратэрмінаваны дзень:

360 руб × 0,17 (17% - стаўка рэфінансавання) ÷ 365 (дзён у годзе) = 0,17, т.б. 0 руб. і 17 капеек (за кожны дзень пратэрміноўкі; суму акруглілі).

 

Калі супраць мяне пачнецца адміністрацыйны працэс? Што будзе, калі я не з'яўлюся ў суд?

Ад суду лепш не бегаць, бо гэта магчымасць яшчэ раз распавесці пра сваю пазіцыю.

Пратакол за нявыплату збору можа быць складзены не пазней за 6 месяцаў з дня выяўлення факту нявыплаты падатку. Тэарэтычна гэты тэрмін павінен пачаць цячы з 21 лютага, бо падатковыя органы маюць усе магчымасці даведацца, што да гэтага дня збор не быў аплачаны, але як будзе па факце, прадбачыць складана.

Для складання пратаколу падатковы інспектар павінен выклікаць вас позвай. Калі вы не з'явіцеся, пратакол складуць без вас і адправяць вам па пошце. Як толькі будуць сабраны ўсе матэрыялы па гэтай справе, ІМПЗ накіруе справу ў суд.

Пасля гэтага суд прызначае дату і час разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Пра дату і час разгляду справы вам паведамяць позвай, якая павінна быць ўручана асабіста пад подпіс. Таксама суд можа паведаміць чалавека і іншымі сродкамі сувязі (позва па пошце, тэлеграма, смс, тэлефонны званок і г.д.). Аднак прыцягнуць да адказнасці за няяўку па позве, як правіла, атрымоўваецца, калі яна была ўручана асабіста пад подпіс.

У выпадку нез'яўлення вас могуць падвергнуць прываду з дапамогай супрацоўнікаў міліцыі, калі суд прызнае, што справу нельга разгледзець без вашага ўдзелу. Калі ўсё ж такі вы ня з'явіцеся без паважных прычын, справа ўсё роўна будзе разгледжана, а пастанова па справе будзе накіравана вам па пошце.

 

Якую пазіцыю займаць у судзе пры разглядзе адміністрацыйнай справы?

Можаце скарыстацца нашымі прававымі аргумэнтамі аб неканстытуцыйнасці патрабаванняў аб выплаце збору. Акрамя таго, можаце паведаміць, што знаходзіліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Можаце паведаміць, што ў цяперашні час вы абскарджваеце паведамленьне ІМПЗ ў вышэйстаячых органах.

Хоць абавязак даказаць наяўнасць вашай віны ляжыць на органе, вядучым працэс, тым не менш кожны ваш довад пажадана падмацаваць доказамі.

 

Ці вызваляе адбыццё адміністрацыйнага арышту ад абавязку плаціць збор?

Арышт вызваляе. А вось штраф – не.

 

Ці можна выбраць замест штрафу адміністрацыйны арышт?

Кожны раз пакаранне і яго памер прызначаецца суддзёй у індывідуальным парадку, але вы можаце паспрабаваць папрасіць для сябе пэўную меру пакарання.

Па законе адміністрацыйны арышт не можа прымяняцца да цяжарных жанчын, да інвалідаў І і ІІ групы, да жанчын і адзінокіх мужчынам, якія маюць на ўтрыманні непаўналетніх дзяцей або дзяцей-інвалідаў, да асоб, якія маюць на ўтрыманні інвалідаў І групы, да асоб, якія ажыццяўляюць догляд састарэлых, якія дасягнулі васьмідзесяцігадовага ўзросту.

Аднак за адміністрацыйны арышт з чалавека яшчэ могуць спагнаць выдаткі на ўтрыманне ў арыштным доме або цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

 

У які тэрмін можна абскардзіць пастанову суда?

На працягу 10 каляндарных дзён пасля яго вынясення ў вышэйстаячы суд (абласны або Мiнскi гарадскi). Для дапамогі ў складанні скаргі ў суд звяртайцеся да адвакатаў альбо ў РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» ці іншыя праваабарончыя арганізацыі.

 

Што будзе, калі я не аплачу штраф?

Калі на працягу 15 каляндарных дзён з моманту ўступлення ў сілу пастановы суда чалавек не аплаціць штраф, штраф будзе спагнаны ў прымусовым парадку праз службу судовых выканаўцаў. Напрыклад, калі пастанова вынесена 1 сакавіка, то праз 10 дзён (калі не абскардзіць) яно ўступіць у законную сілу (г.зн. 10 сакавіка). Прымусовае выкананне пачнецца, калі на 25 сакавіка штраф не будзе аплочаны.

Калі пастанова суда абскарджвалася ў вышэйстаячы суд, але засталася ў сіле, прымусовае выкананне пачнецца, калі на працягу 30 дзён з дня вынясення рашэння вышэйстаячым судом штраф не будзе выплачаны ў добраахвотным парадку.

Калі пастанова накіравана на абскарджанне ў вышэйстаячую інстанцыю, то выплата прыпыняецца да вынясення рашэння.

 

Што могуць спагнаць пры прымусовым выкананні штрафу?

Маёмасць чалавека, у тым ліку грашовыя сродкі ў рублях і замежнай валюце, іншыя каштоўнасці, якія знаходзяцца ў банках і нябанкаўскіх фінансавых арганізацыях.

Калі ў чалавека няма маёмасці, на якую можа быць звернута спагнанне, пастанова накіроўваецца па месцы ягонай працы для ўтрымання адміністрацыйнага штрафу з яго заробку.

Дзеянні судовага выканаўцы можна абскардзіць начальніку аддзела прымусовага выканання.

 

Што мне яшчэ пагражае ў выпадку нявыплаты штрафу?

Да чалавека могуць прымяняцца і абмежавальныя меры, а менавіта часовае абмежаванне права на выезд за межы Рэспублікі Беларусь, часовае абмежаванне права на паляванне і права кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі. Аднак гэтыя меры могуць прымяняцца толькі судом па прадстаўленні судовага выканаўцы.

 

Як атрымаць прававую дапамогу ў РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"

Вы можаце звярнуцца да нас за кансультацыяй праз [email protected] або па тэл. 8-017-222-48-00, па аўторках і чацвяргах з 11.00 да 17.00.
 
 

Як дапамагчы іншым людзям

Распавядзіце ім пра дадзены алгарытм.
Інфармуйце нас аб атрыманых адказах ад падатковых органаў для аналізу і абагульнення практыкі разгляду скаргаў.  
 
 

Таксама нагадваем 7 аргументаў, чаму Дэкрэт варта прызнаць парушаючым Канстытуцыю і міжнародныя дамовы краіны і адмяніць

Сярод парушэнняў – не толькі новая форма прымусовай працы, але і замах на права і абавязак грамадзян выхоўваць дзяцей і клапаціцца аб састарэлых бацьках, сур'ёзныя абмежаванні на абарону персанальных дадзеных і прыватнага жыцця і перавышэнне паўнамоцтваў з боку Прэзідэнта.

 

Глядзіце слайды ці малюнкі ніжэй, каб зразумець аргументы праваабаронцаў

 

Время позаботиться о своих правах. Подпишитесь и получайте самые лучшие советы правозащитников

* indicates required