АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ
1. У параўнанні з выбарамі 2006 года, этап перадвыбарчай агітацыі характарызаваўся шэрагам пазітыўных новаўвядзенняў: трансляцыя выступаў кандыдатаў па тэлебачанні і на радыё ў прамым эфіры, правядзенне тэле- і радыёдэбатаў (таксама у прамым эфіры), і магчымасць стварэння кандыдатамі ўласных выбарчых фондаў для дадатковага фінансавання перадвыбарчай агітацыі. Акрамя таго, кандыдаты мелі магчымасць больш свабодна сустракацца з выбаршчыкамі і распаўсюджваць агітацыйныя матэрыялы, чым гэта было ў 2006 годзе.
2. Гэтыя новаўвядзенні і пазітыўныя змены, аднак, амаль не зменшылі істотную няроўнасць умоваў вядзення перадвыбарчай агітацыі паміж дзеючым Прэзідэнтам і астатнімі кандыдатамі. На карысць Аляксандра Лукашэнкі, як і ў 2006 годзе, працавалі:
• непрацяглы перыяд, адведзены дзеючым заканадаўствам на перадвыбарчую агітацыю;
• неабмежаваная магчымасць для А. Лукашэнкі карыстацца дзяржаўнымі СМІ – ў параўнанні з двума гадзінамі на радыё і тэлебачанні і магчымасцю апублікаваць тэкст аб’ёмам у 5 друкаваных старонак у цэнтральных газетах, гарантаванымі астатнім кандыдатам;
• мэтанакіраваная крытыка іншых кандыдатаў у дзяржаўных СМІ – у параўнанні з выключна кампліментарным асвятленнем асобы дзеючага Прэзідэнта і яго праграмы;
• адсутнасць магчымасці для усіх кандыдатаў, акрамя А. Лукашэнкі, карыстацца дзяржаўнымі СМІ на працягу двух тыдняў напярэдадні дня галасавання;
• абмежаванасць максімальнага аб’ёму фінансавых сродкаў, які той ці іншы кандыдат можа выкарыстаць у мэтах агітацыі (каля $60 000); сума з’яўляецца відавочна недастатковай для правядзення агітацыйнай кампаніі, супастаўнай па маштабе з кампаніяй у падтрымку дзеючага Прэзідэнта;
• складанасці з вырабам агітацыйнай прадукцыі (адмовы паліграфічных прадпрыемстваў ці затрымкі з друкам і адгрузкай замоўленых матэрыялаў) і яе распаўсюдам для астатніх кандыдатаў;
• перашкоды ў правядзенні сустрэчаў іншых кандыдатаў з выбаршчыкамі (такія, як адмовы ў прадастаўленні памяшканняў) – у параўнанні з прымусовым удзелам студэнтаў, рабочых і служачых у сустрэчах з даверанымі асобамі А. Лукашэнкі і шматлікімі выязнымі інфармацыйнымі брыгадамі ў складзе прадстаўнікоў мясцовых уладаў і кірауніцтва дзяржаўных прадпрыемстваў і устаноў.
I. ТЭРМІНЫ ПЕРАДВЫБАРЧАЙ АГІТАЦЫІ
На правядзенне перадвыбарчай агітацыі кандыдатамі ў Прэзідэнты адводзіўся адзін месяц – з 18 лістапада (дзень рэгістрацыі кандыдатаў) па 18 снежня ўключна.
Такая працягласць перадвыбарчай агітацыі сама па сабе не з’яўляецца істотным абмежаваннем магчымасці весці перадвыбарчую агітацыю. Аднак ва ўмовах абмежаванага доступу да дзяржаўных СМІ для ўсіх кандыдатаў, акрамя дзеючага Прэзідэнта, і абмежаванага фінансавання перадвыбарчай агітацыі (гл. ніжэй), месячны тэрмін перадвыбарчай агітацыі з’яўляецца відавочна недастатковым для атрымання выбаршчыкамі неабходнай інфармацыі пра кандыдатаў і іх праграмы.
Выступленні кандыдатаў на дзяржаўным тэлебачаніі і радыё, уключаючы іх удзел у тэле- і радыёдэбатах, скончыліся да 5 снежня. У выніку, на працягу 13 дзён да дня выбараў усе кандыдаты, за выключэннем Аляксандра Лукашэнкі, пазбаўленыя дзяржаўнага тэле- і радыёэфіру. Гэта ставіць іх у няроўныя ўмовы ў параўнанні з дзеючым Прэзідэнтам.
