5 жніўня пачынаецца 113-я сесія Камітэта па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі, на якой будзе разгледжаны даклад беларускіх уладаў аб выкананні імі абавязальніцтваў у рамках Міжнароднай канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі. Беларусь будзе даваць справаздачу 15 і 16 жніўня. Трансляцыя паседжання будзе даступная тут.
Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Human Constanta у супрацоўніцтве з Беларускім ПЭНам і Lawtrend прааналізавалі сітуацыю з расавай дыскрымінацыяй і накіравалі Камітэту альтэрнатыўны даклад, які закранае ў тым ліку праблемы, што ўзніклі ў выніку палітыкі ўладаў пасля 2020 г. (апошнія каментары і рэкамендацыі Камітэта былі атрыманыя ў папярэднім справаздачным цыкле, у 2017г.).
Альтэрнатыўны даклад дазваляе Камітэту, прадстаўнікам дзяржавы і іншым зацікаўленым актарам азнаёміцца з праблемамі, якія дзяржава ў сваім дакладзе не згадвае, убачыць сітуацыю ў тым ліку з пункту гледжання ўразлівых груп, не прадстаўленых у афіцыйнай пазіцыі, а таксама прапануе рэкамендацыі для паляпшэння сітуацыі.
Дынаміка праблемных пытанняў
Мы не ставілі задачу раскрыць, як Беларусь выконвае ўсе свае абавязальніцтвы па Канвенцыі. Замест гэтага мы засяродзіліся на пытаннях, якія Камітэт адзначаў у якасці праблемных яшчэ ў 2017 г. і якія, на жаль, не страцілі сваёй актуальнасці. Акрамя таго, мы распавялі, як дзеянні ўладаў пасля 2020 г. паўплывалі на сітуацыю з расавай дыскрымінацыяй (да якой у тым ліку адносіцца дыскрымінацыя па нацыянальнай/этнічнай прыкмеце).
Большая частка рэкамендацый самога Камітэта, грамадзянскай супольнасці, а таксама рэкамендацый у рамках Універсальнага перыядычнага агляду адносна барацьбы з дыскрымінацыяй засталася нявыкананай.
Між іншага:
-
у краіне па-ранейшаму адсутнічае комплексны антыдыскрымінацыйны закон і эфектыўныя сродкі прававой абароны для людзей, якія сутыкнуліся з актамі дыскрымінацыі; суддзі не гатовыя разглядаць дыскрымінацыйныя справы і, у прыватнасці, працаваць з Канвенцыяй (нягледзячы на адваротныя сцверджанні дзяржавы);
-
не спыняецца дыскрымінацыя ромскага насельніцтва краіны — у тым ліку праз практыкі этнічнага прафілявання, масавую неабгрунтаваную адмову ў доступе да асобных медыцынскіх паслуг;
-
акты расавай дыскрымінацыі і выкарыстанне мовы варожасці з боку дзяржавы / пры папушчальніцтве дзяржавы не толькі не спыніліся, але і выйшлі на новы ўзровень.
Пасля 2020 году
Мы ўжо пісалі пра тое, што агульная сітуацыя з роўнасцю і недыскрымінацыяй у краіне ўвесь час пагаршаецца. Пасля 2020 году дыскрымінацыйныя практыкі паступова становяцца часткай сістэмнай палітыкі па выдзяленні груп, з якімі дзяржава абыходзіцца інакш. Да іх адносяцца і асобныя нацыянальныя меншасці, у першую чаргу - прадстаўнікі дзяржаваў, якім у ідэалогіі дзейнага рэжыму адведзенае месца "знешняга ворага" - палякі, літоўцы, украінцы.
Пасля 2020 году:
-
у рамках агульнай зачысткі грамадзянскай супольнасці ліквідуюць і арганізацыі, якія займаюцца захаваннем і развіццём нацыянальных культур і традыцый;
-
здзяйсняецца пераслед актывістаў згаданых нацыянальных меншасцяў;
-
адбыўся рэгрэс у галіне абароны моваў нацыянальных меншасцяў: паводле ацэнак нацыянальных экспертаў і экспертаў Савета Еўропы, у 2017 г. Беларусь ужо была гатовая далучыцца да Еўрапейскай хартыі рэгіянальных моваў i моваў меншасцяў. З 2023 г. заканадаўства больш не прадугледжвае магчымасці стварэння ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх дзеці маглі б вучыцца на мове сваёй нацыянальнай меншасці, адзіны магчымы фармат - стварэнне асобных груп і класаў у такіх установах. Больш за тое, закрываюцца польскія і літоўскія школы, здзяйсняецца ціск на арганізацыі, якія прадстаўляюць паслугі па вывучэнні нямецкай, польскай моваў;
-
пастаянна пагаршаецца сітуацыя з правам на ўдзел у культурным жыцці (цяпер умовы для яго рэалізацыі фактычна адсутнічаюць: ацэнка за 2023 г. — 1/10, у цэлым за 5 гадоў сітуацыя пагоршылася на 4.4 пункта), што ў значнай ступені адбіваецца на нацыянальных меншасцях: апроч звужэння магчымасцяў для навучання на сваёй мове, яны сутыкаюцца з дыскрымінацыйнай культурнай палітыкай (цэнзурай, прызнаннем кніг, СМІ і іншай інфармацыйнай прадукцыі "экстрэмісцкімі", знішчэннем гісторыка-культурнай спадчыны ў рамках захавання "правільнай" з пункту гледжання дзяржавы гістарычнай памяці, распаўсюджваннем варожых да іх наратываў у СМІ і ў адукацыйных матэрыялах, і г.д.);
-
з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну асобнаму пераследу падвяргаюцца ўкраінцы: на іх распаўсюдзіліся практыкі прафілявання і павышанай увагі з боку кампетэнтных органаў, украінская культура фактычна знаходзіцца пад забаронай і прыраўноўваецца да выказвання нязгоды з афіцыйным курсам дзяржавы па падтрымцы дзеянняў Расійскай Федэрацыі;
-
створана экасістэма «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства, якая дазваляе дзяржаве душыць цэлы комплекс правоў і свабод іншадумцаў (ці тых, каго ўлады адносяць да іх) пад выглядам барацьбы з «экстрэмізмам».