КС выказаўся пра неабходнасць правак у КПК. Дзеянні пракуратуры па справах па наноў адкрыўшыхся абставінах можна будзе абскардзіць у судзе

5.06.2019

Такое рашэнне прыняў Канстытуцыйны суд пасля звароту грамадзяніна А.Хвосціка, якому паперы ў суд дапамог падрыхтаваць Беларускі Хельсінкскі Камітэт.

Зараз КПК, які рэгламентуе парадак вытворчасці па крымінальных справах па наноў адкрыўшыхся абставінах, не прадугледжвае магчымасць абскарджання ў судовым парадку пастановы пракурора аб спыненні такой вытворчасці. Такім чынам, у людзей няма магчымасці рэалізаваць сваё права на абарону ў судзе.

Перш, чым прыняць рашэнне, Канстытуцыйны суд запытаў меркаванне Вярхоўнага Суда, Генеральнай пракуратуры, Следчага камітэта, Міністэрства юстыцыі, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў. Амаль усе выказаліся за пашырэнне права грамадзян на судовую абарону, акрамя Мінюста і Вярхоўнага суда.

Міністэрства лічыць, што ў праўках няма неабходнасці, бо грамадзянін і цяпер можа звярнуцца ў суд наўпрост на падставе Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў — і суды павінны такія справы разглядаць.

А вось Вярхоўны суд адстойвае пазіцыю, што разгляд такіх скаргаў - выключная кампетэнцыя пракуратуры, а сама норма, калі пастанову пракурора аб спыненні узбуджанай ім вытворчасці па наноў адкрыўшыхся абставінах можна абскардзіць толькі вышэйстаячаму пракурору, апраўданая і адпавядае прынцыпам крымінальнага працэсу. Пры гэтым (зыходзячы з тэксту рашэння КС) Вярхоўны суд не абгрунтоўвае, якім чынам такі падыход адпавядае прынцыпам крымінальнага працэсу.

Такім чынам, рашэнне КС ёсць. Але прыняцце правак патрабуе часу. Як сябе ў гэтай сітуацыі павядуць суды — пакажа практыка.

Нагадаем, што грамадзяне не могуць звяртацца наўпрост у Канстытуцыйны суд. За выключэннем зваротаў, у якіх ставяцца праблемы наяўнасці ў нарматыўных прававых актах калізій, прабелаў і прававой недакладнасці. Мы падрыхтавалі практычны дапаможнік, які дапамагае разабрацца ў нюансах працэдуры.

Раней менавіта ў межах гэтай працэдуры пасля звароту Беларускага Хельсінкскага Камітэта ў Канстытуцыйны суд у КПК замацавалі права сведкі мець адваката.

 

Мы выкарыстоўваем cookies, каб палепшыць ваш карыстальніцкі вопыт. Гэта функцыянальныя, аналітычныя і іншыя cookies. Больш інфармацыі тут.

This website uses cookies to give visitors the best possible experience. This includes functionality, analysis and other cookies, more about this here.