Трэба адзначыць, што апошнія 5 дзён агітацыі (14–18 снежня) супадаюць з днямі датэрміновага галасавання. Кампанія «Праваабаронцы за cвабодныя выбары» лічыць, што магчымасць правядзення агітацыі падчас галасавання з’яўляецца відавочнай хібай дзеючага выбарчага заканадаўства. У гэтыя 5 дзён дзеючы Прэзідэнт мае непараўнальна большыя магчымасці для вядзення прамой ці схаванай агітацыі на сваю карысць, а таксама агітацыі за ўдзел выбаршчыкаў у датэрміновым галасаванні, падчас якога адбываліся масавыя фальсіфікацыі на парламенцкіх выбарах 2008 года і прэзідэнцкіх выбарах 2006 года.
II. ФІНАНСАВАННЕ ПЕРАДВЫБАРЧАЙ АГІТАЦЫІ
Згодна з ВК, кожнаму кандыдату выдаткоўваюцца сродкі з дзяржаўнага бюджэта ў памеры 2 300 базавых велічынь (≈ $26 000) на выраб друкаваных агітацыйных матэрыялаў. Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» не адзначылі істотных праблемаў, звязаных з доступам кандыдатаў да гэтых сродкаў. Аднак штабы амаль усіх кандыдатаў паведамілі аб складанасцях вырабу агітацыйных матэрыялаў (адмовы паліграфічных прадпрыемстваў ці затрымкі з друкам і адгрузкай замоўленых матэрыялаў). У той жа самы час старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што кандыдаты «тыднямі не забіраюць вырабленую прадукцыю са складоў»[1].
Акрамя таго, згодна з арт. 48 ВК са зменамі і дапаўненнямі ад 4 снежня 2010 года, кандыдаты атрымалі права ствараць уласныя выбарчыя фонды для дадатковага фінансавання перадвыбарчай агітацыі. Такім чынам, у адрозненне ад выбараў 2001 і 2006 гадоў, палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні і грамадзяне атрымалі права пералічваць грашовыя сродкі ў фонды кандыдатаў. Кандыдаты таксама атрымалі магчымасць пералічваць у гэтыя фонды ўласныя грашовыя сродкі.
Сродкі з выбарчых фондаў могуць выкарыстоўвацца на аплату эфірнага часу і друкаваных плошчаў у СМІ, арэнду будынкаў і памяшканняў, абсталявання, транспартных выдаткаў, паслугаў сувязі, агітацыйных друкаваных матэрыялаў, кансультацыйных паслуг, канцылярскіх тавараў і іншых выдаткаў. Агульныя выдаткі з выбарчага фонда кандыдата не павінны перавышаць 3 000 базавых велічынь (≈ $34 000).
Згодна з дадзенымі ЦВК, 9 кандыдатаў (усе, акрамя Дзмітрыя Уса) адкрылі рахункі ў банках для ахвяраванняў у кандыдацкія выбарчыя фонды. Па стане на 7 снежня, грашовыя сродкі паступілі на рахункі 7 кандыдатаў; 3 кандыдаты часткова выдаткавалі іх[2]:
Такім чынам, магчымасць стварэння выбарчых фондаў амаль ніяк не паспрыяла павелічэнню аб’ёма фінансавых сродкаў, якія кандыдаты могуць выдаткоўваць у мэтах перадвыбарчай агітацыі. Аднак нават максімальны сумарны аб’ём сродкаў, якія той ці іншы кандыдат можа выкарыстаць у мэтах агітацыі – каля $60 000 – з’яўляецца відавочна недастатковым для арганізацыі агітацыйнай кампаніі, супастаўнай па маштабе з кампаніяй у падтрымку дзеючага Прэзідэнта.
