Маніторынгавая справаздача па выніках назірання за ходам масавага мерапрыемства "Чарнобыльскі шлях - 2013"

26 красавіка 2013 г. у Мінску прайшла акцыя “Чарнобыльскі шлях-2013”, прымеркаваная да 27-ай гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Традыцыйна шэсце прайшло ад Акадэміі навук да парка Дружбы народаў, дзе адбыўся мітынг, а затым – ускладанне кветак каля капліцы на вуліцы Карастаянавай.

Па ініцыятыве РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”, Праваабарончага цэнтра “Вясна” і Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend), з мэтай аб’ектыўнай ацэнкі характару сходу, а таксама фіксацыі магчымых парушэнняў правоў чалавека ў ходзе мерапрыемства праводзіўся маніторынг.

Група назіральнікаў складалаяс з 15 чалавек, якія прысутнічалі падчас усяго мерапрыемства. Назіральнікі запаўнялі ўніфікаваныя карты назірання, якія ў далейшым леглі ў аснову дадзенай справаздачы.

Маніторынгавая справаздача па выніках назірання за ходам масавага мерапрыемства Чарнобыльскі шлях - 2013

I. Рэзюмэ:

Традыцыйнае масавае мерапрыемства "Чарнобыльскі Шлях - 2013" было санкцыянавана Мінгарвыканкамам (з некаторымі абмежаваннямі заяўленага фармату). Арганізатары прытрымліваліся ўзгодненых часу і маршруту. Агульная колькасць удзельнікаў склала каля 700 чалавек. На ўсім працягу мерапрыемства насіла мірны характар, якіх-небудзь агрэсіўных заяў або дзеянняў з боку ўдзельнікаў не зафіксавана. У той жа час дзеянні праваахоўных органаў не адпавядалі пазітыўным абавязацельствам заахвочваць і абараняць мірны сход. Напярэдадні мерапрыемства былі прэвентыўна затрыманыя некаторыя арганізатары і ўдзельнікі. Большасць прысутных міліцыянтаў не паддаваліся ідэнтыфікацыі, многія з іх былі ў цывільным. Падчас шэсця невядомымі (як мяркуецца, супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным) быў збіты і затрыманы ўдзельнік мерапрыемства Ігар Трухановіч, а таксама, па неправераных дадзеных, і некаторыя іншыя асобы. Адзначаны таксама перашкоды працы СМІ, пра што сведчыць затрыманне пасля мерапрыемства чацвярых журналістаў.

Высновы:

На ўсім працягу сход насіў мірны характар. З боку ўдзельнікаў не назіралася агрэсіўных дзеянняў цi заклікаў да іх. Маршрут і фармат мерапрыемства адпавядалі заяўленым.

Затрыманні некаторых арганізатараў і ўдзельнікаў без відавочных прычын з'яўляюцца недапушчальнымі і сведчаць пра тое, што падчас акцыі неабгрунтавана абмяжоўвалася права грамадзян на мірныя сходы, а шэраг яе ўдзельнікаў могуць быць незаконна прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Таксама згаданыя факты несумяшчальныя з абавязацельствам органаў унутраных спраў ахоўваць парадак падчас масавага мерапрыемства.

II. Місія назірання:

Маніторынг праводзіўся па ініцыятыве РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) з мэтай аб'ектыўнай ацэнкі характару сходу, а таксама фіксацыі магчымых парушэнняў правоў чалавека ў ходзе мерапрыемства.

Група назіральнікаў складалася з 15 чалавек, якія прысутнічалі на працягу ўсяго мерапрыемства. Назіральнікі запаўнялі ўніфікаваныя карты назірання, якія ляглі ў аснову дадзенай справаздачы.

II. Кантэкст сходу:

"Чарнобыльскі шлях" з'яўляецца традыцыйным штогадовым масавым мерапрыемствам і праводзіцца з 1988 года ў гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС - 26 красавіка 1986 г. У 2013 годзе арганізатарам мерапрыемства выступіў аргкамітэт, які ўключае прадстаўніка грамадскай арганізацыі «Экадом» Таццяну Новікаву, намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва , адказнага сакратара аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніса Садоўскага, прадстаўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзмітрыя Кавалгіна, старшыню БСДГ (Грамада) Анатоля Сідарэвіча.

Заяўленымі мэтамі сходу было прыцягненне ўвагі грамадства да праблемы наступстваў аварыі на ЧАЭС і пратэст супраць будаўніцтва АЭС у г. Астравец.

