Папярэджанне

  • The service having id "twitter" is missing, reactivate its module or save again the list of services.
  • The service having id "facebook" is missing, reactivate its module or save again the list of services.
  • The service having id "odnoklassniki" is missing, reactivate its module or save again the list of services.
  • The service having id "_ru_vkontakte" is missing, reactivate its module or save again the list of services.

Беларускія ўлады прызналі БХК «экстрэмісцкім фармаваннем»

6.04.2026

Каротка:
Любое ўзаемадзеянне з арганізацыяй (у тым ліку сацыяльныя сеткі, звароты па дапамогу, удзел у адукацыйных мерапрыемствах) можа быць прызнана парушэннем. Існуе рызыка крымінальнай адказнасці. Заканадаўства прымяняецца шырока і дапускае адвольнае тлумачэнне. Калі вы ўзаемадзейнічалі з БХК — паклапаціцеся пра сваю бяспеку.

 

Што адбылося?

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь прызнаў «Беларускі Хельсінкскі камітэт» «экстрэмісцкім фармаваннем» (рашэнне № 4/41-72 ад 31.03.2026).

У якасці звязаных рэсурсаў пазначаны:
https://belhelcom.org
https://youarenotwrong.webflow.io
https://t.me/:/belhelcom
https://www.facebook.com/belhelcom
https://www.instagram.com/belhelcom_org
[email protected]
[email protected]

 

Што рабіць?

У сувязі з гэтым рашэннем мы заклікаем карыстальнікаў нашых рэсурсаў, людзей, якія звярталіся да нас па дапамогу, удзельнікаў адукацыйных мерапрыемстваў і партнёраў прыняць меры для ўласнай бяспекі.

Практычныя рэкамендацыі па зніжэнні рызык даступныя ў праваабарончых арганізацый (якія таксама прызнаныя т.зв. «экстрэмісцкімі фармаваннямі»):
Human Constanta
Беларуская асацыяцыя журналістаў

 

Пра БХК

БХК працуе для Беларусі і яе людзей больш за 30 гадоў. За час сваёй дзейнасці БХК неаднаразова спрыяў рэальным зменам у краіне. Ніжэй — некаторыя прыклады, якія могуць быць названыя публічна.

Права сведкі на адваката

У 2018 годзе ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе Беларусі было замацавана права сведкі на адваката. Раней гэтае права існавала толькі ў Канстытуцыі і часта ігнаравалася на практыцы. Падставай для змяненняў стала рашэнне Канстытуцыйнага суда, прынятае пасля звароту БХК у 2015 годзе.

Паляпшэнне пенсійнага забеспячэння ўразлівых груп

Мы шмат працавалі з так званай «пенсійнай пасткай» або пасткай страхавога стажу. У 2017 годзе, у тым ліку дзякуючы нашай дзейнасці, было змякчана становішча некаторых уразлівых груп.

Правы чалавека — для ўсіх

Аналізуючы праблему «пенсійнай пасткі», БХК адным з першых звярнуў увагу, што ў яе трапляюць не толькі ўразлівыя сацыяльныя групы, але і прадстаўнікі сілавых ведамстваў.

Мы падкрэслівалі, што правы чалавека ўніверсальныя і не дзеляцца паводле прафесіі або поглядаў. Абарона чалавечай годнасці — гэта прынцып, які павінен дзейнічаць для кожнай і кожнага.

Магчымасць альтэрнатыўнай грамадзянскай службы

У 2016 годзе ў Беларусі з’явілася, хай і ў абмежаваным выглядзе, магчымасць альтэрнатыўнай службы для тых, хто паводле сваіх перакананняў не хоча служыць са зброяй у руках. Сярод іншага, у аснове гэтых змяненняў было рашэнне Канстытуцыйнага суда, прынятае пасля звароту БХК яшчэ ў 2000 годзе.

Прыняцце першага Нацыянальнага плана па правах чалавека

Шмат у чым дзякуючы намаганням БХК стала магчымым прыняцце першага ў Беларусі Нацыянальнага плана па правах чалавека (2016–2019). Гэта быў першы выпадак, калі дзяржава публічна ўзяла на сябе комплексныя абавязацельствы ў гэтай сферы.

У 2023–2025 гадах мы:

  • Падрыхтавалі больш за 30 дакладаў і паведамленняў у міжнародныя механізмы (самастойна або ў кааліцыі з партнёрамі), ахапіўшы асноўныя механізмы ААН: UPR, SDGs, CEDAW, CERD.
  • Уцягнулі ў працу з міжнароднымі механізмамі 7 новых беларускіх ініцыятыў.
  • Пракалансультавалі 42 беларускія ініцыятывы па пытаннях падыходу, заснаванага на правах чалавека (human rights based approach), і працы міжнародных механізмаў па правах чалавека.
  • Далі больш за 500 індывідуальных кансультацый грамадзянам.
  • Наша аналітыка публікуецца ў такіх выданнях, як Cambridge University Press, на яе спасылаецца УВКПЧ ААН. У 2024 годзе Індэкс правоў чалавека быў адзначаны ў Гадавым дакладзе Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека як важны інструмент ацэнкі адпаведнасці нацыянальных законаў, палітык і практык міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.

Мы лічым гэтае рашэнне палітычна матываваным і накіраваным на тое, каб перашкодзіць нам абараняць правы чалавека ў Беларусі.