III. АГІТАЦЫЯ У ЭЛЕКТРОННЫХ СРОДКАХ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ
Кожнаму кандыдату была прадастаўлена адна гадзіна (два выступленні па паўгадзіны) на тэлебачанні ў эфіры Першага каналу і адна гадзіна (два выступленні па паўгадзіны) ў эфіры Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё. Выступы адбываліся у перыяд з 22 лістапада па 3 снежня ў працоўныя дні: па радыё – з 6.10 па 7.10, па тэлебачанні – з 19.00 па 20.00. Згодна з рашэннем ЦВК, выступы адбываліся ў прамым эфіры, што з’яўляецца пазітыўнай зменай у параўнанні з выбарамі 2006 года, калі выступы трансляваліся ў запісы і былі цэнзураваныя.
9 снежня ЦВК разгледзела звароты кандыдатаў Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава аб прадастаўленні ім дадатковага бясплатнага эфірнага часу для выступленняў па тэлебачанні. ЦВК палічыў, што падстаў для гэтага няма, і просьбы кандыдатаў не былі задаволеныя[3]. Як растлумачыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, на запыт ЦВК аб магчымасці прадастаўлення дадатковага часу Белтэлерадыёкампанія адказала адмовай, рэкамендаваўшы кандыдатам звярнуцца ў іншыя СМІ і набыць там дадатковы эфірны час за кошт сродкаў выбарчых фондаў[4].
Новай у параўнанні з выбарамі 2006 года з’яўляецца магчымасць удзелу кандыдатаў і іх давераных асоб у тэле- і радыёдэбатах (працягласцю 1 гадзіна кожны) у прамым эфіры.
Тэледэбаты адбыліся 4 снежня (з 17.00 да 18.00) у эфіры Першага каналу Беларускага тэлебачання. У іх ўзялі ўдзел усе кандыдаты, за выключэннем Аляксандра Лукашэнкі. Белтэлерадыёкампанія адмовілася ўзяць на ролю вядучага кандыдатуру, прапанаваную ўдзельнікамі дэбатаў. Дэбаты вялі журналісты, вядомыя сваім удзелам у перадачах, скіраваных на дыскрэдытацыю апазіцыі. Змест некаторых рэплік вядучых быў накіраваны на выстаўленне асобных ўдзельнікаў дэбатаў у негатыўным святле.
Радыёдэбаты адбыліся 5 снежня (з 17.00 да 18.00) у прамым эфіры Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё. У адрозненне ад тэледэбатаў, вядучы радыёдэбатаў паводзіў сябе падкрэслена нейтральна.
Доступ усіх кандыдатаў, за выключэннем дзеючага Прэзідэнта, да дзяржаўных электроных СМІ быў абмежаваны выступамі і дэбатамі, узгаданымі вышэй. Для астатняга эфірнага часу, прысвечанага выбарам на дзяржаўных тэлебачанні і радыё, характэрнае «пазітыўнае пазіцыянаванне дзеючага Прэзідэнта, яго выразна дамінантнае становішча… і маргіналізацыя ўсіх астатніх прэтэндэнтаў»[5]. У прыватнасці, падчас сваіх выступленняў на Усебеларускім народным сходзе (6–7 снежня), якія доўжыліся некалькі гадзінаў і шырока трансляваліся нацыянальнымі тэле- і радыёканаламі як у прамым эфіры, так у запісе, А. Лукашэнка падрабязна выклаў сваю перадвыбарчую праграму.
Такая няроўнасць умоваў вядзення перадвыбарчай агітацыі не выклікала заклапочанасці Назіральнага савету па кантролі захавання парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі ў СМІ. Савет не уключае ў сябе ніводнага незалежнага эксперта, і падчас гэтых выбараў яшчэ ні разу не быў скліканы.
VI. АГІТАЦЫЯ Ў ДРУКАВАНЫХ СМІ І ПРАЗ ІНШЫХ ДРУКАВАНЫЯ МАТЭРЫЯЛЫ
Дзяржаўныя СМІ абавязаныя забяспечыць роўныя магчымасці ўсім кандыдатам. Кандыдаты мелі права бясплатна размясціць свае перадвыбарчыя праграмы аб’ёмам не больш за пяць машынапісных старонак у агульнадзяржаўных газетах «Звязда», «Советская Белоруссия», «Народная газета», «Рэспубліка», сталічнай газеце «Минский курьер», абласных газетах «Заря» (Брэст), «Гомельская праўда», «Мінская праўда», «Могилевская правда», «Гродзенская праўда» і «Віцебскі рабочы».