Дазвол Мінгарвыканкама на правядзенне мерапрыемства быў атрыманы 19 красавіка 2013г. Паводле атрыманай заяўнікамі копіі адказу № 3/1-3/377 ад 19 красавіка 2013 г., першапачатковая заяўка на правядзенне масавага мерапрыемства па патрабаванні Мінгарвыканкама была зменена:

1. Час пачатку мерапрыемства быў перанесены з 18.00 на 18.30 па прычыне высокай транспартнай загружанасці вуліц да пазначанага часу.
2. Улады, насуперак патрабаванням заяўнікаў, не выдзелілі паласу праезнай часткі для руху ўдзельнікаў (у месцах, дзе тратуары недастаткова шырокія для праходу вялікай колькасці людзей). Таксама пры перасячэнні калонай скрыжаванняў супрацоўнікі ДАІ не перакрывалі рух на вуліцах, якія перасякаліся, і не аказвалі дастатковага садзеяння ўдзельнікам мерапрыемства ў няспынным і бяспечным пераходзе скрыжаванняў.
3. Ускладанне кветак, якое завяршала мерапрыемства, з рухам ад плошчы Бангалор да памятнага знака "Ахвярам Чарнобыля" было дазволена без выкарыстання плакатаў і сімволікі. Агульная колькасць удзельнікаў гэтай частцы мерапрыемства было абмежавана 50 чалавекамі.
4. Кавалгін Дз.С. быў выключаны з ліку арганізатараў, паколькі ў 2013 годзе прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства.

IV. Ход сходу:

Перад пачаткам дэманстрацыі грамадзяне збіраліся на пляцоўцы каля кінатэатра "Кастрычнік". Як і было прадугледжана, у 19.00 арганізаваная калона дэманстрантаў рушыла па маршруце у бок ст.м. “Акадэмія Навук”, пасля чаго згарнула на вул. Сурганава. Па шляху ў парк Дружбы Народаў дэманстранты спыняліся на скрыжаваннях і пераходзілі вуліцу на зялёнае святло. Паколькі правы бок вуліцы Сурганава ў многіх месцах звужаўся да шырыні 3-4 м, гэта значна ўскладняла раўнамерны і бяспечны рух калоны. Таксама на працягу правага боку вуліцы Сурганава ад медыцынскага цэнтра “Нардзін” да плошчы Бангалор уздоўж вузкага тратуара былі раскладзеныя трубы і вяліся рамонтныя работы, што таксама прычыняла дэманстрантам значныя нязручнасці і патэнцыйна магло ўплываць на бяспеку руху калоны.

Падчас шэсця былі выкарыстаныя транспаранты і расцяжкі з наступным зместам: “Мірнаму атаму няма месца нават на сметніку”, “Кошт АЭС - нашы жыцці”, “Астровец = Чарнобыль”, “АЭС - цацка капіталу”, “Не асваенню чарнобыльскіх земляў!”, “Чарнобыльскі шлях”, “Мы супраць беларускай АЭС”, “Ты б яшчэ ў сябе пад ж*пай пабудаваў. Мама”, “Уладу народу - моладзі свабоду” і інш.

Супрацоўнікі міліцыі і ДАІ абмяжоўвалі магчымасць выхаду дэманстрантаў на праезную частку. На момант прыбыцця калоны на скрыжаванні вул. Сурганава і М. Багдановіча калона таксама арганізавана і без здарэнняў прайшла да месца правядзення мітынгу - цэнтральную сцэнічную пляцоўку парку Дружбы народаў.

Мітынг быў адкрыты хвілінай маўчання. Пасля чаго выступоўцы (В. Рымашэўскі, Г. Фядыніч, М. Хоміч, Р. Кастусёў, А. Янукевіч, А. Фінкевіч) выказаліся адносна сацыяльнага становішча ліквідатараў ЧАЭС, было зроблена паведамленне аб прэвентыўных затрыманнях экалагічных актывістаў. Была таксама агучаная рэзалюцыя, у якой утрымлівалася: выснова пра тое, што будаўніцтва АЭС нелегітымнае, патрабаванні спынення будаўніцтва АЭС і шырокай асветы насельніцтва аб праблемах наступстваў ЧАЭС, дэмакратызацыі Беларусі і вызвалення палітвязняў.
Пасля заканчэння мітынгу жадаючыя змаглі ускласці кветкі каля Чарнобыльскай капліцы.

