Назіранне ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». У назіранні ўдзельнічаюць 29 доўгатэрміновых назіральнікаў у абласных цэнтрах і найбуйнейшых гарадах Беларусі.
АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ
- Выбарчыя камісіі з’яўляюцца адным з ключавых механізмаў выбарчага працэсу пры правядзенні мясцовых выбараў, ад працы якіх залежыць, ці будуць выбары мясцовых Саветаў адпавядаць стандартам свабодных і дэмакратычных выбараў.
- Як і падчас папярэдніх мясцовых выбараў, адной з сур’ёзных перашкодаў пры вылучэнні прадстаўнікоў у склад ТВК ад палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў з’яўляецца адпаведная норма ВК, якая прадугледжвае магчымасць вылучэння прэтэндэнтаў толькі ад арганізацыйных структур, зарэгістраваных або пастаўленых на ўлік на абласным, раённым і гарадскім узроўнях.
- Вылучэнне ў склад ТВК адбывалася ва ўмовах абмежаванай інфармаванасці выбаршчыкаў. Так, дадаткам № 3 да Пастановы Цэнтральнай камісіі № 39 “Аб інфармаванні грамадзян аб працы і падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання” ад 15.11.2017 г. не была прадугледжана неабходнасць інфармавання выбаршчыкаў аб часе і месцы правядзення пасяджэнняў органаў, якія фарміравалі гарадскія (у гарадах раённага падпарадкавання), пасялковыя і сельскія выбарчыя камісіі. Такім чынам, на сайтах выканкамаў адсутнічала інфармацыя пра час і месца ўтварэння 90% ТВК.
- Сур’ёзных перашкодаў у прыёме дакументаў аб вылучэнні ў склад ТВК з боку прадстаўнікоў органаў, якія фарміравалі ТВК, назіральнікамі кампаніі зафіксавана не было.
- Амаль усе прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” мелі магчымасць прысутнічаць на пасяджэннях органаў, якія ўтваралі ТВК. Гэта стала станоўчым вынікам урэгулявання дадзенай праблемы Пастановай Цэнтральнай камісіі № 36 ад 15.11.2017 г. Для параўнання: падчас мясцовых выбараў 2014 г. у 46% выпадкаў прадстаўнікоў кампаніі не дапускалі на пасяджэнні органаў, якія ўтваралі ТВК.
- Пасяджэнні органаў, якія ўтваралі ТВК, у асноўным праходзілі даволі фармальна, хаця ў большасці выпадкаў абмяркоўваліся асабістыя і дзелавыя якасці вылучаных прэтэндэнтаў. Двойчы прадстаўнікамі кампані былі адзначаныя выпадкі галасавання за ўжо загадзя складзеныя спісы сябраў ТВК.
- Прадстаўнікам кампаніі ў большасці выпадкаў было адмоўлена ў азнаямленні з матэрыяламі аб вылучэнні ў ТВК, а ў тых выпадках, калі гэта было дазволена зрабіць, азнаямленне ажыцяўлялася “з рук” прадстаўнікоў органаў, якія фарміравалі ТВК. Пры такіх абставінах было цяжка паўнавартасна ацаніць правільнасць афармлення дакументаў прадстаўнікоў, вылучаных у склад ТВК і зацверджаных у якасці сябраў гэтых камісій.
- Колькасць кандыдатаў, вылучаных у склад ТВК ад усіх зарэгістраваных у краіне палітычных партый, склала 161 чалавек (1,4% ад агульнай колькасці вылучаных), што прыкладна супадае з такой жа колькасцю вылучаных партыямі падчас папярэдніх мясцовых выбарах 2014 г. (1,29%). Гэтая сталая тэндэнцыя адлюстроўвае нізкую ролю палітычных партый у выбарчых працэсах краіны ў цэлым. Агулам у склад створаных ТВК увайшлі 125 прадстаўнікоў палітычных партый (1,2% ад усіх сябраў ТВК).
- Як і раней, асноўнымі суб’ектамі, якія вылучалі прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій, былі грамадскія аб’яднанні (4101 чалавек або 36,7% ад вылучаных і 37,9 % ад агульнай колькасці сябраў ТВК) і грамадзяне шляхам збору подпісаў (5732 чалавекі або 51,3% ад вылучаных і 50,3% ад агульнай колькасці сябраў ТВК). Пяць найбуйнешых праўладных грамадскіх аб’яднанняў (Белая Русь, БРСМ, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў і ФПБ) разам вылучылі 3780 чалавек (33,8% ад вылучаных). Вынікі пасяджэнняў органаў, якія утвараюць ТВК, паказываюць, что прадстаўнікі гэтых грамдскіх аб’яднанняў склалі 35% ад агульнай колькасці сябраў ТВК.
- Традыцыйна нізкай застаецца колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый у складзе ТВК. Чатыры апазіцыйныя партыі (БПС “Справядлівы свет”, БСДП (Грамада), АГП і ПБНФ) вылучылі 34 чалавекі (0,3% ад агульнай колькасці вылучаных). З іх толькі 7 былі ўключаны ў склад ТВК (0,067% ад агульнай колькасці сябраў ТВК). Такім чынам, у склад ТВК былі ўключаны толькі 20,6% ад вылучаных апазіцыйнымі партыямі. Да прыкладу, колькасць сябраў ТВК ад вылучаных пяццю праўладнымі грамадскімі арганізацымі склала 3780 чалавекі (97,3% ад вылучаных імі), а ад пяці праўладных палітычных партый (Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, КПБ, ЛДП, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды) – 92,9% ад вылучаных імі. Традыцыйна дыскрымінацыйныя падыходы органаў, якія фарміруюць выбарчыя камісіі, да вылучэнцаў ад апазіцыйных партый засталіся без зменаў.
- Асноўным крытэрам, які прымяняўся пры фарміраванні ТВК адпаведнымі органамі, быў папярэдні досвед працы ў выбарчых камісіях. Трэба адзначыць, што ўвядзенне Цэнтральнай камісіяй патрабаванняў па абмеркаванні дзелавых і асабістых якасцяў прэтэндэнтаў, вылучаных у склад выбарчых камісій, ніякім чынам не паспрыяла большаму палітычнаму плюралізму ў ТВК.
- Працэс фарміравання ТВК падчас сёлетніх выбараў прайшоў у атмасферы большай галоснасці, чым гэта было падчас папярэдніх мясцовых выбараў 2014 г., аднак у цэлым прымененыя практыкі і вынікі фарміравання ТВК не адрозніваліся ад папярэдніх выбарчых кампаній.