Кандыдаты Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі і Дмітрый Ус сутыкнуліся з нежаданнем рэдакцый газет друкаваць праграмы ў прадастаўленым выглядзе. Напрыклад, у праграме Р. Кастусёва словы «лукашызм» і «лукашэнкаўскі рэжым» былі замененыя на «адзінаасобны» і «аўтарытарны» рэжымы. У праграме Дз. Уса выклікала пытанне параўнанне сённяшняй выбарчай сістэмы Беларусі з выбарчай сістэмай Германіі 1930-х гадоў.
Старшыня ЦВК Л. Ярмошына пракаментавала гэтую сітуацыю наступным чынам: «Рэдакцыі так паступаюць толькі тады, калі ў іх [праграмах кандыдатаў – «Праваабаронцы за свабодныя выбары»] утрымліваюцца відавочныя парушэнні закона аб СМІ і выбарчага заканадаўства. Напрыклад, адзін з кандыдатаў пастаянна спрабаваў заклікаць выбаршчыкаў на несанкцыянаваны мітынг. На просьбы рэдакцый СМІ выключыць з сваёй праграмы такія заклікі ён адказаў адмовай. Самі рэдакцыі па законе не могуць уносіць папраўкі ў перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў»[6].
Перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў падаваліся ў адных і тых жа газетах па-рознаму. Праграма А. Лукашэнкі заўсёды друкавалася раней, пры гэтым у нумары не друкаваліся праграмы іншых кандыдатаў. Як правіла, праграма Лукашэнкі друкавалася на першай старонцы на цэлую паласу і суправаджалася вялікімі фотапартрэтамі кандыдата. Праграмы іншых кандыдатаў, як правіла, размяшчаліся на ўнутраных старонках, часта ў канцы нумара.
Пра няроўнасць умоў сведчыць таксама і той факт, што ў раённых газетах праграмы кандыдатаў не друкаваліся. Заканадаўства не абавязвае раённыя газеты рабіць гэта. Аднак амаль у кожнай з іх быў надрукаваны артыкул «Беларусь должна быть по настоящему сильной!», які фактычна з’яўляецца пераказам праграмы А. Лукашэнкі.
Рэдакцыйную палітыку дзяржаўных газет у дачыненні да ўсіх кандыдатаў, акрамя А. Лукашэнкі, красамоўна ілюструюць загалоўкі артыкулаў: «Фальшивые люди», («Маяк», газета Бярозаўскага райвыканкама Брэсцкай вобл.), «Почему в армии не служил, кандидат?» («Віцебскі рабочы»), «Беда, коль пироги начнет печи сапожник…» («Адзінства», газета Барысаўскага райвыканкама Мінскай вобл.), «Тренируйся... на кошках!» («Гомельская праўда»).
Загалоўкі і змест матэрыялаў у падтрымку А. Лукашэнкі маюць супрацьлеглую танальнасць: «Все для людей и во имя людей» («Ашмянскі веснік», газета Ашмянскага райвыканкама Гродзенскай вобл.), «На выборы надо идти с добром и народу предлагать добро» («Адзінства»), «Осознанный выбор» («Гомельские ведомости», газета Гомельскага гарвыканкама), «Выбираем того, кого хорошо знаем» («Гомельская праўда»). Апытанні выбаршчыкаў, прыведзеныя дзяржаўнымі газетамі, утрымліваюць выключна пазітыўную ацэнку А. Лукашэнкі і крытыку ўсіх астатніх кандыдатаў.
Штабы кандыдатаў паведамляюць аб выпадках супрацьдезяння размяшчэнню агітацыйных плакатаў з боку ўладаў і адміністрацый прадпрыемстваў і ўстаноў. Напрыклад, у Салігорску (Мінская вобл.), у краме «Юбілейная» па вул. Леніна валанцёру штаба У. Някляева не дазволілі размясціць агітацыйны плакат кандыдата, а у сталовай па вул. Заслонава такую ж адмову патлумачылі так: «Мы будзем галасаваць за Лукашэнку, таму ваш плакат не будзем вешаць». Адзначаны выпадкі зрывання матэрыялаў – А. Саннікава ў Магілёве, Р. Кастусёва – ў Бярозе (Брэсцкая вобл.) і Краснаполлі (Магілёўская вобл.), В. Рымашэўскага ў Мастах і Слоніме (Гродзенская вобл.) і ў шмат якіх іншых месцах. У Слуцку (Мінская вобл.) давераная асоба А. Саннікава Уладзімір Лемеш 9 снежня каля ўніверсама №32 па вул. Багдановіча сутыкнуўся з маладымі людзьмі, якія заклейвалі плакаты А. Саннікава вялікімі рэкламнымі плакатамі «па загаду начальства».