Удзельнікі мерапрыемства неслі наступныя сцягі: бел-чырвона-белыя, бел-чырвона-белыя з выявай васілька - сімволіка партыі БХД, малюнак арла на аранжавым фоне – сімволіка арганізацыі "Маладая Беларусь", кампаніі "Гавары Праўду".

V. Умовы працы назіральнікаў:

1. Пры спробе назіральнікаў прайсці на аглядную пляцоўку кінатэатра "Кастрычнік" трое асоб у цывільным заступілі ім праход. На просьбу патлумачыць прычыну такіх дзеянняў быў атрыманы адказ, што праход забаронены, а яны з'яўляюцца супрацоўнікамі аховы кінатэатра.
2. Пасля таго, як адзін з назіральнікаў зняў відэа затрымання Ігара Трухановіча, назіральнік быў вымушаны пакінуць месца правядзення мітынгу з-за пераследу з боку меркавана супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у цывільным і пагрозы затрымання.
3. За выключэннем вышэйапісаных выпадкаў, супрацоўнікі органаў унутраных спраў не перашкаджалі працы назіральнікаў.

VI. Умовы працы СМІ:

Каля 18.30 двое супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у цывільным каля дома 42 па пр-це Незалежнасці справа ад кінатэатра “Кастрычнік” падышлі да фотажурналіста Ул.Грыдзіна і пасля кароткай размовы журналіст пакінуў дадзенае месца здымкі.

Праз 10 хвілін пасля здымак журналісткамі выдання "Наша Ніва" абставінаў збіцця і затрымання Ігара Трухановіча каля дома 78 па вул.Багдановіча, журналісткі Ірына Арахоўская і Аксана Рудовіч селі ў тралейбус № 40 па кірунку да Камароўскага рынку, за тралейбусам ехаў сіні мікрааўтобус Фальксваген Транспарцёр, рэгістрацыйны нумар 9423 IK-7. На скрыжаванні вуліц Куйбышава і Веры Харужай супрацоўнікі ў цывільным зайшлі ў тралейбус і загадалі журналісткам прайсці за імі. Аж да свайго вызвалення ў 21.30 журналісткі знаходзіліся ўнутры мікрааўтобуса. У мікрааўтобусе двое супрацоўнікаў у цывільным правяралі змест лічбавых назапашвальнікаў, відэакамер. Пасля чаго супрацоўнікі папрасілі прабачэння і дазволілі журналісткам сысці.

Паводле дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, пасля заканчэння масавага мерапрыемства былі затрыманыя журналісты "Радыё Рацыя" Генадзь Барбарыч і Аляксандр Ярашэвіч, прычыны і абставіны іх затрымання на момант падрыхтоўкі справаздачы невядомыя. Журналісты былі дастаўлены ў Савецкае РУУС г.Мінска, пасля дастаўленыя ў ІЧУ на Акрэсціна.

VII. Дзеянні міліцыі. Выкарыстанне сілы. Затрыманне.

1. У пераважнай колькасці выпадкаў назіральнікі адзначылі, што супрацоўнікаў МУС, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, было немагчыма ідэнтыфікаваць. Сярод супрацоўнікаў у форменнай вопратцы толькі прадстаўнікі ДАІ мелі бэйджы з асабістымі дадзенымі. Многія супрацоўнікі знаходзіліся на мерапрыемстве ў грамадзянскай форме адзення і маглі быць ідэнтыфікаваныя як такія толькі па наяўнасці ў іх спецыяльных сродкаў сувязі (рацыі, спецыяльныя навушнікі).

2. Падчас руху калоны дэманстрантаў па парку Дружбы народаў да цэнтральнай сцэнічнай пляцоўкі меркавана супрацоўнікамі МУС ў грамадзянскай вопратцы была здзейсненая спроба затрымання ўдзельніка мерапрыемства Ігара Трухановіча (само затрыманне адбылося на рагу дома 78 па вуліцы Багдановіча прыкладна ў 20:10). Пры затрыманні Ігар Трухановіч знаходзіўся на зямлі, яго ўтрымлівалі рукамі і нагамі два неідэнтыфікаваныя чалавекі ў грамадзянскай вопратцы, таксама на працягу 5-10 хвілін да яго ўжывалася непрапарцыйная сіла: людзі ў цывільным, уклаўшы дэманстранта на асфальт, прыціснулі яго каленам у спіну, б'ючы яго тварам аб асфальт. На крыкі аб дапамозе супрацоўнікі міліцыі не рэагавалі. На патрабаванні назіральніка прадставіцца, меркаваныя супрацоўнікі органаў унутраных спраў не адказвалі. Пасля гэтага Ігара гвалтоўна пасадзілі ў мікрааўтобус Volkswagen сіняга колеру без адметных знакаў (рэгістрацыйны нумар 9430 IK-7) і павезлі ў невядомым кірунку. Разам з Ігарам Трухановічам у мікрааўтобус пасадзілі жанчыну з ліку прысутных на мерапрыемстве, імя якой назіральнікам невядома.

