Затрыманні (арышты) журналістаў і ўдзельнікаў мірных акцый супраць Дэкрэта №3 - пазіцыя РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" выказвае глыбокую заклапочанасць у сувязі з масавымі затрыманнямі і адміністрацыйнымі арыштамі ўдзельнікаў мірных сходаў супраць дзеяння Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2015/04/02 № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», а таксама журналістаў, якія асвятляюць дадзеныя сходы ў адпаведнасці са сваімі прафесійнымі абавязкамі. Мы заяўляем наступнае:
 
Рэспубліка Беларусь у арт.1 Канстытуцыі абвясціла сябе дэмакратычнай прававой дзяржавай. У арт. 2 Канстытуцыі замацавана, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Арт. 35 Канстытуцыі ўстанавіў, што свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай.
 
Падкрэсліваем, што сходы, якія прайшлі ў апошнія два тыдні, на якіх грамадзяне краіны, у тым ліку прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, пратэставалі супраць дзеяння Дэкрэта № 3 і эканамічнай палітыкі дзяржавы, насілі выключна мірны характар.
 
Таксама ў чарговы раз нагадваем, што сам Дэкрэт № 3 не адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і парушае правы чалавека.
 
Прымяненне да журналістаў і ўдзельнікаў мірных сходаў рэпрэсій, уключаючы прымяненне фізічнай сілы, затрыманняў і арыштаў, таксама з'яўляецца парушэннем міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека.
 
Мяркуем, што рашэнне актуальных праблем у грамадстве павінна адбывацца шляхам мірнага дыялогу паміж рознымі групамі грамадства, пратэстуючымі і ўладамі. Прымяненне рэпрэсій, на наш погляд, можа прывесці да яшчэ большага неразумення і недаверу паміж грамадствам і ўладай, а таксама да радыкалізацыі пратэстаў з непрадказальнымі наступствамі.
 
У сувязі з гэтым заклікаем улады Беларусі спыніць пераслед журналістаў і ўдзельнікаў мірных сходаў і дзейнічаць у рамках Канстытуцыі і міжнародных абавязацельстваў краіны.