V. СУСТРЭЧЫ З ВЫБАРШЧЫКАМІ І ІНШЫЯ МАСАВЫЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ
Месцы для сустрэч кандыдатаў і іх давераных асоб з выбаршчыкамі, а таксама іншых перадвыбарчых масавых мерапрыемстваў былі вызначананы выканкамамі ў тэрміны, устаноўленыя выбарчым заканадаўствам і ЦВК. У абсалютнай большасці рэгіёнаў, за выключэннем Мінска, былі вызначаны нязручныя (аддаленыя, нядобраўпрарадкаваныя) ці невялікія памяшканні і месцы. Частка гэтых рашэнняў была пазней перагледжана, а колькасць месцаў – павялічана.
Сустрэчы кандыдатаў і іх давераных асобаў з выбаршчыкамі адбываліся без істотных перашкодаў. Аднак некаторыя ўстановы адмаўлялі ў прадастаўленні памяшканняў для сустрэч некаторых кандыдатаў з выбаршчыкамі. Напрыклад, Яраславу Раманчуку было адмоўлена ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, Беларускім гандлёва-эканімачным універсітэце спажывецкай кааперацыі (Гомель) і Міжнародным інстытуце працоўных і сацыяльных адносінаў. У. Някляеву – у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце. 30 лістапада ЦВК вынесла папярэджанні кандыдатам В. Рымашэўскаму і М. Статкевічу за парушэнне выбарчага заканадаўства пры правядзенні перадвыбарчай акцыі 24 лістапада на Кастрычніцкай плошчы г. Мінска.
Агітацыя ў падтрымку А. Лукашэнкі ажыццяўляецца выязнымі інфармацыйнымі брыгадамі, якія складаюцца з прадстаўнікоў выканкамаў, кіраўнікоў устаноў і арганізацый. Яны праводзяць сходы ў калектывах і арганізоўваюць сустрэчы з даверанымі асобамі А. Лукашэнкі. Звычайна такія сустрэчы адбываюцца ў працоўны час. Выбаршчыкаў збіраюць прымусова. Напрыклад, у г. Шклове (Магілёўская вобл.) напярэдадні 1 снежня, калі была запланавана сустрэча даверанай асобы А. Лукашэнкі, рэктара Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта харчавання Вячаслава Шаршунова, з выбаршчыкамі, арганізацыі і прадпрыемствы Шклова атрымалі разнарадку, колькі людзей яны павінны накіраваць на гэтую сустрэчу.
Разам з тым, адміністрацыі прадпрыемстваў і ўстаноў запалохваюць падначаленых з мэтай, каб тыя не ўдзельнічалі ў сустрэчах з іншымі кандыдатамі і іх даверанымі асобамі. Напрыклад, паводле даверанай асобы У. Някляева Пятра Мігурскага, у Шклове напярэдадні сустрэчы У. Някляева з выбаршчыкамі, якая адбылася 1 снежня, кіраўніцтва некаторых прадпрыемстваў горада пад пагрозай звальнення забараніла сваім работнікам удзельнічаць у сустрэчы з кандыдатам.
____________________________________________________________________________
Мэтай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з’яўляецца назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне пра нашыя высновы беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці. Кампанія з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай. Інфармацыю пра кампанію можна знайсці на сайтах Праваабарончага цэнтра «Вясна» (http://spring96.org) і Беларускага Хельсінкскага камітэта (http://www.belhelcom.org).
[1] БелТА. 30 ноября 2010 года.
[2] http://www.rec.gov.by/pdf/prb2010/inf2.pdf
[3] www.rec.gov.by
[4] www.belta.by
[5]Асвятленне прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. у беларускіх СМІ. Бюлетэнь / ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», http://baj.by
[6] БелТА. 30 ноября 2010 года.