3. Перад пачаткам мерапрыемства на некалькі гадзін былі прэвентыўна затрыманыя экалагічныя актывісты: кіраўнік грамадскай арганізацыі "Экадом" Ірына Сухій, Вольга Канавалава, Васіль Сінюхін, Канстанцін Кірыленка. Таксама адзін з заяўнікаў акцыі, Таццяна Новікава (ГА "Экадом") была заблакаваная супрацоўнікамі міліцыі ў кватэры - у выніку чаго яна не змагла прыняць удзел у мерапрыемстве.

IX. Рэкамендацыі:

Арганізатарам:

1. Прадастаўляць у публічны доступ копіі заяваў на правядзенне масавага мерапрыемства і адказы дзяржаўных органаў. Дадзеная мера дазволіць грамадзянам азнаёміцца з практыкай рэгулявання свабоды сходаў дзяржаўнымі органамі, а таксама падобнае паведамленне дасць магчымасць грамадзянам, якія не ўдзельнічаюць у сходзе, пазбегнуць магчымых нязручнасцяў.

2. Пры ўдзеле ў масавым мерапрыемстве абазначаць сябе добра адрознымі бэйджамі або апазнавальнымі знакамі з указаннем статусу "Арганізатар".

Дзяржаўным органам:

1. Пры руху калоны праз скрыжаванні супрацоўнікам дзяржаўнай аўтаінспекцыі прыпыняць рух транспарту на час, неабходны для праходу ўсёй калоны дэманстрантаў.

2. У адпаведнасці з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў", "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, лічым, што ўсе супрацоўнікі павінны ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі картамі (бэйджамі).

3. Пры выкананні сваіх абавязкаў супрацоўнікам органаў унутраных спраў карэктна ставіцца да назіральнікаў.

4. Арганізоўваць маршрут па вуліцах, якія маюць дастатковую шырыню для праходу дэманстрантаў.

5. Пры ажыццяўленні затрымання па якіх-небудзь прычынах удзельнікаў сходу ўжываць сілу ў адпаведнасці з неабходнасцю і дзеяннямі затрыманага. Выпадкі перавышэння сілы павінны стаць падставай як для дысцыплінарнай адказнасці, так і, ў пэўных выпадках, для распачынання крымінальных спраў у дачыненні да адказных асоб.

Следчаму камітэту:

1. Правесці праверку ў адпаведнасці з арт. 174 КПК Рэспублікі Беларусь па фактах затрымання неўстаноўленымі асобамі і збіцця пры затрыманні Ігара Трухановіча, даць прававую ацэнку і, ў выпадку ўстанаўлення прыкмет злачынства, узбудзіць крымінальную справу і правесці аб'ектыўнае расследаванне.

-----

Даведка. Рэгуляванне свабоды сходаў у Рэспубліцы Беларусь.
Рэгуляванне парадку правядзення масавых сходаў у Беларусі, замацаванае Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” ад 30 снежня 1997 года (у рэдакцыі ад 08.11.2011), супярэчыць міжнародным стандартам. Папраўкі ў Закон, прынятыя ў канцы 2011 года, па прызнанні экспертаў, істотна абмяжоўваюць свабоду сходаў. У сумесным заключэнні Венецыянскай камісіі і БДІПЧ/АБСЕ (CDL-AD (2012) 006) адзначана: “Закон аб масавых мерапрыемствах характарызуецца падрабязным празмерным рэгуляваннем працэдурных аспектаў правядзення сходаў. Закон стварае складаную працэдуру захавання жорсткай і працаёмкай працэдуры атрымання дазволу, у той жа час пакідаючы большую свабоду дзеянняў адміністрацыйным органам для прымянення Закона. Гэтая працэдура не адлюстроўвае пазітыўнае абавязацельства дзяржавы забяспечваць і заахвочваць ажыццяўленне права на свабоду мірных сходаў і на свабоду выказвання меркаванняў”.